«Вылецела з Лондана ў трэцюю краіну». Што вядома пра знікненне Мельнікавай праз месяц пошукаў
Спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву паплечнікі, журналісты і польскія спецслужбы шукаюць ужо месяц. У размове з Свабодай Павал Латушка і Аляксей Лявончык расказалі, што ўдалося даведацца і якія версіі яны разглядаюць.

Заяву аб знікненні спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай у польскую паліцыю падаў старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Гэта адбылося 25 сакавіка. Паводле інфармацыі Свабоды, на сувязь Мельнікава перастала выходзіць яшчэ 21 сакавіка. Публічная інфармацыя пра яе знікненне з’явілася праз тры дні пасля падачы заявы. З таго часу стала вядома, што былы муж Анжалікі разам з іх супольнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі, з фонду, якім кіравала Мельнікава, маглі быць знятыя прызначаныя Каардынацыйнай радзе і «Кіберпартызанам» грошы, а сама Анжаліка выехала з Польшчы яшчэ напрыканцы лютага.
24 красавіка офіс Паўла Латушкі распаўсюдзіў новыя звесткі, атрыманыя ад польскіх праваахоўнікаў. Паводле паведамлення, Люблінскі аддзел дэпартамента барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы распачаў следства ў справе пазбаўлення волі ў дачыненні да Анжалікі Мельнікавай. Больш падрабязнай інфармацыі польскія ўлады пакуль не даюць.
10 тысяч еўра за інфармацыю
Кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык — адзін з тых, хто актыўна шукае Анжаліку Мельнікаву. Ён абвясціў збор сродкаў на грашовую ўзнагароду для таго, хто зможа даць дакладную інфармацыю пра лёс Мельнікавай пасля 25 сакавіка, і звярнуўся з заявай аб яе знікненні ў брытанскія праваахоўныя органы.
«Мы па-ранейшаму ведаем толькі, што яна прыляцела ў Лондан і вылецела з Лондану, — кажа Лявончык у размове са Свабодай. — У адну з «трэціх краін». Тую, куды беларусы звычайна накіроўваюцца, калі ляцяць з іншых краін. Пакуль магу толькі так сказаць — вы самі можаце здагадацца. Больш пакуль сказаць не магу, працягваюцца спробы вызначыць, куды Анжаліка магла паляцець далей».
Паводле яго словаў, асноўнай крыніцай інфармацыі цяпер з’яўляюцца звесткі, здабытыя журналістамі і актывістамі. Ён мяркуе, што гэтыя звесткі сведчаць пра прымусовы характар знікнення спікеркі КР.
«Гэта або выкраданне, або прымус, — кажа Лявончык. — Я маю сваю тэорыю, як гэта магло адбыцца, але яна пакуль спекулятыўная. Спадзяюся, што калі ў панядзелак мы запусцім узнагароду за інфармацыю пра лёс Мельнікавай, з’явіцца чалавек, які нешта скажа. Альбо людзі, гатовыя загаварыць. Пакуль да нас ніхто канкрэтна не звяртаўся. Былі выпадковыя прапановы, хтосьці пісаў у Telegram. Звярталі ўвагу на пэўных асобаў, але калі я прасіў канкрэтыкі — яны знікалі. Пакуль, на жаль, толькі тупікі».
Лявончык таксама адзначае, што інфармацыі ад брытанскіх праваахоўнікаў пра знаходжанне або перамяшчэнні Мельнікавай няма. Ён спадзяецца, што да 28 красавіка ўдасца сабраць абяцаныя 10 тысяч еўра, і тады можна будзе публічна прапанаваць узнагароду.
«На жаль, нас пакуль не апытвалі»
Пошукі працягваюцца і ў Народным антыкрызісным упраўленні, адкуль Анжаліка прыйшла ў КР. Павел Латушка піша звароты ў польскія органы, апошні адказ прыйшоў 24 красавіка.
«Мы ведаем, што справу перадалі пад нагляд Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, ёй займаецца дэпартамент барацьбы з арганізаванай злачыннасцю ў Любліне, — расказвае Латушка. — Я звяртаўся да генпракурора Польшчы Адама Боднара са спецыяльным лістом, дзе прасіў, каб пракуратура ўзяла справу пад нагляд. Магчыма, гэты ліст адыграў ролю».
Паводле Латушкі, практыка перадачы такіх спраў у рэгіёны — звычайная рэч у Польшчы. У прыватнасці, справай пра падбухторванне да забойства самога Паўла Латушкі займаецца дэпартамент у Лодзі. Прычына перадачы справы Мельнікавай у Люблін — перагрузка варшаўскага аддзела або тое, што справы, звязаныя з беларускім кантэкстам, часта трапляюць менавіта туды.
«Праз тыдзень пасля таго, як я даў паказанні пра знікненне Мельнікавай у варшаўскай паліцыі, я накіраваў раённаму пракурору ліст з просьбай дапрасіць дадатковых сведкаў, — кажа Латушка. — Мы пазначылі прозвішчы людзей, якія могуць даць паказанні. Але пакуль нас не апытвалі — такіх дзеянняў з боку пракуратуры не было».
Пісьмовыя пацверджанні пагрозаў
Латушка таксама плануе дадаткова звярнуцца да польскіх уладаў, каб атрымаць больш інфармацыі пра ход следства. Падставай сталі дзеянні беларускіх уладаў і пагрозы ў дачыненні да сябраў Каардынацыйнай рады, у тым ліку — да самой Анжалікі.
«Нам удалося знайсці пісьмовыя пацверджанні, што Анжаліцы пагражалі, — кажа ён. — Пагрозы былі рэпрэсіўнага характару. У красавіку 2024 яна атрымала шэраг паведамленняў ад спецслужбаў у месенджары. У нас у камандзе ёсць правіла — паведамляць пра такое. Мы можам казаць і пра шантаж з выкарыстаннем пагрозаў у дачыненні да яе блізкіх. Яна не ўступіла ў перапіску, але паведаміла нам пра гэта».
Латушка таксама адзначае, што пасля 25 сакавіка ягоная каманда спрабавала звязацца з роднымі Мельнікавай праз сацсеткі, але безвынікова. Ніхто з яе сяброў ці родных сам не кантактаваў ні з ім, ні з камандай.
«Мы стварылі ў НАУ спецыяльную групу, якая штодня аналізуе ўсю інфармацыю, якая з’яўляецца, — кажа Латушка. — Мы шукаем яе, хоць нашы магчымасці абмежаваныя. Мы не можам праводзіць следчыя дзеянні ў Польшчы ці іншых краінах. Тым больш — у Беларусі. Але некалькі чалавек працуюць над гэтым пастаянна».
Што да версій знікнення Мельнікавай, Латушка не хоча спекуляваць.
«Мы зыходзім з тых фактаў, якія ёсць, — кажа ён. — Іх няшмат, але яны ёсць. Мы жывём у рэальнасці вайны без правілаў з боку рэжыму, які вядзе барацьбу супраць дэмакратычных інстытутаў. КР — прыклад. Рэжым не грэбуе ніякімі метадамі: рэпрэсіі, пагрозы блізкім. Яны здолелі пасадзіць самалёт Ryanair, прымушаюць дыяспару да супрацоўніцтва, пагражаюць забойствамі. Таму без уплыву рэжыму знікненне Анжалікі немагчыма. У якой ступені — не ведаю. Але ўплыў ёсць».
Каментары