Вайна33

Залужны: Гэта новы тып вайны. 15 км ад лініі фронту — цяпер зона суцэльнай смерці. Авіяцыя і флот страцілі сваё значэнне

Былы галоўнакамандуючы УСУ, а зараз пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны на Форуме абаронных тэхналогій Украіна — Вялікабрытанія расказаў пра тое, як спосабы вядзення вайны змяніліся за час расійска-ўкраінскага супрацьстаяння. Яго выступ прыводзіць «Украінская праўда».

Байцы брыгады «Хартыя» пакуюць дрон «Вампір» ежай і вадой для байцоў на перадавой. AP Photo/Efrem Lukatsky

(Падаём выступ Валерыя Залужнага ў нязначна скарочаным варыянце.)

Мы жывём у часы глабальных змен. Прычына гэтаму — цэлы шэраг фактараў, што выявіліся ў ХХІ стагоддзі. Асабліва

— вайна ва Украіне, якая стала не толькі найкрывавейшым актам гвалту ў Еўропе, але і рухавіком шматлікіх працэсаў, што прывялі да змены сусветнага парадку. Гэтая змена ўжо адбылася. І гэта не залежыць ад таго, хочуць сучасныя палітыкі гэта бачыць ці не.

Па-другое, у свеце, які ўжо змяніўся і працягвае змяняцца насуперак жаданню палітыкаў, змянілася і сусветная сістэма бяспекі. Яна трансфармавалася не толькі таму, што змяняецца геапалітычная прастора, але і таму, што праз вайну ва Украіне змянілася і сіла, на якой трымалася гэтая сістэма бяспекі.

Хочаце вы верыць у гэта ці не, ёсць у вас кантракты на танкі і верталёты на наступныя 10 гадоў ці толькі плануеце іх падпісаць — прырода ваеннай сілы ўжо змянілася. Вельмі шкада, што гэта добра разумеюць ва Украіне, Расіі, Кітаі, але зусім не разумеюць у іншых месцах. У якіх менавіта — сёння казаць не буду. Гэта ўжо не мае значэння.

Такім чынам, гаварыць мы будзем пра сучасныя ваенныя тэхналогіі. Каму яны будуць патрэбныя, акрамя Украіны, відавочна, будуць вырашаць палітыкі. Я толькі акрэслю, што яны сабой уяўляюць і як працуюць.

Хацеў бы таксама адзначыць, што найбольш актуальныя яны цяпер для разбудовы абаронных здольнасцяў менавіта Еўропы. Перш за ўсё з-за перафарматавання еўраатлантычнай бяспечнай прасторы.

Пра тэхналогіі

Расійска-украінская вайна поўнасцю змяніла характар вайны. Аднойчы раніцай летам 2023 года, калі ўкраінскія войскі, выкарыстоўваючы даступныя дактрыны і наяўную зброю, метр за метрам прасоўваліся скрозь варожыя абарончыя лініі, у небе з’явіліся дроны ў маштабе, які прывёў да трансфармацыі ўсёй архітэктуры бою.

Разведвальныя, ударныя дроны, дроны, што абслугоўваюць агонь артылерыі, аб’яднаныя сістэмай сітуацыйнай дасведчанасці, зрабілі поле бою абсалютна празрыстым. Усё гэта дало неабмежаваныя магчымасці для нанясення высокадакладных удараў на тактычным узроўні.

Паступова, як і Першая сусветная вайна, гэтая вайна зайшла ў ступар. Ужо зусім хутка,

у 2024 годзе, бурны навукова-тэхнічны прагрэс прывёў да сітуацыі, калі дронамі ўражаліся цэлі не толькі перад пярэднім краем, але і ў аператыўнай глыбіні. Гэта зрабіла немагчымым знаходжанне любой тэхнікі, агнявых сродкаў, рэзерваў нават за межамі пярэдняга краю.

Высокадакладныя ўдары па лагістычных шляхах сталі сёння абсалютна будзённай з’явай. Больш за тое, такія ўдары ўжо сталі часткай тактыкі выцяснення з пазіцый.

