Свет

«Салдаты, якія ўдзельнічалі ў разгоне, размаўлялі па-руску». Як расстралялі Плошчу ў Алматы

Адзін з лідараў казахскіх пратэстаў расказаў у інтэрв'ю «Сібір. Рэаліі» аб тым, як гэта было і чаго свет, з прычыны татальнай інтэрнэт-блакады, не ведае.

Дэманстранты ў Астане 5 студзеня. Фота Абдуазіза Мадыярава, Франс Прэс.

Раніцай 8 студзеня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў абвясціў наступны панядзелак днём жалобы. «У сувязі са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў выніку трагічных падзей у шэрагу рэгіёнаў краіны прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прыняў рашэнне абвясціць 10 студзеня 2022 года днём агульнанацыянальнай жалобы», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Берык Уалі.

У той жа час афіцыйна ўлады кажуць толькі пра 18 загінулых супрацоўнікаў праваахоўных органаў і 26 ахвяраў сутыкненняў з боку мітынгоўцаў.

Грамадзянскія актывісты кажуць пра тое, што ахвяр сярод пратэстоўцаў значна больш, і асноўная частка з іх, мяркуючы па ўсім, загінула 5 студзеня падчас сутыкненняў і расстрэлу лагера мітынгоўцаў на цэнтральнай плошчы Алматы 6 студзеня.

«Сібір.Рэаліі» пагаварылі з відавочцам і ўдзельнікам гэтых падзей, адным з тайных лідараў пратэстоўцаў, палітычным актывістам і праваабаронцам 64-гадовым Мейрханам Абдуманапавым.

— Якім чынам і калі для вас пачаліся пратэсты, у які момант вы апынуліся на плошчы?

— Калі толькі пачаліся пратэсты ў Алматы, г.зн. 4 студзеня, на плошчу я трапіць не змог. У Казахстане ў сілавікоў распаўсюджаны такі «прэвентыўны» метад, у дзень любога мітынгу да ўсіх актывістаў прыязджае паліцыя і блакуе іх дамы.

Калі актывіст выходзіць на вуліцу — яго ўмомант затрымліваюць і адпраўляюць у аддзяленне. І там, не афармляючы ніякіх дакументаў, трымаюць суткі, пакуль дэманстрацыя ці акцыя не скончыцца. А пасля адпускаюць без складання пратаколу. Як быццам нічога не было.

Трэцяга студзеня раніцай да майго дома пад'ехала адразу чатыры паліцэйскія машыны. З'ехалі яны толькі позняй ноччу, калі ў Алматы ужо пачаўся кіпіш. Зрэшты, я даведаўся пра тое, што машын няма, толькі пятага, пасля таго як прачнуўся і паглядзеў у акно.

— Вы жывяце не ў самім горадзе?

— Так, я жыву ў пасёлку Фабрычным, размешчаным дзесьці за 40 з невялікім кіламетраў ад Алматы. Як толькі я прачытаў у інтэрнэце, што людзі ідуць да плошчы Рэспублікі, я адразу паспрабаваў дабрацца да горада. Але зрабіць гэта адразу мне не ўдалося. Горад да таго часу ўжо быў закрыты для ўезду.

Усе аднавяскоўцы, якія працуюць у Алматы і раніцай адправіліся на працу, праз пару гадзін былі вымушаныя вярнуцца дадому, бо іх проста развярнулі. Пасля абеду, ужо пасля таго, як улады адключылі інтэрнэт, зрэшты, зрабіць гэта аказалася прасцей. І я прарваўся.

— Калі вы ўсё-ткі дабраліся да плошчы Рэспублікі, што вы ўбачылі?

—Калі я дабраўся да плошчы, там было ўжо вельмі шмат людзей, цэлае мора, а акімат горада, гэта значыць адміністрацыя, гарэў. Я спытаў: хто гэта зрабіў? Мне адказалі, «Невядомыя людзі». «Нам трэба было, каб акімат быў цэлы, каб зрабіць там штаб, — кажуць. — Але нейкія людзі пад выглядам дэманстрантаў падпалілі». Прычым у падпальшчыкаў было ўсё гатова загадзя, у тым ліку і гаручае.

