БЕЛ Ł РУС

Украінскія дроны атакавалі расійскую вайсковую часць, якую абвінавачваюць ва ўдары па Сумах

16.04.2025 / 21:29

Nashaniva.com

16 красавіка на горад Шуя ў Іванаўскай вобласці была здзейснена атака беспілотнікаў. Мінабароны Расіі заявіла пра сем БПЛА самалётнага тыпу, збітых над горадам. Аднак па сацсетках разышлося некалькі відэазапісаў з Шуі, на якіх бачныя дроны, якія пікіруюць на цэль, а пасля чуваць магутныя выбухі.

Казарма пасля меркаванага трапляння дрона. Фота: Astra

Мяркуючы з паведамленняў мясцовых паблікаў, цэллю для атакі стала размяшчэнне 112-й ракетнай брыгады. Украінскае камандаванне абвінавачвае расійскіх вайскоўцаў з гэтай часці ва ўдары балістычнымі ракетамі «Іскандэр» па горадзе Сумы ў Вербную нядзелю 13 красавіка. Ахвярамі той атакі сталі, паводле афіцыйных даных, 35 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Больш за 125 чалавек, уключаючы 18 дзяцей, атрымалі раненні.

Як пішуць мясцовыя СМІ, на тэрыторыю вайсковага гарадка, размешчанага на поўдні Шуі, прыляцелі як мінімум тры БПЛА.

Падпісчыкі тэлеграм-канала «Иваново. Происшествия» паведамлялі пра траплянні ў казарму. Яшчэ адзін дрон упаў за некалькі сотняў метраў ад вайсковай часці.

Фота: Astra

Афіцыйных паведамленняў пра ўдар па размяшчэнні ракетнай брыгады не было.

«Паводле аператыўных звестак штаба, загінулых няма, двум лёгка пацярпелым аказаная меддапамога. Сістэма апавяшчэння адпрацавала штатна. Эвакуацыя не аб'яўлялася. Спецыялісты экстранных службаў займаюцца ліквідацыяй наступстваў», — даў справаздачу аператыўны штаб па выніках атакі на горад.

Ад горада Шуя да найбліжэйшага пункта ўкраінскай мяжы — каля 700 км па прамой.

Раней, 15 красавіка, Генштаб УСУ заявіў, што сілы абароны Украіны нанеслі ўдар па іншай расійскай часці, якую Украіна таксама лічыць адказную за абстрэл Сумаў і гібель мірнага насельніцтва. Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што ў якасці адплаты ўдарылі па пункце пастаяннай дыслакацыі 448-й ракетнай брыгады расійскай арміі, размешчаным паблізу сяла Клюква ў Курскай вобласці.

Чытайце таксама:

Ракета «Барс»: што вядома пра новую ўкраінскую распрацоўку і ў чым яе галоўная перавага

«Цэнтр Масквы стаў ваеннай цэллю». Расійскае дзяржаўнае СМІ расказала, як аператар дрона атакуе Украіну з «Масква-Сіці»

Украіна масіравана атакавала Курск беспілотнікамі

Украінцы ўдарылі «Хаймарсам» па расійскім пункце кіравання ў Суджанскім раёне

Каментары да артыкула