Больш чалавечы, але верны прынцыпам. Якім атрымаўся 7-ы сезон «Чорнага люстэрка»
Днямі Netflix прадставіў новы сезон свайго хіта «Чорнае люстэрка» (Black Mirror), і крытыкі ўжо ў захапленні. Чым ён іх зачапіў?

«Чорнае люстэрка» ўпершыню з’явілася на экранах у 2011-м, назва серыяла адсылае да чорных экранаў гаджэтаў. Гэта праект, які бярэ на сябе місію папярэджваць пра небяспеку тэхналогій, таму не чакайце ад яго пазітыву і прыемных эмоцый.
«Чорнае люстэрка» складана глядзець, і самы варты для яго эпітэт — змрочны. Але, з іншага боку, ён не пакідае абыякавым, і калі вы жадаеце вострых эмоцый, смела ўключайце гэты серыял. Не трэба баяцца, што цяпер прадстаўлены ўжо сёмы сезон серыяла, бо «Чорнае люстэрка» — гэта серыял-анталогія, дзе ў кожнай серыі раскрываецца асобная гісторыя, таму яго можна глядзець з любой серыі.
Што да сёмага сезона, ён ужо цалкам даступны — можна паглядзець усе шэсць серый. Водгукі пра яго добрыя: напрыклад, на сайце-аграгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes сезон мае рэйтынг ухвалення 89%.
Усё пачынаецца з гісторыі Аманды і Майка — шчаслівай пары, якая хоча завесці дзіця. У мозгу Аманды знаходзяць пухліну, і Майк пагаджаецца на прапанову ад стартапа Rivermind: замяніць пашкоджаную частку яе мозга, дзе знаходзіцца пухліна, на сінтэтычны аналаг. Інфармацыю, што знаходзіцца на страчаных нейронах, перапраўляюць на серверы Rivermind, а кліенты мусяць плаціць кампаніі штомесяц, каб мець да яе доступ і, адпаведна, функцыянаваць.

Далей будзе серыя пра дзвюх былых аднакласніц, Верыці і Марыю, дзе прыгожа раскрываюць сутнасць газлайтынгу — маніпуляцый, калі чалавеку навязваюць іншы погляд на яго ўласныя думкі і адчуванне рэальнасці. У наступных чатырох серыях чакайце тэмы віртуальнага свету, штучнага інтэлекта і відэагульняў — як звычайна ў «Чорным люстэрку», без аніякіх хэпі-эндаў.
Асобная разынка — недаацэненая крытыкамі серыя Hotel Reverie. Гэта гісторыя пра класічны фільм з такой назвай, які вырашылі перазняць з дапамогай новай тэхналогіі, якая стварае віртуальную прастору на базе фільма і дазваляе ўвесці туды новага акцёра. Антыўтопія ператвараецца ў прыгожую гісторыю кахання, і здаецца, што ў гэтым «Чорнае люстэрка» адступае ад сваёй знакамітай змрочнасці, за якую серыял часам крытыкуюць. Нездарма фанаты нават звярнуліся да Netflix з заклікам зняць «Белае люстэрка», дзе расказвалася б пра тую карысць, якую прыносяць у свет тэхналогіі.

Яшчэ адна светлая і вельмі чалавечая серыя — эпізод пад назвай Eulogy. Сталы мужчына атрымлівае званок пра тое, што яго былая каханая памерла, і цяпер яе родныя збіраюць успаміны пра яе. Адмысловая тэхналогія дапамагае мужчыне трапіць у рэальнасць фотаздымкаў, што ўвасабляюць яго раман з той жанчынай, і пражыць пачуцці, ад якіх ён, відаць, хаваўся, а заадно пабачыць прапушчаныя магчымасці — рыхтуйце насоўкі!
Асобная гісторыя — гэта эпізод пад назвай USS Callister: Into Infinity. Нават калі вы не фанат навуковай фантастыкі, цяжка не ацаніць колькасць сіл і рэсурсаў, выдаткаваных — і нездарма — на гэты паўнавартасны фільм працягласцю паўтары гадзіны.
«Чорнае люстэрка» крытыкуюць за тое, што серыял быццам састарэў: маўляў, мы і так жывём у той рэальнасці, якую ён нам прадказваў раней. І тут трэба сказаць, што ў 7-м сезоне стваральнікі зрабілі працу над памылкамі, бо гісторыі з гэтага сезону выглядаюць цалкам рэальнымі для бліжэйшай будучыні. Таму, магчыма, невялічкае папярэджанне нам сапраўды не пашкодзіць.
Новае «Чорнае люстэрка» выглядае больш эмацыйным і светлым за ранейшыя сезоны, больш падобныя да цынічнай і шакуючай антыўтопіі. Але пры гэтым праект не адступае ад сваёй філасофіі і ранейшых засцярогаў наконт тэхналагічнага прагрэсу. Калі вы хацелі адкрыць для сябе «Чорнае люстэрка», цяпер самы час.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары