Асуджаны на смерць у Беларусі Рыка Крыгер: Так, я перамясціў той заплечнік, але не ведаў, што там выбухоўка
Супраць Рыка Крыгера ў Германіі вядзецца расследаванне. Ён вярнуўся да працы санітарам.

Нямецкаму выданню Welt am Sonntag удалося пагаварыць з грамадзянінам Германіі Рыкам Крыгерам, якога летам 2024 года прысудзілі да смяротнага пакарання ў Беларусі і вызвалілі ў межах міжнароднага абмену.
Паводле звестак журналістаў, генеральная пракуратура Германіі працягвае весці расследаванне супраць Крыгера па факце падрыву выбуховага прыстасавання, піша DW Belarus.
Пры гэтым у офісе генеральнага пракурора гэтую справу афіцыйна не каментуюць. Сам Крыгер адмаўляе абвінавачванні супраць сябе. Паводле рэдакцыі Welt am Sonntag, яшчэ падчас абмену ў Рыка Крыгера былі канфіскаваныя мабільны тэлефон і ягоныя пісьмовыя запісы для ацэнкі змесціва. Да гэтага часу яны не вернутыя ўладальніку.
Рык Крыгер распавёў журналістам, што вярнуўся да працы санітарам на поўдні Германіі:
«Шматлікім працадаўцам было занадта рызыкоўна наймаць мяне. На сумоўях я не хаваў, хто я такі».
Паводле ягоных слоў, маральна ён па-ранейшаму адчувае сябе дрэнна. «Прачынацца кожны дзень, ведаючы, што гэты працэс будзе працягвацца, — гэта цісне на мяне».
Следства падазрае яго ў тым, што ў 2023 годзе ён падаў заяўку на службу ў полк Каліноўскага ва Украіне, аднак, як сцвярджаецца, на ягоны зварот адказала СБУ. У Беларусі ён, нібыта, сапраўды фатаграфаваў вайсковыя аб’екты, а таксама перамясціў заплечнік, у якім, як выявілася, была выбухоўка.
Сам Рык Крыгер, піша Welt am Sonntag, пацвердзіў гэтыя факты, аднак сцвярджае, што не ведаў пра змесціва заплечніка.
Пра справу супраць Рыка Крыгера, якога прысудзілі ў Беларусі да смяротнага пакарання, стала вядома ў ліпені 2024 года. У жніўні таго ж года ён выйшаў на волю ў межах абмену зняволенымі паміж краінамі Захаду і Расіяй.
Каментары
Менавіта тут чамусьці вырашылі прымяніць універсальную юрысдыкцыю?