«Жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці». У Аўстраліі з верталёта расстралялі да 700 каал
У адным з нацыянальных паркаў Аўстраліі на загад урада застрэлілі каля 700 каал. Такім чынам улады спрабавалі спыніць пакуты жывёл, якія атрымалі апёкі і раненні ў выніку лясных пажараў. Але замест удзячнасці ўрад сутыкнуўся з крытыкай зоаабаронцаў, паведамляе The Independent.

Аперацыя па адстрэле каал стартавала ў пачатку красавіка ў Нацыянальным парку Будж-Бім у штаце Вікторыя. Жывёл расстрэльвалі снайперы з верталётаў.
Улады патлумачылі, што такое рашэнне было вымушаным. Пасля лясных пажараў частка папуляцыі каал у нацпарку істотна пацярпела: жывёлы былі знясіленыя, абязводжаныя, а таксама мелі траўмы.
Рашэнне, аднак, абурыла абаронцаў дзікай прыроды. Зоаабаронцы адзначаюць, што з вышыні 30 метраў, на якой лёталі верталёты, немагчыма вызначыць стан здароўя каалы. Праз гэта пад агонь маглі трапіць і здаровыя асобіны.
«Гэта першы падобны выпадак у Аўстраліі, які стварае непрыемны этычны прэцэдэнт», — гаворыцца ў публікацыі арганізацыі абароны правоў жывёл Friends of the Earth Melbourne.
Зоаабаронцы заклікаюць урад разгледзець іншыя спосабы дзеянняў у такіх выпадках, а таксама перастаць высякаць эўкаліптавыя дрэвы, на якіх жывуць каалы.
«Прызнанне гэтых забойстваў нармалізуе жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці», — гаворыцца ў заяве яшчэ адной арганізацыі Koala Alliance.
Усяго ў трох штатах Аўстраліі каалы пералічаныя як віды, якія знікаюць. Перш за ўсё гэта звязана з памяншэннем плошчаў эўкаліптавых лясоў. Іх становіцца менш з-за лесанарыхтовак, пашырэння плантацый і лясных пажараў.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары