Вядучая «Звычайнай раніцы» заўважае, што Пуцін таксама хавае сваіх дочак і нікому не расказвае, хто яны.
У новым выпуску ТОКу вядоўца ранішняга шоу «Звычайная раніца» Марына Ментусава расказала, што можа хавацца за нежаданнем Лукашэнкі прызнаць сваю пазашлюбную дачку.
Некаторы час таму стала вядома, што ў Аляксандра Лукашэнкі, акрамя пазашлюбнага сына Колі, ёсць дачка. Аднак, калі сына ён не проста ўвёў у сваю сям'ю, а лічыць яго любімым і пазіцыянуе як свайго пераемніка, то дачкі ў ягоным жыцці не існуе.
Ментусава заўважае, што Пуцін таксама хавае сваіх дочак і нікому не расказвае, хто яны.
Па словах Марыны, такія паводзіны адлюстроўваюць стэрэатыпы, якія існуюць шмат у якіх грамадствах:
«Сын — гэта гонар. Шмат у якіх краінах — Беларусь вельмі часткова закранае гэты стэрэатып — лічыцца, што сын — гэта спадкаемца, а дачка — гэта памочніца. Вось таму наследнік заўсёды цаніўся больш».

Ментусава нагадвае, што ў некаторых азіяцкіх краінах існуе практыка селектыўных абортаў, калі бацькі, даведаўшыся пол будучага дзіцяці, робяць аборт у выпадку дзяўчынкі.
У мэтах змагання з такой практыкай, у асобных краінах нават забаранілі даведвацца пол дзіцяці да нараджэння. Аднак, праблема застаецца, бо «каштоўнасць хлопчыка [доўгі час] была вышэй, чым каштоўнасць дзяўчынкі».
Марына Ментусава дапускае, што на паводзіны Лукашэнкі можа ўплываць патрыярхальная культура, пры якой менавіта сыну перадаецца і спадчына, і прозвішча.
Каментары
[Зрэдагавана]