Студыя з мінскімі каранямі выпусціла відэагульню пра Галівуд. У яе можна гуляць па-беларуску
Студыя Weappy прадставіла гульню пад назвай Hollywood Animal. Гэта гісторыя пра час, калі гукавое кіно заваёўвала свет — геймерам прапануюць стаць часткай гэтага працэсу.

Галоўны герой — кіраўнік кінастудыі. Гульцам даюць шанс здымаць фільмы і развіваць саму студыю: будаваць павільёны, змагацца з цэнзурай і ўладамі, выжываць у часы крызісаў. Што датычыць фільмаў, можна будзе пагрузіцца ў розныя этапы іх стварэння — ад падбору сюжэтаў да распаўсюду гатовай стужкі ў кінатэатрах.

Гульня даступная ў тым ліку на беларускай мове. Акрамя таго, калі вы падбіраеце лагатып студыі, адзін з варыянтаў — зубр. І гэта нездарма, бо студыя Weappy, якая стварыла Hollywood Animal, была заснаваная ў 2015 годзе ў Мінску.
Пакуль што гульня знаходзіцца на стадыі ранняга доступу, але водгукі пра яе ўжо неблагія. Выданне Game Luster піша, што ў Hollywood Animal зроблены добры інтэрфейс, а дызайн будынкаў адпавядае часу, у якім адбываецца дзеянне. Постары фільмаў выглядаюць трохі аднастайнымі, але гэта нязначная праблема.

На геймерскім сэрвісе Steam гульня мае 1886 водгукаў, 70% з іх станоўчыя. А вось некалькі водгукаў з адмысловай старонкі ў Reddit, прысвечанай гульні:
«Распрацоўшчыкі зрабілі добрую працу (пакуль што)».
«Усё яшчэ ёсць шмат рэчаў, якія можна ўкараняць і паляпшаць».

«Я ўжо выдаткаваў на гульню шмат гадзін, але там усё яшчэ так шмат рэчаў, якія можна даследаваць і з якімі можна эксперыментаваць».
«Гэта проста пост падзякі распрацоўшчыкам. Можна бачыць, колькі запалу і ўвагі да дэталяў яны ўклалі ў гульню і сцэнар».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары