БЕЛ Ł РУС

Ксяндза з Шуміліна Анджэя Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволення

30.04.2025 / 16:58

Nashaniva.com

30 красавіка ў Шуміліне вынесены прысуд айцу Анджэю Юхневічу, пробашчу мясцовага санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Афіцыйна пра гэта пакуль не паведамляецца, але вернікі даведаліся, што святар асуджаны да 13 гадоў зняволення, пры тым, што абвінавачванне настойвала на тэрміне ў 15 гадоў, піша Katolik.news.

Анджэй Юхневіч

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, у чым канкрэтна абвінавацілі святара, якога першапачаткова затрымлівалі па «палітычных» матывах — не вядома. З раскладу суда вынікала, што яму інкрымінавалі тры крымінальныя артыкулы, якія тычацца палавых зносін з непаўналетнімі. Таксама было паведамлена, што працэс вяла старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.

Як даведаліся вернікі, святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць. 

Наколькі вядома вернікам, абвінавачванне будавалася на паказаннях адной або некалькіх «ахвяр» — не выключана, што яны давалі іх пад ціскам. Па тых звестках, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны, таму пабудаваць абвінавачванні маглі толькі на сумніўных паказаннях.

Сам святар у судзе трымаўся ў добрым стане духу. Пры гэтым у дыяцэзіі ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў на айца Анджэя. Як адзначаюць вернікі, 13 — асаблівая лічба для католікаў, гэта дата аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме, таму асуджанага святара асабліва давяраюць апецы Багародзіцы.

У адрозненне ад прысуду ксяндзу Генрыху Акалатовічу ў Мінску (яму далі 11 гадоў), на які не прыйшлі ні біскупы, ні святары, на суд над айцом Анджэем кожны раз прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У пасёлку бачылі, як падчас пасяджэнняў ён ішоў у капліцу і маліўся там.

Чытайце таксама:

«Ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў». Што вядома пра сітуацыю святара, якога судзяць у Шуміліне

Тадэвуш Кандрусевіч і Уладзіслаў Завальнюк наведалі парафію зняволенага ксяндза Юхневіча

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі

Ксёндз Анджэй Юхневіч: Мяне могуць за гэта судзіць, але я хачу публічна выказаць салідарнасць з братамі-ўкраінцамі

«Знаходзіцца ў знясіленым стане». Вернікі даведаліся падрабязнасці пра зняволенага ксяндза Анджэя Юхневіча

Каментары да артыкула