«Завод па перапрацоўцы глею». У справе будаўніцтва каналізацыйнага прыёмніка пад Жодзінам новы паварот
Днямі стала вядома, што недалёка ад Жодзіна пачалі будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка для каналізацыйных адкідаў з Мінска, што выклікала абурэнне ў мясцовых жыхароў. Улады спрабуюць перашкодзіць людзям арганізавацца, і ў гэтай справе з'явіўся новы нечаканы паварот, піша Ex-press.live.

У Жодзіне і суседніх населеных пунктах сталі збіраць подпісы супраць будаўніцтва. Людзі аб'ядналіся ў тэлеграм-чаце, дзяліліся інфармацыяй, шукалі аднадумцаў саюзнікаў. Але неўзабаве пачаліся дзівосы.
Па словах чытачоў Ex-press.by, тэлеграм-чат раптоўна знік. Яго пераўтварылі ў канал і забаранілі пісаць у ім паведамленні, а ўся раней апублікаваная інфармацыя і спасылкі былі выдаленыя.
Адзін з удзельнікаў паведаміў: «Чат ператвораны ў супергрупу, а цяпер ён увогуле стаў каналам. Там больш нельга пісаць, толькі чытаць».
У канале з'явіўся запіс, у якім тлумачылася, што «маўчанне супольнасці накіраванае на стабілізацыю напружання», а збор подпісаў нібыта працягваецца, але цяпер усё вырашаецца «праз выбудоўванне дыялогу з вышэйстаячымі інстанцыямі». Але людзям паабяцалі, што яны яшчэ змогуць выказацца.
А пасля канал раптам змяніў назву. Цяпер ён называецца: «Завод па перапрацоўцы глею выратуе нашу краіну ад гэтых будоўляў! На бібліятэку мы сабралі і на завод зможам таксама!»
Удзельнікі чата збянтэжаныя: ці не стане гэта новым спосабам замены грамадскай актыўнасці на лаяльную ініцыятыву ў падтрымку сумніўнага праекта?
Старшыня мясцовага савета дэпутатаў Марына Клюева паабяцала, што мясцовыя ўлады збяруць сход, запросяць афіцыйных асоб, у кампетэнцыі якіх будаўніцтва гэтага аб'екта. Там мясцовыя жыхары нібыта змогуць задаць усе пытанні і атрымаць адказы.
У жодзінскай міліцыі паведамілі, што, забіраючы ў людзей падпісныя лісты, нібыта дзейнічалі паводле закону. Бланкі з подпісамі, аказваецца, канфіскаваныя для праверкі.
«Праверкі законнасці тых асоб, якія збіралі подпісы, — адказалі ў дзяжурнай частцы «занепакоенаму мясцоваму жыхару». — Пасля правядзення праверкі, калі ўсё будзе законна — іх вернуць».
Раней стала вядома, што ў Смалявіцкім раёне, непадалёк ад Жодзіна, паскоранымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка №19. Гэта аб'ект, куды плануецца штодня вывозіць адкіды з мінскіх ачышчальных каналізацыйных збудаванняў. Гэта тэхнічны аб'ект, ад якога, па словах мясцовых жыхароў, будзе невыносна смярдзець.
Гараджане стварылі тэлеграм-чат і пачалі збіраць подпісы супраць будаўніцтва. Людзі прыходзілі ў крамы, ставілі подпісы, абмяркоўвалі, як яшчэ можна паўплываць.
Але як толькі пайшоў збор подпісаў, у працэс умяшаліся сілавікі.
Пайшлі загады зверху па крамах: спыніць збор подпісаў. На Стадзедаўскі рынак у Жодзіне прыехала міліцыя і канфіскавала ўсе бланкі. Тэлеграм-чат, дзе вялося абмеркаванне і да якога паспелі далучыцца больш чым 1500 чалавек, быў закрыты, а паведамленні ў ім — выдаленыя.
Аб'ект з назвай «Сажалка-19» раней хацелі пабудаваць у Пухавічах і ў Маладзечне. Там мясцовыя жыхары ўрэшце змаглі адстаяць сваё права дыхаць чыстым паветрам.
Каментары