Такім чынам, у выніку абсалютнай празрыстасці перад пярэднім краем утварылася 10—15-кіламетровая зона суцэльнай смерці. Не дзіўна, калі дрон палюе ўжо не за групавой цэллю або бранятэхнікай, а нават за асобным салдатам. Дарэчы, гэтая зона пастаянна пашыраецца, як і расце імавернасць быць там знішчаным.

Паўтаруся: па-першае, шалёнае развіццё сродкаў РЭБ.

Дзякуючы развіццю РЭБ удалося нівеляваць здольнасці спадарожнікавых тэхналогій, радыё– і GPRS-кіраваных боепрыпасаў наносіць высокадакладныя ўдары на аператыўным узроўні. Эфектыўнасць дарагіх ракет і высокадакладных снарадаў упала да нуля.

Па-другое, на полі бою з’явілася вялікая колькасць сродкаў візуальнай разведкі і ударных дронаў тактычнага і аператыўнага ўзроўню.

Як вынік, тактыка прымянення і аператыўнае мастацтва сутыкнуліся з істотнымі зменамі.

На аператыўным узроўні вайна ўвогуле зайшла ў тупік. Глыбокія манеўры ці ўдары на аператыўную глыбіню сталі немагчымымі, значнай ступені праз супрацьстаянне паміж беспілотнымі сістэмамі і сродкамі РЭБ і СПА.

Класічныя наступальныя аперацыі і дзеянні не толькі страцілі эфектыўнасць, але сталі амаль самагубчымі.

Нават наступальныя дзеянні малых, тэхналагічна насычаных і высокамабільных тактычных груп, шчыльна каардынаваных з сістэмамі сітуацыйнай дасведчанасці, падтрымкі, РЭБ і СПА, сталі неэфектыўнымі.

Такім чынам, упэўнена можна сказаць:

  • Беспілотныя сістэмы і лічбавыя тэхналогіі змянілі сутнасць вайны.
  • Браняваная тэхніка стала безабароннай перад таннымі дронамі.
  • Высокадакладная зброя з GPRS-навігацыяй страціла эфектыўнасць з-за РЭБ.
  • СПА перажывае найбуйнейшую трансфармацыю з-за з’яўлення масавых танных дронаў.
  • Авіяцыя страціла магчымасць дамінаваць над полем бою.
  • Марская прастора кантралюецца марскімі дронамі.
Пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валер Залужны наведвае выставу вайсковай тэхнікі, 3 красавіка 2025 года. Photo by Finnbarr Webster/Getty Images

І ўсё гэта патрабуе поўнага пераасэнсавання тактыкі, стратэгіі, вайсковай дактрыны і абароннага планавання.

Колькі на гэта трэба часу, шаноўныя прысутныя, я не ведаю. Думаю, што для нашых ворагаў гэты працэс зойме не больш за тры гады, а з улікам маштабавання — пяць.

Відавочна, што Перамога на полі бою цяпер поўнасцю залежыць ад здольнасці апярэджваць праціўніка ў тэхналагічным развіцці.

Вельмі важна, каб змены адбываліся менавіта ў ланцужку «навука (распрацоўка) — вытворчасць — прымяненне». Менавіта ад эфектыўнай узаемасувязі паміж гэтымі звёнамі будзе залежаць інавацыйнае развіццё.

Вытворцы павінны быць гнуткімі і адаптыўнымі, гатовымі ў любы момант уносіць змены ў свае апаратныя рашэнні. Калі гэтыя рашэнні будуць зарэгуляваны дзяржаўнай бюракратыяй або карупцыйнымі інтарэсамі, ланцуг абарвецца, і праціўнік апынецца наперадзе.

Таму трэба быць гатовымі дапрацоўваць вырабы да ўмоў прымянення на полі бою.

Безумоўна, неабходна звярнуць увагу на:

— развіццё тэхналогій штучнага інтэлекту і машыннага навучання.

Відавочна, што хуткасць укаранення тэхналогій ШІ на полі бою, асабліва ў сферах разведкі, планавання, кіравання, агнявога паражэння, а таксама аўтаномных баявых сістэм (без удзелу чалавека), будзе забяспечваць якасную і колькасную перавагу.

— Рашэнні ў сферы РЭБ.

