«У часці было шмат «кульгавых». Як цяпер служаць у войску тыя, хто да 2023 лічыўся непрыдатным
Сяргея (імя зменена) прызналі непрыдатным да службы ў войску ў мірны час яшчэ ў 2020 годзе. Але ў лютым 2023-га ў Беларусі перагледзелі патрабаванні да прыдатнасці прызыўнікоў — і «сюрпрыз-сюрпрыз». Крыху менш за паўгода таму Сяргей вярнуўся з войска і расказаў Devby пра свае армейскія будні.

«У нашай часці было шмат «кульгавых». Некаторыя былі прыдатныя толькі для працы за камп’ютарам»
Я павінен быў ісці служыць яшчэ ў 2020 годзе — адразу пасля ўніверсітэта: разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі выдаецца позва ў ваенкамат.
Але мяне прызналі непрыдатным да службы ў мірны час з перааглядам праз тры гады.
Я збіраў паперы, што пацвярджаюць дыягназ, аднак у лютым 2023 года патрабаванні да стану здароўя змянілі — і я стаў абмежавана прыдатным. Што гэта значыць? Ды нічога! Я служыў на роўных з тымі, хто быў абсалютна здаровы і цалкам прыдатны да службы.
У дзень, калі нас саджалі ў аўтобус, сабралі ў адным з кабінетаў ваенкамата і сказалі, што палова сёння нікуды не паедзе. Маўляў, перавыконваюць план па прызыўніках. Яно і нядзіўна — з такімі патрабаваннямі да стану здароўя.
Род войскаў і месца службы пакіну ў сваім расказе без персаналізацыі, адзначу толькі, што ў нашай частцы было шмат «кульгавых». Некаторыя з іх былі прыдатныя толькі для працы за камп’ютарам. Рабіць дакументы за начальніка штаба — нармальная практыка, якая дазваляе атрымаць адзін або некалькі дзён у дадатак да адпачынку, ну або хаця б дзённае звальненне: у 9:00 раніцы цябе забірае мама або тата, а ўжо ў 17:00 ты зноў у часці. Гэта тычыцца і тых, каму ўжо за 25 гадоў.
«Вагнераўцы не дужа любілі нашых афіцэраў. З салдатамі тэрміновай службы былі добразычлівыя»
Курс маладога байца доўжыцца месяц. На другі ці трэці тыдзень нас павезлі на стрэльбішча і далі стрэліць па 3 патроны з АКС-74.
Рэгістрацыі траплянняў не было наогул — трэба было проста адстраляцца і здаць гільзы.
Былі выпадкі, калі я страляў за жанчын-кантрактніц, проста таму што яны баяліся, а патроны трэба было спісаць. Але для мяне гэта было шчасце, бо ў сярэднім раз на два месяцы мы стралялі па патронаў 8.
Шмат афіцэраў з нашага падраздзялення ездзілі на заняткі па агнявой падрыхтоўцы да вагнераўцаў, пасля частку гэтага досведу перадалі і нам. Некаторым саслужыўцам нават удалося непасрэдна павучыцца ў іх. Са слоў таварыша магу толькі сказаць, што вагнераўцы не дужа любілі нашых афіцэраў. Аднак з салдатамі тэрміновай службы былі вельмі добразычлівыя.
Трохі пра будні: на курсе маладога байца (КМБ) нас асабліва фізічнай працай не напружвалі. Сяржанты праводзілі нешта накшталт заняткаў па медыцынскай вайсковай падрыхтоўцы, разбіралі з намі званні, уладкаванне аўтамата і гэтак далей. Доўжыцца гэта прыблізна тыдзень-два.
З надыходам зімы пачынаецца бясконцая прыборка снегу. Інвентару — то-бок нармальных рыдлёвак — хапала не ўсім і не заўсёды. Я быў сведкам таго, як хлопец прыбіраў снег ломам.
Яшчэ на КМБ многія пачалі лічыць «дні да дому», зафарбоўваючы квадрацікі ў нататніку ці выкрэсліваючы лічбы са спісу — ад 365 да 1. Сяржанты з гэтым змагаліся і калі такія запісы выяўляліся — каралі, бо па нейкай прычыне лічылі гэта «турэмнай традыцыяй».
Пасля курса маладога байца нас размеркавалі ў падраздзяленне, дзе я правёў большую частку сваёй службы. Далей — толькі дзяжурствы і фізічная праца, калі пашанцуе — дзяжурствы на тэхніцы. Дзяжурствы ў нас былі пераважна праз суткі. Гэта калі вы заступаеце ў 17:00 і да 17:00 наступнага дня, напрыклад, стаіце днявальным.
«Дурной працы вышэй даху: выдзіралі траву, «гуталінілі» колы тэхнікі»
Паводле статута пасля змены з нараду забараняецца прыцягваць тых, хто адпрацаваў, да фізічнай працы. Аднак гэтае правіла ў нашым падраздзяленні ўвогуле не выконвалася. Часам мы працавалі да 2:00 ночы, а пад’ём — зноў у 6:00.
Дурной працы там вышэй даху: мы рукамі выдзіралі траву, што прабіралася праз пабіты асфальт або плітку; «гуталінілі» крэмам для абутку колы тэхнікі; палкамі, выразанымі з металапрофілю, падобнымі да мачэтэ, сяклі летам траву.
У нас таксама было шмат будаўнічых работ. Хлопцы будавалі навес для тэхнікі, клалі плітку, рэзалі метал балгаркай, высякалі лес.
Я працаваў за камп’ютарам у начальніка штаба — цалкам браў на сябе частку яго працы. Заключалася гэта ў тым, што я складаў канспекты да заняткаў, якія быццам бы праводзяцца кожны месяц для асабовага складу (гарантаванне бяспекі вайсковай службы, вайскова-медыцынская падрыхтоўка, інжынерная падрыхтоўка, фізічная падрыхтоўка і г. д.). Усё гэта існавала толькі на паперы.
У маім падраздзяленні «дзедаўшчыны» як такой не было. Пад гэтым словам я разумею збіццё, фізічны гвалт і іншыя формы рукапрыкладства. Лаянка і сваркі былі пастаянна — але ніхто не біўся. Былі выпадкі, калі адныя салдаты забаранялі іншым тэлефанаваць родным у належны час. Як вайскоўцы тэрміновай службы, так і афіцэры маглі кпіць з таго, што ты хочаш патэлефанаваць бацькам. 19-гадовы «дзед» мог вучыць жыццю 24-гадовага навабранца — гэта смех.
Увогуле хачу сказаць, што войска мне здароўя зусім не дадало. З-за пастаянных нарадаў дянвальным у мяне з’явіўся варыкоз (бо суткамі стаіш на «тумбе») і ўтварылася пахавая грыжа. Ці шкадую я пра згублены год? Так. Сагравае толькі думка, што мне больш не трэба пра гэта думаць — і я магу забыць усё, што там адбывалася, як страшны сон.
«Пасля войска спатрэбіўся прыкладна месяц, каб адаптавацца ў грамадстве»
Да войска я працаваў старшым менеджарам па продажах. На працы ніхто да апошняга не думаў, што мяне прызавуць. Канчатковае рашэнне старшыні камісіі ў ваенкамаце я атрымаў за пару дзён да адпраўкі да месца службы. У кампаніі да апошняга не хацелі аплачваць гадзіны, якія я праводзіў у ваенкамаце. У выніку за год на маё месца паставілі чалавека з майго аддзела — я вырашыў туды не вяртацца.
Мая праца была больш пра софт-скілы. Пасля войска мне спатрэбіўся прыкладна месяц, каб адаптавацца ў грамадстве.
У войску я чытаў толькі мастацкую літаратуру, каб забіць час. Кніг па праграмаванні і тэставанні ў нас не было, як і магчымасці практыкавацца на камп’ютары.
Цяжка сказаць, як не страціць прафесійныя навыкі за год службы. У маім падраздзяленні мы ў асноўным працавалі з будаўнічымі інструментамі і інвентаром для прыборкі. У войску я навучыўся толькі працаваць лапатай, граблямі. Яшчэ навучыўся ідэальна запраўляць ложак і выраўноўваць коўдру «па нітцы» — нічога з гэтага мне не спатрэбілася.
Пасля войска я ўзяў сабе двухтыднёвы адпачынак, потым пачаў актыўна шукаць працу, адгукацца і хадзіць на сумоўі. Была маса прапаноў, але заробак — нізкі. Зараз я працую інструктарам па стральбе, уладкаваўся праз паўтара месяца пасля дэмабілізацыі. Але кантракт працягваць не буду — хачу стаць тэставальнікам.
Каментары
Гэта будзе штосьці накшталт наступу талібаў у Афганістане: войскі пакідаюць тэхніку ды зброю і разбяруцца.