Эканаміст Дзмітрый Крук дае песімістычны прагноз для беларускага бізнэсу. У прадпрымальнікаў тры варыянты
«Тое, што прызначылі Турчына, на мой погляд, далёка не азначае, што там нешта зменіцца ў лепшы бок».

Эксперт BEROC эканаміст Дзмітрый Крук у перадачы «Мне таксама не падабаецца» адзначыў, што на становішча бізнэсу ў Беларусі ў перыяд да 2030 года будуць уплываць два трэнды. Першы — жаданне дзяржавы прывязаць да сябе прыватны бізнэс і зрабіць яго залежным ад сябе. Другі — пранікненне расійскай практыкі, расійскай культуры і ўзмацненне залежнасці ад Расіі.
У параўнанні з 2020 годам, калі прыватны сектар быў на ўзлёце і быў гатовы пацягнуць за сабою ўсю эканоміку, цяпер «апярэнне вельмі моцна паабсеклі, і прыватны сектар у значна больш слабой форме».
У той жа час, як даводзіць Крук, гэта не азначае, што прыватны сектар цалкам знікне. Можа адбыцца нават яго колькасны рост, бо ён больш гнуткі і лепш прыстасаваны да новых магчымасцяў.

У адрозненне ад яго, рост дзяржаўнага сектара ў апошнія гады шмат у чым залежаў ад вонкавых фактараў: усплёскаў попыту з Расіі, выкліканых вайной і зніжэннем канкурэнцыі на расійскім рынку. Без гэтых часовых стымулаў дзяржсектару будзе цяжка расці.
Але, нягледзячы на магчымы рост, пытанне ў тым, якім будзе гэты прыватны сектар. Тут эксперт выказвае песімізм, адзначаючы, што тэндэнцыя ўзмацнення залежнасці бізнэсу ад дзяржавы і рэжыму ўзмацняецца. Многія кампаніі ўжо гавораць пра гэта.
У такіх умовах, даводзіць Крук, існуе тры магчымыя патэрны ці шаблоны дзеянняў. Першы — гэта рэлакацыя, другі — пераўтварэнне бізнесу ў кампрадорскі, арыентаваны на Расію.
Трэці варыянт менш прыкметны, але важны — асабліва для тых, хто працуе на ўнутраным рынку. Гэта наўмыснае ўскладненне бізнэс-працэсаў, каб дзяржава не магла здзяйсняць эфектыўны кантроль ці «адціснуць».
«Наша форма абароны ў тым, што дзяржава такім складаным бізнэсам проста не ў стане будзе кіраваць, а адціснуць яго — бессэнсоўна. Гэта будзе азначаць смерць бізнэсу», — цытуе Крук словы знаёмага бізнэсмена і заўважае, што жаданне дзяржавы ўсё кантраляваць узмацняецца. Прыклад — пастанова № 713, якая «была ў першую чаргу пра цэны, але ў тым ліку і пра тое, каб паставіць на расцяжку ўвесь прыватны бізнэс».
Як тлумачыць эксперт, выканаць яе ў поўнай меры складана, і гэта стварае зручны механізм ціску.
Крук сумняваецца, што сітуацыя прынцыпова зменіцца ў лепшы бок з прыходам Турчына на пасаду прэм’ер-міністра:
«Тое, што прызначылі Турчына, на мой погляд, далёка не азначае, што там нешта зменіцца ў лепшы бок. Магчыма, але пасля Турчына нішто не перашкаджае прыйсці абсалютна іншаму чалавеку з іншым меркаваннем. Нават калі дапусціць, што Турчын будзе ўмоўна прарынкавым, у чым я таксама, сапраўды, вельмі моцна сумняваюся».
Разам з гэтым эксперт выказвае ўпэўненасць, што прыватны бізнэс не будзе знішчаны:
«Хоць мы сёння, у 2025 годзе, гаворым, што прыватны сектар у больш дрэннай форме, чым быў у 2020-м, але ўсё роўна далёка не ўсё атрымалася знішчыць. Ён па-ранейшаму моцны. І ў 2030 годзе, нягледзячы на гэтыя дрэнныя трэнды, па-ранейшаму такі феномен, як беларускі прыватны сектар як важная частка беларускай эканомікі, будзе існаваць».
«У новым свеце няма месца для дэмакратычнай Беларусі — хіба што мы яго самі выдумаем». Астапеня і Крук разважаюць пра будучыню Беларусі
«Бачу падабенства Турчына з Макеем у логіцы паводзінаў». Эканаміст Крук пра новага прэм'ера
Чаму тры гады вайны не абрынулі эканомікі Расіі і Беларусі? І што будзе, калі заключаць перамір'е?
Каментары