Галоўнакамандуючы УСУ: Расія фактычна пачала наступ на Харкаўскую і Сумскую вобласці
Пра гэта Аляксандр Сырскі расказаў у інтэрв'ю lb.ua.

«Вы ж бачыце, што, нягледзячы на ўсе перамовы, якія вядуцца, мы назіраем толькі павелічэнне інтэнсіўнасці наступальных дзеянняў. Кардынальна сітуацыя не змянілася. Вораг працягвае стратэгічную наступальную аперацыю з мэтай захопу нашай тэрыторыі, разграмлення нашых войскаў, прасоўвання ў глыбіню, імкнецца поўнасцю захапіць Данецкую і Луганскую вобласці, а таксама часткі Херсонскай, Запарожскай абласцей, стварыць буферную зону на тэрыторыі Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай абласцей. Ён прытрымліваецца тых мэтаў або спрабуе выканаць тыя задачы, якія перад ім пастаўлены. І спыняцца яны, падобна, не збіраюцца…» — сказаў камандуючы УСУ.
Паводле яго слоў, наступ на Сумшчыну і Харкаўшчыну, пра які раней казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, фактычна ўжо пачаўся.
Таксама Аляксандр Сырскі пракаментаваў сумесныя расійска-беларускія вучэнні, якія павінна прайсці восенню ў Беларусі і выказаў думку, ці можна іх параўнаць з вучэння напярэдадні ўварвання ва Украіну зімой 2021-2022 года.
«Усе вучэнні маюць пэўную мэту. І адна з такіх мэтаў — гэта схаванае стварэнне групоўкі наступальных войскаў. То-бок бачнасць вучэнняў — гэта найбольш прымальны спосаб перадыслакаваць, перакінуць войскі, скампанаваць іх на пэўным напрамку і стварыць групоўку войскаў. Уласна кажучы, менавіта так усё і пачыналася ў 2022 годзе. Вы ж памятаеце, што спачатку была сфармаваная групоўка, яна праводзіла навучанні, і мы ўсе спадзяваліся, што яны скончацца, расійскія войскі вернуцца на сваю тэрыторыю», — сказаў галоўнакамандуючы УСУ.
Каментары