«Мы не губляем надзеі, хоць мы і не наіўныя». Радаслаў Сікорскі пра перспектывы свабоднай Беларусі
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваёй праграмнай прамове ў Сейме пракаментаваў бягучую сітуацыю ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Польшча па-ранейшаму верыць у магчымасць дэмакратычных зменаў у Беларусі, але пры гэтым застаецца рэалістам у ацэнцы цяперашніх уладаў, піша Беларуская служба Польскага радыё.

«Мы не губляем надзеі, калі гаворка ідзе пра лёс Беларусі, хоць, вядома, мы не наіўныя. Мы рэалістычна ацэньваем праўленне Аляксандра Лукашэнкі, які паставіў сваю краіну ў залежнасць ад Крамля», — сказаў міністр.
Сікорскі нагадаў, што беларускае грамадства, у тым ліку тысячы людзей польскага паходжання, заслугоўваюць свабоды і будучыні, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях.
«Мы патрабуем вызвалення палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што Польшча імкнецца да таго, каб «пытанні падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці займалі важнае месца ў парадку дня Еўрасаюза».
«Месца беларусаў — у аб’яднанай Еўропе», — заявіў Сікорскі.
Міністр таксама расказаў пра ролю польскіх замежных СМІ ў забеспячэнні рэгіёна дакладнай інфармацыяй:
«Замежны медыяцэнтр для замежжа, які аб’ядноўвае рэдакцыі тэлеканалаў «Белсат», «Вот так», Slawa і TVP World падае польскі пункт гледжання і замяняе расійскую прапаганду аб’ектыўнай інфармацыяй».
Паводле Сікорскага, мільёны гледачоў, якія глядзяць гэтыя каналы ў краінах былога СССР, сведчаць пра рэальны попыт на надзейныя навіны. Польшча хоча заахвоціць партнёраў з Еўрасаюза павялічыць падтрымку гэтых СМІ.
«Мы стараемся зацікавіць нашых партнёраў з Еўрасаюза магчымасцямі гэтых станцый, каб павялічыць іх фінансаванне і пашырыць сферу дзейнасці», — адзначыў ён.
Напрыканцы міністр паведаміў пра ход дыпламатычнай дзейнасці і расказаў, што завяршаецца будаўніцтва новай амбасады ў Мінску.
Каментары