Потым спыніць натоўп было немагчыма. Пайшлі захопы адзін за адным.

На плошчы, калі глядзець на поўдзень, з правага боку перад акіматам знаходзіцца офіс тэлебачання «Казахстан-1». Я стаў раіць выкарыстоўваць яго, але вельмі хутка высветлілася, што і яго таксама разграмілі, зайшлі «малойчыкі», ва ўльтыматыўнай форме запатрабавалі, каб іх выпусцілі ў эфір, ім адмовілі, і правакатары з бітамі і арматурамі пачалі граміць канал, разламаўшы ўсё абсталяванне.

З поўдня ад плошчы ёсць яшчэ адзін комплекс: «КТК», камерцыйнае тэлебачанне, на яго таксама ўжо паспелі здзейсніць напад. «Бачыш дым? — казалі. — «КТК» таксама разбілі, скралі на мільён абсталявання і падпалілі».

— Хто былі гэтыя «малойчыкі»?

— Ніхто не ведае. На плошчы было столькі людзей, што зразумець, хто менавіта чым заняты, было немагчыма, актывісты і знаёмыя трымаліся адзін з адным, групамі, але апазнаць, адкуль прыйшла тая ці іншая група, было нельга.

Прычым падзеі развіваліся стыхійна. Адзінай арганізацыі не было. У нейкі момант на плошчы, напрыклад, не знайшлося ніводнага мікрафона або гучнамоўніка, каб можна было выступіць.

Народ да акімата, былога Дома ўрада, з'язджаўся не проста з усёй Алматы, але і з суседніх гарадоў, кожны дабіраўся самастойна. Кожная група была занятая сабой, ніхто нікога фактычна не чуў і не слухаў. Вакол шум, гам, усе радуюцца.

— Захоп будынкаў вы назіралі самі?

— Не. Але мне тут жа распавялі, што чыноўнікі і паліцыя з акімата збеглі па падземных хадах, калі паўсталыя ўварваліся туды, там было нават выключана святло. Нікога. У будынку засталося толькі некалькі салдат.

Яшчэ пятага, калі людзі ішлі да плошчы ад вуліцы Мамышулы і Абая, група малойчыкаў 25—30 чалавек прынялася граміць вітрыны і перакульваць машыны, паліцэйскія сталі страляць гумовымі кулямі, кідаць святлошумавыя гранаты. І ў далейшым паліцыя вяла сябе з людзьмі дастаткова жорстка.

Калі хлопцы, якія былі ў акімаце, здаліся, некаторых з іх збілі, Гарачыя галовы, узлаваныя, але большасць хлопцаў самі дэманстранты паспелі абараніць, сказаўшы: «Не чапайце іх, гэта нашы хлопцы, проста яны на службе».

Наогул, з разгромам тэлебачання, на мой погляд, дэманстрантаў пазбавілі сродкаў сувязі. Камусьці вельмі хацелася выставіць нас варварамі.

— Што адбывалася далей?

— Адначасова з гэтым па ўсім горадзе знікла паліцыя. Яны проста разышліся і замкнуліся па дамах. Даўшы гэтым карт-бланш усялякім прайдзісветам і крымінальнікам.

Справа ў тым, што, адключыўшы Інтэрнэт, улады паралізавалі не толькі банкаўскія сэрвісы, СМІ, але і звычайныя гарадскія службы.

Без Інтэрнэту сістэмы аховы і сігналізацыі ва ўсіх крамах проста адключыліся — тады марадзёры і рынуліся граміць вітрыны і выцягваць дарагую тэхніку. Дэманстрантам гэтага было не трэба.

— Усё, што ў далейшым адбывалася на плошчы, вы назіралі самі?

— Так. Я прыехаў ужо пасля ўсіх захопаў і заставаўся на плошчы да самага канца. Ноч з пятага на шостае выдалася трывожная. На месцы засталася дзесьці дзясятая частка. Астатнія разышліся па дамах. Мы ўсе чакалі штурму, таму пабудавалі з загараджальных шчыткоў плот. Але начнога штурму так і не адбылося.

— Калі адбылося абвастрэнне?

— Прыкладна ў 9 гадзін раніцы 6 студзеня на плошчы з боку вуліцы Фурманава — пераназванай у вуліцу Нурсултана Назарбаева — з'явіліся вайсковыя грузавікі, машыны і некалькі бронетранспарцёраў з кулямётамі наверсе. Адтуль выйшлі салдаты і па ўсім перыметры з аўтаматамі атачылі плошчу.

Тады восем чалавек, самых старэйшых па ўзросту, у тым ліку і я, ад мітынгоўцаў выйшлі да іх наперад, з белым сцяжком і паднятымі ўверх рукамі, каб правесці перамовы.

Калі мы перайшлі загараджальныя шчыткі, якімі ноччу самі і агарадзілі лагер, у нас пачалі страляць. Гэта былі папераджальныя стрэлы. Але побач са мною буйны мужчына, гадоў за 50, маладзейшы за мяне, раптам упаў. Куля яму трапіла ў левае сцягно. Мы да таго моманту ўжо адступілі назад, у бок загароды. Але я не змог кінуць параненага і вярнуўся. З цяжкасцю я яго падняў і данёс да загароды, адтуль мы яго ўжо адправілі ў бальніцу.

Стральба спынілася. Мы працягнулі махаць рукамі, прапаноўваць перамовы. Нас папярэдзілі праз гукаўзмацняльнік па-казахску, каб мы не падыходзілі. У выніку праз хвілін 10 або 15 — відаць, раіліся — да нас выйшаў афіцэр. Далі знак, каб мы падышлі да шчыткоў.

Ён назваў сваё імя і прозвішча, якую я цяпер не магу ўспомніць. Камандзір і нас сямёра. Ён сказаў: «Так, я ўсё ведаю, хто былі тыя пагромшчыкі, гэта не з вашых. Вы можаце працягваць дэманстрацыю, адзіная ўмова: калі апынуцца выпадкова сярод вашых узброеныя малойчыкі, вы іх выдаліце самі, каб іх не было, бо калі, не дай бог, сярод маіх салдат каго-небудзь яны раняць, мы адкрыем агонь у адказ — за наступствы я не адказваю».

Мы вярнуліся ў лагер. З некалькіх тысяч чалавек зброя толькі ў пяцярых. Сілком раззброіць іх мы не маглі, раптам яны пачнуць супраціўляцца, мы без зброі. Мы папрасілі іх сысці, і яны адышлі.

— Як падзеі развіваліся потым?

— З дзевяці раніцы да паловы сёмага вечара ўсё было спакойна. Днём у лагер сталі прыходзіць паведамленні: «Разыходзьцеся. У горад прыбыло падмацаванне: расійскія войскі і часткі АДКБ, Беларускія, армянскія і яшчэ нейкія, яны будуць разганяць сілай».

Толькі мне асабіста патэлефанавала з такой парадай пяць чалавек. І кожны раз суразмоўца сцвярджаў, што інфармацыя «з дакладных крыніц». «Сёння ўвечары ці ўначы будуць страляць на паражэнне».

Мы прынялі інфармацыю да ведама, але не паверылі. Некаторыя актывісты, зрэшты, у выніку ўсё ж сышлі і адвялі людзей, якія прыйшлі з імі. Напрыклад, стары апазіцыянер Жасарал Куанышалін, якога мы першапачаткова збіраліся прызначыць кіраўніком штаба, ён удзельнічаў у ранішніх перамовах, ці такі вядомы актывіст, як Жанбалат Мамай. Ён заклікаў сысці. Здаецца, яго за гэта потым пабілі.

— Колькі ўсяго чалавек пакінула плошчу?

— Я не ведаю. Іх прыхільнікі сталі ўгаворваць навакольных: «Тут будуць страляць, сыходзьце». Але я адказаў, што нікуды не пайду, таму што гэта здрада. Як сцямнела, у 18:30 або 18:40, на плошчы сапраўды з'явіліся бронетранспарцёры з кулямётамі. Спачатку з усходняга. потым з заходняга боку. Страляць яны пачалі на паразу без папярэджання. Людзі кінуліся ўрассыпную, я ўбачыў, што некаторыя ўпалі.

Я сам бачыў сваімі вачыма сем чалавек. Кагосьці параніла ў руку, кагосьці ў галаву. З іх дваіх мы змаглі вывезці, параненых, а астатніх — не. Двое зусім маладых дзяўчат і адзін хлопец, яны ўжо не падавалі прыкмет жыцця. Яшчэ адзін пажылы, цяжкі, жывы, я паспрабаваў яго падняць, але не мог.

Пакуль я яго спрабаваў выцягнуць апошняга, некалькі куль патрапілі зусім побач, цудам не зачапіўшы, і мне давялося пакінуць яго. А 19:01 — вось у мяне на тэлефоне выклік — я тэлефанаваў з плошчы ў хуткую, каб тыя забралі параненых, якіх мы не змаглі вывесці.

Пад градам куль мы вымушаныя былі пакінуць плошчу. Па шляху я ўбачыў легкавую машыну. Там двое маладых хлопцаў, адзін за рулём, другі побач. Машына заведзеная, відаць, яны спрабавалі на машыне з'ехаць, але лабавое і задняе шкло расстраляныя, а хлопцы мёртвыя ўжо, без прыкмет жыцця.

Далёка ад плошчы мы не сталі сыходзіць, схаваліся ў дварах. А праз дзве гадзіны вярнуліся паглядзець, ці забрала хуткая параненых, пра якіх мы ёй сказалі. Іх целы былі на месцы, г.зн. хуткая так і не прыехала. Колькі ўсяго чалавек загінула толькі на плошчы, мы не ведаем.

— Што было потым?

— Тут ізноў пачалі страляць, і нам прыйшлося зноў адступіць. Цяпер ужо канчаткова. Трубку хуткая паўторна ўжо проста не падняла. Салдаты былі ўсе без апазнавальных знакаў, у чорнай з ног да галавы форме. Калі раніцай да нас звярталіся толькі па-казахску, і на тым баку былі нашы, казахі, то тут праз гучнагаварыцель мы чулі толькі рускую прамову.

— Салдаты, якія ўдзельнічалі ў разгоне, размаўлялі па-руску?

— Так. У гэты раз да нас салдаты звярталіся толькі па-руску. І пагрозлівым тонам: «Вызваліце плошчу, будзем расстрэльваць». Ні слова па-казахску. З чаго мы зрабілі выснову, што гэта былі расійскія войскі. Як нас і папярэджвалі днём.

Другі раз мы прынялі рашэнне пакінуць плошчу праз вуліцу Жэлтаксан, гэта з заходняга боку ад плошчы, і спусціліся да вуліцы Абая, пайшоўшы па ёй зноў жа ў заходнім кірунку.

Усю дарогу мы чулі гукі стрэлаў. За спінай. Хто і куды страляў, мы не ведалі. На вуліцы нікога не было, толькі машыны са скручанымі нумарамі. Я так разумею, гэта тыя, хто краў бензін з заправак і лазіў па крамах. Але мы стараліся не заязджаць на тыя вуліцы, дзе шмат супермаркетаў.

— У выніку вы пакінулі горад?

— Не. Пакінуць горад я не змог, калі мы досыць хутка апынуліся на ўскраіне, стрэлы сціхлі, ні марадзёраў, нікога па шляху асабіста мы не сустрэлі. Пры ўездзе ў мікрараён Калкаман, на заходняй ускраіне, дарогу перакрылі нейкія маладыя хлопцы-казахі. Яны стаялі і не ведалі, ці ехаць ім у цэнтр або тут чакаць, што гэта былі за хлопцы, я не ведаю, але ніякіх «барадачоў», вахабітаў сярод іх не было.

Ноччу ў свой пасёлак трапіць мне не ўдалося, транспарту не было, так што я адправіўся пешшу да брата, які жыве ў горадзе. Усю раніцу мне тэлефанавалі знаёмыя, якія шукалі сваіх сваякоў, якія былі на плошчы і перасталі адказваць на тэлефоны. Асета Абішава, Бекена Бейсаліева ды іншых.

Як мне распавялі, частка людзей, якія былі на плошчы, схаваліся ў былым кафэ і здолелі пераседзець там ноч. Раніцай яны выйшлі адтуль з паднятымі рукамі, але расстрэльваць іх ужо не сталі. Далі сысці з плошчы.

— Дзе вы цяпер?

— Цяпер, каб дабрацца да Інтэрнэту, я каля мяжы з Кыргызстанам. Я з кіргізскай сім-картай. Дабраўся сюды на спадарожнай машыне, злавіў машыну, па ўсёй дарозе стаяць вайсковыя патрулі, шманаюць машыны, шукаюць зброю, правяраюць дакументы.

Усе мітынгі ў Казахстане маюць дазвольны характар, іх трэба ўзгадняць за пяць дзён, а ў тым выпадку, калі ўлады яго не ўзгаднілі, удзельнікам пагражае па 488-м артыкуле нашага кодэкса 10—15 сутак арышту. Або штраф. Гэты артыкул даўно стаў стандартным рэпрэсіўным інструментам у руках уладаў.

Улады ніколі не даюць дазволу і заўсёды разганяюць. Вось і ў гэты раз яшчэ да пачатку асноўных падзей уладам удалося «закрыць» многіх мясцовых лідараў і папулярных актывістаў, так што да пачатку алмацінскіх падзей многія з іх ужо апынуліся пад адміністрацыйным арыштам, — сказаў Мейрхан Абдуманапаў.

Па словах галоўнай рэдактаркі алмацінскага выдання Orda.kz Гульнары Бажкенавай, яна з калегамі была ўвечары 7 студзеня на плошчы Рэспублікі — ужо пасля разгону лагера пратэстоўцаў. У інтэрв'ю Сібір. Рэаліі яна сказала, што іх здымачная група хацела сфатаграфаваць перакулены аўтамабіль, але ў гэты момант на іх паехаў ваенны «Хамер» і з гучнамоўніка пачулася папярэджанне аб тым, што зараз па іх адкрыюць агонь. Пасля чаго Гульнара з калегамі хутка пакінулі плошчу.

— Так, папярэдзілі нас з гучнамоўніка па-руску. Але трэба сказаць, што казахскія сілавікі таксама часта звяртаюцца да грамадзян на рускай. Маладыя салдаты, тэрміновікі з поўдня, мабыць, рускую мову ведаюць не так добра, а тут была чыстая руская мова. Але ж гэта мог быць і казахскі афіцэр.

Я гаварыла з некалькімі людзьмі, якія былі на плошчы 7 студзеня і прысутнічалі пры разгоне лагера. Ніхто з іх не можа дакладна сказаць, чые сілавікі гэта былі — казахстанскія ці расійскія. Сёння вось мы былі на плошчы зноў, і мой калега бачыў, што там ужо стаялі войскі АДКБ, кажа, па нашыўках вызначыў.

Між тым яшчэ 6 студзеня генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась заявіў у інтэрв'ю РІА, што сілы Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі не будуць прымаць удзел у разгоне дэманстрацый у Казахстане.

Каментары

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў16

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна працягваліся чатыры гадзіны5

Ціханоўская прызналася, што не ўмее гатаваць катлеты9

«Будуць каштаваць як крыло самалёта». Беларусы паказалі, як ратуюць ягады і гародніну ад замаразкаў

Былы афіцэр Унутраных войскаў з захапленнем вяртаецца да беларускай мовы5

«У часці было шмат «кульгавых». Як цяпер служаць у войску тыя, хто да 2023 лічыўся непрыдатным2

«Шанцы на спыненне агню роўныя нулю». ЗША паведамілі Еўропе, што перамовы з Пуціным зайшлі ў тупік15

Пуцін прапанаваў пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў3

Лукашэнка заклікаў не зважаць на псіхіку дзяцей тады, калі трэба праводзіць прапаганду22

Пад Лепелем адбылася страшная аварыя са смяротным вынікам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў16

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць