Трамп чакае ад Расіі адказу на прапанову аб перамір'і «на гэтым тыдні»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сцвярджае, што ў найбліжэйшыя дні Расія перадасць Вашынгтону адказ на прапанову аб «спыненні агню» ва Украіне. Пра гэта ён сказаў у Белым доме падчас сустрэчы з прэм'ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні 17 красавіка.
Дональд Трамп. Фота: Win McNamee/Getty Images
У Трампа спыталі, у які момант ён прыме рашэнне, ці гатовая Расія да спынення агню — і, пры неабходнасці, узмоцніць санкцыі супраць яе.
«Паглядзім, чым гэта будзе. Мы атрымаем ад іх адказ на гэтым тыдні, вельмі хутка, і ўбачым», — адказаў Трамп.
Ён таксама паўтарыў, што хоча, каб «смерць і забойствы спыніліся».
Акрамя таго, падчас гэтай сустрэчы Дональд Трамп фактычна аспрэчыў свае ж словы пра тое, што Уладзімір Зяленскі адказны за поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Гэтым разам ён сказаў, што «не ўскладае адказнасці [за вайну] на Зяленскага, але я не ў захапленні ад таго, што гэтая вайна пачалася».
«І таму я не задаволены ім [Зяленскім], і я не задаволены кім— небудзь, хто да гэтага датычны», — мяркуе прэзідэнт ЗША.
Цяпер, адзначыў Трамп, ён спрабуе прымусіць Уладзіміра Пуціна «спыніцца, таму што, як вы ведаеце, Расія нашмат большая, у яе вялікая вайсковая сіла, і калі вы разумныя, вы не будзеце ўвязвацца і ўдзельнічаць у войнах».
«Вы можаце абвінаваціць чалавека, які сядзеў на гэтым месцы, Байдэна, у тым, што ён не ведаў, што, чорт вазьмі, адбываецца. Але я магу гарантаваць вам — і ўсе з гэтым згаджаюцца, — што калі б я быў прэзідэнтам, гэтай вайны ніколі б не было», — дадаў Трамп.
Чытайце таксама:
Трамп працягнуў на год закрыццё партоў ЗША для расійскіх суднаў
Чыноўнікам Еўрасаюза, якія адпраўляюцца ў ЗША, выдаюць аднаразовыя тэлефоны праз боязь шпіянажу
Рэжысёр «Адзін дома» заявіў, што хацеў бы, каб у фільме не было сцэны з Трампам