Google папярэдзіў карыстальнікаў пра крытычную ўразлівасць. Пазбаўцеся ад яе зараз
Кампанія Google папрасіла ўсіх карыстальнікаў браўзера Google Chrome тэрмінова яго абнавіць. Інакш тыя рызыкуюць пацярпець ад кібератакі.

Прадстаўнікі Google абвясцілі, што ў панядзелак кампанія выпусціла тэрміновае абнаўленне для браўзера Google Chrome. Яно выпраўляе 11 важных памылак у праграме, якія рабілі браўзер уразлівым да кіберзлачынстваў, піша The Sun.
Google пацвердзіў, што пра адну з уразлівасцей, праблему пад нумарам CVE-2022-0609, хакеры дакладна ведаюць і выкарыстоўваюць яе ў мэтах кібератак. Уразлівасць можа дазволіць злачынцам аддалена падключацца да камп’ютараў ахвяр і запускаць на іх шкодныя праграмы.
Каб юзеры заставаліся ў бяспецы, Google рэкамендуе ўсім тэрмінова абнавіць браўзер Google Chrome на сваіх дэвайсах. Для таго, каб абнавіць браўзер на камп'ютары, трэба націснуць кнопку «настройка і кіраванне Google Chrome» (тры вертыкальныя кропкі) у верхнім правым вуглу. У меню, што адкрыецца, выбярыце «Абнавіць Google Chrome». Калі такога варыянта там не будзе, значыць, вы ўжо выкарыстоўваеце апошнюю версію браўзера.
Каментары