Яны з'яўляюцца амаль найважнейшымі, бо неабходна вырашыць дзве ключавыя задачы: стварыць лічбавае поле для прымянення і абараніць яго ад уздзеяння праціўніка. Гэта, вядома ж, пошук новых тэхналогій сувязі, напрыклад, кагнітыўнага радыё. Такія распрацоўкі ўжо існуюць. Таксама важны пошук новых спосабаў навігацыі і данавігавання. Неабходна распрацоўваць новыя метады перадачы дадзеных, якія выходзяць за межы радыёчастотнага спектру.

— Развіццё танных высокадакладных беспілотных сістэм вялікай дальнасці.

Гэта неабходна для павелічэння здольнасцяў сістэматычнага разбурэння інфраструктуры праціўніка, знясілення яго СПА і правядзення камбінаваных атак па важных аб’ектах.

— Развіццё і вытворчасць дронаў (робатаў) як складовай асноўных баявых здольнасцяў.

Расійска-украінская вайна дала важны ўрок: вайна, што прадугледжвае абмен чалавечых жыццяў на тактычныя поспехі, больш не даступная. Чалавек у сучасным баі — гэта дарагі рэсурс, які нельга аднавіць. Менавіта тэхналогіі дазваляюць захаваць баявую эфектыўнасць пры радыкальным зніжэнні страт.

Такім чынам, неабходна развіваць:

  • ударныя дроны, якія даказалі сваю выключную эфектыўнасць, асабліва ва ўмовах дэфіцыту артылерыйскіх боепрыпасаў;
  • разведвальныя дроны;
  • зенітныя дроны;
  • наземныя беспілотныя сістэмы;
  • універсальныя баявыя платформы;
  • марскія беспілотныя сістэмы.

Цывільныя тэхналогіі або тэхналогіі падвойнага прызначэння дасягнулі такога ўзроўню складанасці, што сёння яны складаюць аснову баявых здольнасцяў.

Сярод іх:

— выкарыстанне камерцыйных спадарожнікавых сістэм у інтарэсах разведкі;

— выкарыстанне 3D-друку для хуткай вытворчасці запасных частак і кампанентаў вайсковай тэхнікі ва «ўмоўна кустарных» умовах;

— выкарыстанне сацыяльных сетак для збору разведвальных даных;

— стварэнне імправізаваных сістэм РЭБ з камерцыйна даступных кампанентаў для глушэння сувязі і кіравання дронамі праціўніка;

— выкарыстанне грамадзянскіх мэсэнджараў з наскрозным шыфраваннем для абмену данымі;

— выкарыстанне воблачных рашэнняў.

Дарэчы, менавіта гэта ўжо цяпер дазваляе невялікім гульцам з абмежаванымі рэсурсамі — асобным краінам, ведамствам і нават падраздзяленням — дасягаць уражальных вынікаў з дапамогай адносна танных асіметрычных рашэнняў.

Як выснова, рэвалюцыя ваенных тэхналогій на аснове беспілотных сістэм і штучнага інтэлекту цалкам змяніла прыроду вайны і працягвае развівацца. А значыць, хуткасць упроваджвання інавацый наўпрост павялічвае здольнасць дзяржавы дасягнуць перамогі ў вайне.

Імаверна, у будучай высокатэхналагічнай вайне пераможа той, хто зможа хутчэй адаптавацца да тэхналагічных умоў поля бою. Бок, які першым сістэмна і якасна здзейсніць пераход на новы ваенна-тэхналагічны ўзровень, атрымае безумоўную стратэгічную перавагу і навяжа сваю волю іншаму баку.

Пакуль у праціўніка ёсць рэсурсы, сілы і сродкі для нанясення удараў па нашай тэрыторыі, спробаў наступальных дзеянняў — ён будзе гэта рабіць. Гэта і ёсць вайна на знясіленне.

Гэтым таксама спрыяе геапалітычная сітуацыя сёння. Бо ніхто не можа цяпер праціўніку ў гэтым перашкодзіць.

Пакласці канец гэтаму можа толькі поўнае знішчэнне здольнасці весці вайну — г. зн. ваенна-эканамічнага патэнцыялу. Разбурэнне апошняга, вядома, ставіць пад сумнеў нават знаходжанне акупацыйных войскаў на акупаванай тэрыторыі.

