Смерць важнага героя і новая небяспека. Што паказалі ў другім сезоне хітовага серыяла The Last of Us
Выходзіць другі сезон топавага серыяла «Апошнія з нас» (The Last of Us). Пакуль даступны толькі дзве серыі, але, мяркуючы па іх, якасць зноў на вышыні — расказваем, што атрымалася.

«Апошнія з нас» з’явіліся ў студзені 2023-га. За новы серыял узялася каманда з удзелам Крэйга Мэйзіна, прадзюсара «Чарнобыля» — іншага серыяльнага хіта ад канала HBO.
Аснова серыяла — камп’ютарная гульня 2013 года пад назвай The Last of Us. Гэта свет недалёкай будучыні, дзе нядаўна лютавала страшэнная пандэмія. Грыб кардыцэпс, які спакойна выкарыстоўваюць у медыцыне, раптам муціраваў і пачаў ператвараць людзей у сапраўдных зомбі. Тыя, як і належыць зомбі, кусалі здаровых людзей і ператваралі іх у падобных да сябе — гэтакі апакаліпсіс, расцягнуты ў часе.
Некаторыя, аднак, здолелі выратавацца. Цяпер яны будуюць новае жыццё і з пераменным поспехам адбіваюць атакі хворых.
Двое з жыхароў гэтай антыўтопіі, кантрабандыст Джоэл і 14-гадовая сірата Элі, мусяць перасекчы тэрыторыю былых ЗША, каб выканаць загад «Цыкадаў» — ваенізаванай групоўкі паўстанцаў. Падчас шляху паміж імі ўзнікае сяброўства, і Джоэл з Элі разам адкрываюць для сябе маштабную карціну постапакаліптычнай Амерыкі.
Гэты сюжэт захаваўся і ў першым сезоне серыяла «Апошнія з нас». І гэта быў поспех! Крытыкам спадабалася якасць серыяла і яго відовішчнасць, а таксама хімія паміж выканаўцамі галоўных роляў Педра Паскалем і Бэлай Рэмзі. Рэйтынгі ў гледачоў былі не горшыя — першы сезон «Апошніх з нас» аказаўся самым праглядальным з усіх першых сезонаў серыялаў на HBO. Здаецца, тады пра серыял гаварылі паўсюль.

Нічога дзіўнага, што новы сезон вельмі чакалі. Першая серыя выйшла 13 красавіка. Усяго серый будзе сем.
Новы сезон заснавалі на сіквэле гульні The Last of Us, які выйшаў у 2020-м. Джоэл і Элі ўжо пяць гадоў жывуць у гарадку Джэксан, што ў амерыканскім штаце Ваёмінг, і цяпер іх адносіны далёка не такія светлыя, як гэта было ў першым сезоне. Нягледзячы на іх сваркі, у жыццё нібыта прыйшла стабільнасць: Джоэл нават пайшоў да псіхатэрапеўткі, пакуль Элі знаходзіць сабе новыя адносіны.
Тым часам ворагі не спяць. Джоэла чакае помста за тое, што ён зрабіў у першым сезоне для Элі, але ж у небяспецы і сам горад Джэксан, бо зомбі змяняюцца і падбіраюцца ўсё бліжэй.
Гэта ўжо не той роўд-муві, які мы бачылі ў першым сезоне. Пасля тых дэкарацый і спецэфектаў цяжка расказаць пра сусвет The Last of Us нешта новае, і кагосьці можа расчараваць, што ваў-эфекту ўжо не будзе.

Першая серыя трохі зацягнутая, але ў другой будзе і перастрэлка, і новая сустрэча з інфікаванымі. Але галоўнае не гэта — рыхтуйцеся да страты аднаго з герояў, якая разаб'е вам сэрца, і гэтая падзея, верагодна, не спадабаецца шмат каму з фанатаў.
А яшчэ ў серыяле з’явілася новая значная гераіня. Гэта Эбі, змагарка з Вашынгтонскага вызвольнага фронту і адна з тых, хто рыхтуе помсту для Джоэла. Яе ролю аддалі Кэйтлін Дывер, зорцы «Яблычнага воцату» — амерыканка зноў добра дала рады працы.
Варта прызнаць — з новым сезонам канал HBO нас не падвёў. Серыял уражвае і акцёрскай працай, і якасцю рэалізацыі праекта на ўсіх узроўнях.
«Апошніх з нас» яшчэ пару тыдняў таму падоўжылі на трэці сезон, але ў гэтым свая рызыка. Часам стваральнікі серыялаў не могуць своечасова закрыць паспяховы праект, нягледзячы на тое, што сказаць у ім ужо няма чаго, і так файныя праекты робяцца ахвярамі сваёй папулярнасці. «Апошнія з нас» былі свежым дыханнем у серыяльным свеце, таму ў гэтым плане праект пад асаблівай рызыкай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары