У Брэсцкай вобласці чакаецца нашэсце мошак
Іх масавы вылет чакаецца ў канцы красавіка.
З прыходам цеплыні ў Брэсцкай вобласці пачынаецца сезон актыўнасці крывасмактальных мошак, якія могуць выклікаць моцныя алергічныя рэакцыі і пераносіць інфекцыі, папярэджваюць эпідэміёлагі.
Энтамолагі ўжо выявілі лічынкі мошак у рацэ Буг каля Брэсцкай крэпасці. Масавы вылет насякомых чакаецца ў канцы красавіка — пачатку мая, а пік актыўнасці працягнецца каля двух тыдняў. Асаблівую небяспеку ўяўляе сліна мошак, якая змяшчае гемалітычную атруту, што можа выклікаць моцную алергію.
Для абароны спецыялісты рэкамендуюць пазбягаць месцаў каля хуткіх рэк, дзе размнажаюцца мошкі. Эфектыўнымі сродкамі абароны з'яўляюцца рэпеленты і шчыльнае адзенне. З народных метадаў можна выкарыстоўваць адэкалон з дабаўленнем эфірных маслаў або раствор ваніліну.
Пры ўкусах неабходна адразу апрацаваць пашкоджанае месца антысептыкам, прыкласці лёд для змяншэння ацёку. А ў выпадку моцнай алергічнай рэакцыі варта неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.