Барысаўская вакалістка лічыць, што 1000 рублёў — добры заробак для маладога спецыяліста. З ёй многія не пагадзіліся
Вакалістка Барысаўскага палаца культуры Алена Астроўская заявіла ў тыктоку пра тое, што 1000 рублёў — гэта добры заробак для маладога спецыяліста, заўважыла Ex-press.live.

«Працадаўца не можа даць добры заробак авансам», — сцвярджае Алена Астроўская. Яна ўзгадала, што ў яе, маладой медсястры ў СССР, заробак быў 72 рублі.
«Вы думаеце, гэта было шмат? Вы думаеце, мы круцілі носам і лічылі, што мы не вартыя такой зарплаты? Не. Мы ішлі і працавалі. Мы разумелі, што ўсё прыйдзе пазней», — сцвярджае яна.
У каментарах меркаванні падзяліліся. Частка карыстальнікаў пагадзілася з тым, што добры заробак трэба зарабіць. Аднак былі і пярэчанні.
«Мая дачка, малады спецыяліст, здымае жыллё за 800 рублёў. шмат ёй застанецца з 1000 рублёў?» — пытаецца жанчына.
«Я прашу прабачэння, а як доўга ўсе ўсё будуць параўноўваць з СССР? Давайце з XVIII стагоддзем будзем параўноўваць, калі прыгоннае права яшчэ было ў сіле», — задаецца пытаннем дзяўчына.
«Брыдка вас слухаць. З такімі цэнамі 1000 рублёў — гэта надгаладзь. А як заводзіць сям'ю. А колькі каштавалі хлеб, бутэлька малака тады і цяпер! Што вы несяце. Гэта зусім чужы свет… і на нашу зямлю», — піша карыстальнік.
«Давайце тады льготы маладым спецыялістам на жыллё, прадукты, праезд. А то цэны для ўсіх аднолькавыя, а заробак у маладога спецыяліста 1000 рублёў», — дадае яшчэ адзін карыстальнік.
Каментары