БЕЛ Ł РУС

Беларуская кампанія, супрацоўнічаючы з заходнімі брэндамі, адначасова працуе і на расійскі ВПК

24.04.2025 / 17:59

Nashaniva.com

Беларуская кампанія «Ізавак», вядомая супрацоўніцтвам з Apple, Tesla і Samsung, у той жа час пастаўляла абсталяванне расійскаму вайскова-прамысловаму комплексу (ВПК). Паводле расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) і яго партнёраў, аб’ём паставак склаў каля $200 млн за тры гады поўнамаштабнай вайны.

Фота: facebook.com/IZOVAC

«Ізавак» і яго даччыныя кампаніі, уключаючы «Ізатэк-М», займаліся вытворчасцю і пастаўкай высокатэхналагічнага абсталявання, у тым ліку забароненых да экспарту ў Расію амерыканскіх установак для вытворчасці мікрачыпаў.

Адна з такіх установак, Amat Centura SuperE, была перапрададзеная праз Кітай (Hong Kong Smart Kit Technology Limited) расійскай кампаніі «НМ-Тех», якая належыць дзяржкарпарацыі ВЭБ.РФ і з 2024 года мае дазвол на вытворчасць зброі.

Сол Лін з тайваньскай кампаніі More Tech International, якая валодае доляй у «Ізатэк-М», пацвердзіў ранейшае супрацоўніцтва з «НМ-Тех».

Прамежкавым звяном была кампанія «Инжиниринг Групп», якой валодаў беларус Сяргей Яновіч, звязаны з «Ізавак». Яна атрымала звыш $180 млн ад расійскіх кампаній ВПК, у тым ліку тых, што вырабляюць ракеты «Калібр», беспілотнікі «Арыён» і авіяцыйныя сістэмы.

Пастаўкі таксама ішлі праз іншыя кампаніі групы: «ІнтэрНанаТэхналогіі» і «Ізавак», з сумай каля $10 мільёнаў толькі за 2022—2024 гады.

Пасля пачатку вайны выручка «Ізавака» рэзка ўзрасла: з $5,1 мільёна ў 2021 годзе да $22,2 мільёна ў 2024-м. Пры гэтым кампанія працягвае атрымліваць прыбытак і з еўрапейскага рынку, нягледзячы на сувязі з вайсковай прамысловасцю Расіі.

Чытайце таксама:

Беларускі «Пеленг» судзіцца з прадпрыемствам расійскага ВПК за даўгі

Пуцін ужо перамалоў амаль усю спадчыну савецкага ВПК. Ці зменшыць гэта інтэнсіўнасць вайны?

У Расіі выявілі патаемны вайсковы бюджэт на $250 мільярдаў

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку

Каментары да артыкула