Жонка Арцёма, які эміграваў у Іспанію з сям’ёй і застаўся там адзін, адказала, чаму ў Баранавічах лепш, чым у Барселоне
Блогерка Ганна Жадан пасля трох з паловай гадоў жыцця ў іспанскай Барселоне прыйшла да думкі, што ў беларускіх Баранавічах ёй лепш, заўважыла «Люстэрка».

«Наша Ніва» раней расказвала гісторыю Арцёма, які пераязджаў у Барселону з сям'ёй, але праз тры гады жонка вырашыла з дзецьмі вярнуцца ў Беларусь — цяпер мужчына шукае варыянты бацькоўства на дыстанцыі.
Цяпер яго жонка расказала, чаму «ў Баранавічах лепш».
Блогерка склала спіс з 15 пунктаў, якія яе не задаволілі ў Барселоне. Яна адзначыла, што ў горадзе з-за кішэннікаў «вельмі небяспечна» і, як следства, «ты заўсёды ў напружанні». «Наогул уся «забаронка» ў лёгкім доступе».
«Горад свабоды ва ўсіх сэнсах. Сэксшоп побач з дзіцячым садам — лёгка, ЛГБТ-прапаганда — для мяне празмерная. Ніводнае свята ці канцэрт не праходзіць без іх. У нейкі момант я зразумела, што звычайныя людзі як быццам у меншасці», — напісала Ганна Жадан.
У другой частцы мінусаў Барселоны нутрыцыёлаг пералічыла «пластыкавую і нясмачную гародніну і садавіну» ў крамах, адсутнасць сэрвісу ў рэстаранах, а таксама тое, што большасць устаноў разлічана на турыстаў — там «нясмачна, не карысна». Па словах блогеркі, «прыгожыя і смачныя» месцы ў горадзе ёсць, але «іх трэба проста ведаць».
«Сфера прыгажосці значна даражэйшая і горшая як па якасці паслуг, так і па сэрвісе. Існуе выключна за кошт нашых дзяўчатак. Інакш усе хадзілі б без манікюру, педыкюру, прыгожых валасоў ды іншага», — напісала Ганна.
Не задаволіла беларуску і адукацыя на каталонскай мове ў сталіцы Каталоніі.
Што тычыцца пляжаў, то ў Барселоне яны «ўсе публічныя» і «многія без шэзлонгаў і парасонаў, а там, дзе яны ёсць, кошт прыкладна неадэкватны — каля 50 еўра».
«Медыцына з аднаго боку выдатная, але з другога… У дзіцяці тэмпература 39,5 другі тыдзень — ніякіх аналізаў і адзін адказ: ібупрафен. Аперацыю, калі ты не паміраеш, можна чакаць месяцамі. Зробяць якасна, так. Але пачакаць давядзецца прыстойна (калі няма прыватнай страхоўкі)», — падзялілася Ганна, падкрэсліўшы, што ў Баранавічах усё ж лепш, чым у Барселоне.
Аўтарка паабяцала ў будучыні расказаць і пра плюсы сталіцы Каталоніі, таму што «нягледзячы на ўсе мінусы» любіць і «гэты горад, і гэтую краіну ўсім сэрцам».
«Жывіце ў сваіх Баранках, і не чапайце Барселоны»
Пост беларускі выклікаў бурнае абмеркаванне. Адны каментатары адзначалі, што Барселона — гэта горад, хутчэй, для турыстаў, а не для жыцця. Іншыя падзяліліся сваім досведам жыцця ў сталіцы Каталоніі.
«Люблю Барселону. Ды ўвогуле Іспанію ў цэлым! Усё смачна і прыгожа. Жыву тут 25 гадоў і яшчэ ні разу не пашкадавала», — напісала irinasalou.
Частка падпісчыкаў выказала сваю нязгоду з некаторымі мінусамі з доўгага спісу:
«Як можна 3,5 гады пражыць у Іспаніі і не навучыцца выбіраць і купляць памідоры? Іх столькі відаў: і салатных, і хлебных — куча іспанскіх крам, прывозяць проста з цяпліц. У Мінску я такія смачныя знаходзіла толькі ў сезон у адзінай краме на Камароўцы, і каштавалі яны 25 рублёў/кг».
«З сэрвісам і адукацыяй згодна! У астатнім — не».
«Большасць мінусаў — густаўшчына. У Баранавічах няма ўвогуле мора, напрыклад. Памідоры найсмачнейшыя купляю ў Францыі, побач. З агуркамі рэальна бяда. Каталонская таксама ўскладняе жыццё. Тут я згодна на ўсе 100%! Кафэ мала цікавяць. Персікі толькі іспанскія купляю. Яны самыя-самыя», — распавядае tina.timof.
«Я вось таксама люблю параўноўваць — але я таксама гляджу і плюсы. Калі глядзець пра адукацыю, скажам, у РБ — яна бясплатная, але толькі на рускай ці беларускай, так? На англійскай таксама не вучаць і тым больш бясплатна. Сэрвіс — тут пагаджуся на ўсе 100! Мы навучыліся сэрвісу ў іх на захадзе, а яны пра яго, мусіць, забыліся. Пра лячэнне ў РБ для мяне таксама больш плюсаў, чым мінусаў з досведу», — падзялілася сваім меркаваннем alena_dubskaya.
«Баранавічы? Вы параўналі з Барселонай? Я была і там, і там».
«Вядома, Барселона, яна мае такія сабе раёны. Вось у Баранках якая прыгажосць! Проста суіцыдальная! Брава, на*ер Барселону!» — напісала strelkavolya.
Каментары