У любым выпадку архітэктура стратэгіі выжывання і перамогі на сённяшнім этапе магчымая толькі праз пабудову новай ваенна-тэхналагічнай сістэмы. Усё гэта неабходна зрабіць у рамках бягучага тэхналагічнага цыклу, які можа доўжыцца не больш за 3—5 гадоў.

На міжнароднай арэне выхад з сітуацыі, пра якую мы сёння гаворым, заключаецца не толькі ў адаптацыі да новых выклікаў, але і ў фармаванні новай глабальнай бяспечнай рэальнасці, да якой Украіна ўжо далучылася як раўнапраўны і актыўны ўдзельнік.

Украіна больш не з’яўляецца проста аб’ектам падтрымкі — мы сталі крыніцай вопыту, тэхналогій і рашэнняў, што маюць стратэгічнае значэнне для ўсяго цывілізаванага свету.

Гэта не толькі пытанне падтрымкі Украіны — гэта пытанне сумеснай гатоўнасці да новай эпохі вайны, дзе дамінуюць тэхналогіі, інфармацыя і аўтаматызацыя рашэнняў.

Украінскі досвед стаў унікальным — мы першымі былі вымушаныя перабудоўваць армію, прамысловасць і стратэгію ў адказ на выклікі, якія іншыя толькі пачынаюць усведамляць.

Гэтыя выклікі — не толькі для Украіны. Гэта выклікі для ўсіх.

Сусветная бяспека больш не трымаецца на старых гарантыях — яна будуецца на дынаміцы, тэхналогіях і гатоўнасці змяняцца.

Мы зрабілі свой выбар і плацім за яго высокую цану штодня, але наўзамен атрымалі шанец на выжыванне. І мы запрашаем вас зрабіць гэты выбар разам з намі.

Каб не толькі вытрымаць, але і перамагчы. І не толькі сёння, але і ва ўсім, што чакае наперадзе.

Каментары3

  • Беларус
    25.04.2025
    Усё так. Вельмі трапная прамова спадара Залужнага. Шкада толькі, што ані нашыя суседзі, ані нашая ўласная інфапрастора, дагэтуль, нават, ня маюць мужнасьці хаця б пачаць называць рэчы сваімі імёнамі і трапна падзяляць варожы лукашызм ад сяброўскай Беларусі. Ня робіцца гэта з-за нядальнабачнасьці ці з нейкай эканамічнай зацікаўленасьці - неістотна. Вынік будзе аднолькавы. Блытаніна і няздольнасьць падзяляць ворага ад хаўрусьніка, нажаль, гарантуе паразу ў любой вайне.
  • Беларус з Украіны
    25.04.2025
    Пляскаю стоячы! Празрыстае разуменне сітуацыі і добрая спроба данесьці яе да іншых!
  • !!!
    25.04.2025
    Всё зависит от цели войны. В Югославии не воевали солдаты НАТО,высокоточным оружием уиничтожалась энергетика,логистика и структуры жизнеобеспечения.Тотально.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»28

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»

Усе навіны →
Усе навіны

Вялікабрытанія можа адмовіцца ад адпраўкі міратворцаў ва Украіну з-за рызыкі вайны з Расіяй12

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?1

«Мякка кажучы, мяне трэсла». Беларуска атрымала рахункі на 40 тысяч еўра за чатыры дні ў швейцарскай бальніцы9

«Атрымліваем абрыўкі інфармацыі, у нас няма сувязі». Сястра Марыі Калеснікавай расказала апошнія навіны пра яе4

Вітальд Юраш: Польшча здрадзіла беларускай апазіцыі27

Індыя абвінавачвае Пакістан у гібелі турыстаў і пагражае пакінуць яго без вады. Краіны на мяжы вайны10

«Калі грамадствы рыхтуюць да вялікай вайны, то эксплуатуюць і боязь яе»5

Ватыкан запрасіў Святлану Ціханоўскую на пахаванне Папы Францішка5

Ці можа Ігар Сергеенка, які знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза, трапіць у Ватыкан? Аказваецца, лёгка!7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»28

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць