Найшла каса на камень. «Інфаказачка» Бондарава не здолела нацкаваць лукашэнкаўскіх сілавікоў на іншых прапагандыстаў
Праўладнай актывістцы Вользе Бондаравай адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы за яе абразу. Яна хацела, каб адносна яе прымянілі артыкул «Абраза прадстаўніка ўлады», але ў міліцыі ёй сказалі, што ніякая яна не прадстаўніца ўлады.

«Падчас правядзення праверкі апытаная Бондарава паказала, што ў цяперашні момант яна займаецца прадзяржаўнай дзейнасцю, накіраванай на ўстанаўленне фактаў парушэння заканадаўства ў сетцы інтэрнэт, пасля чаго адпаведную інфармацыю яна перадае ў кампетэнтныя органы. Таксама апошняя з гэтай мэтай адмініструе тэлеграм-каналы.
Так, праглядаючы публікацыі ў тэлеграм-канале «Чат Прыдыбайлы», яна ўбачыла, што невядомы карыстальнік, акаўнт якога цяпер выдалены, размясціў пост, у якім маюцца абразлівыя выказванні, у тым ліку ў дачыненні да яе. Пасля гэтага яна вырашыла звярнуцца ў міліцыю з заявай. Таксама падчас праверкі было ўстаноўлена, што Бондарава прадстаўніком улады не з'яўляецца», — гаворыцца ў пастанове аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы.
«Чат Прыдыбайлы» належыць супрацоўніку расійскага Russia Today, які актыўна падтрымлівае беларускія ўлады і Аляксандра Лукашэнку. У ім Вольгу Бондараву назвалі «долбанутой» і «долб…м».
Каб гэта ўсё адбылося раней, то ў абарону Бондаравай маглі б завесці крымінальную справу па арт. 189 (абраза) КК Беларусі, але пры апошніх зменах кодэкса яго прыбралі.
Каментары