Культура11

«Ніц з тымі каровамі не станецца, я вас правяду»

Да ўгодкаў смерці слыннага гісторыка Юрыя Туронка піша ў сваім фэйсбуку Міхась Скобла.

Пяць гадоў таму, 2 студзеня 2019 года, сышоў ад нас гісторык Юры Туронак… 

Не мною заўважана, што гісторыя чалавецтва — гэта пераважна гісторыя войнаў. Не стала тут выняткам і гісторыя Беларусі — на нашай тэрыторыі зброя лязгала часцей чым дзе. Але паколькі войны на беларускай зямлі, як правіла, ішлі за чужыя інтарэсы, то і гісторыю гэтых войнаў для нас пісалі таксама чужакі. Як прыклад, можна прывесці таўшчэзны двухтомнік «Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў» аўтарства Цанавы. 

Паводле гэтага партызаназнаўцы ў генеральскіх пагонах, ледзь не з першых дзён вайны ўсе беларусы, якія не паспелі змабілізавацца ў Чырвоную армію, шчыльнымі радамі пайшлі ў лес, адкуль білі фашыстаў і днём, і ўночы, і ў хвост, і ў грыву. На падобных гісторыях і выхоўваліся мы ўсе, у тым ліку аўтар гэтых радкоў. 

З таго часу прайшлі доўгія гады, пакуль складаная гісторыя апошняй вайны больш-менш упарадкавалася ў маёй галаве. І ўпарадкаваў яе гісторык з Варшавы Юры Туронак.

Памятаю, як на маіх вачах у мінскай кнігарні «Светач» людзі стаялі ў чарзе, каб набыць ягоную «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». І бралі па дзве, па тры — сабе і сябрам. Дайце веры, навуковая кніга стала сапраўдным бестселерам!

Зразумела, што і ўсе пазнейшыя кнігі Юрыя Туронка не прайшлі міма мяне — і «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем», і «Людзі СБМ», і «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», і — нарэшце — «Мадэрная гісторыя Беларусі», куды ўвайшлі асноўныя працы гісторыка. Усе кнігі чыталіся запойна. Помню, чытаў і думаў — гэта ж адзін чалавек зрабіў работу за цэлы інстытут, прычым не маючы папярэднікаў, ідучы па цаліку. Асоба! А паколькі асоба тая жыла ў Варшаве, куды і пасля прыўзнятай жалезнай заслоны даехаць было няпроста, то звестак пра Туронка мы мелі мала. Хацелася ведаць больш. 

І як жа я быў рады (думаю, не толькі я), калі ў свет выйшлі Туронкавы мемуары «За кардонам Бацькаўшчыны», выдадзеныя ў бібліятэчцы часопіса «Беларускі гістарычны агляд». Тыя мемуары я прачытаў на адным дыханні. Туронак і ў мемуарным жанры застаўся гісторыкам, таму падрабязна выклаў гісторыю сваіх родных Дукштаў — з лічбамі і табліцамі, па якіх можна параўнаць два стагоддзі ў жыцці мястэчка — XIX-е і XX-е. У Дукштах будучы гісторык у 1929 годзе прыйшоў на свет, там немаўлём быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ксяндзом Зянонам Буткявічусам, там падшпаркам на вуліцах услухоўваўся ў польскую, габрэйскую, расійскую і літоўскую мовы. (Свая — беларуская — культывавалася ў сям’і, у доме, дзе на сценах віселі партрэты Багушэвіча, Купалы і Казіміра Сваяка.)

«Jak ty sіę nazyvasz? Jureczek?» — пыталася ў трохгадовага лабатага хлопчыка суседка. «Nie Jureczek, а Юрачка», — адказваў той насуплена, і рабілася відавочным — такога не перавучыш і не пераназавеш. 

Вялікую ўдзячнасць да сваіх бацькоў — Браніслава Туронка і Марыі з дому Рэшэцяў — захаваў у сваім сэрцы сын. Бацька, лекар па прафесіі, лячыў усю ваколіцу, а сабе не дапамог — рана памёр ад запалення лёгкіх. Але спрыяў сыну і пасля смерці — у 1942 годзе, пачуўшы прозвішча Туронак, дырэктар віленскай гімназіі без іспытаў залічыў Юрку ў гімназісты і нават вызваліў ад платы за навучанне ў 100 марак. Прыйдзе час, і ўдзячны сын напіша пра бацьку цэлую кнігу, якую выдасць слынны нью-ёркскі БІНіМ. 

Кніга «За кардонам Бацькаўшчыны» — гэта панарама чалавечага жыцця, дзе трэба — дакладна-падрабязная (відно, што аўтар абапіраецца на дзённікі), дзе трэба — жывапісна-кінематаграфічная. Вось толькі адна з яскравых сцэнак. 29 чэрвеня 1944 года, Дукшты.

Беларус Пецька Кузьміцкі, які служыць у латышскім (!) вайсковым аддзеле, у форме люфтвафэ (!) ідзе з вінтоўкай на варту і спявае на ўсю вуліцу расійскую савецкую (!) песню «С нами Сталин родной, он железной рукой…».

Наўрад ці дзесяцігадовы падлетак разумеў усю трагікамічнасць гэтай сітуацыі, але — запомніў, каб потым выкарыстаць як аздобу-дэталь у сваіх мемуарах. 

Калі ў 2015 годзе мы здымалі фільм пра Зоську Верас і вандравалі па роднай ёй Беласточчыне, заехалі ў вёску Трыпуці, дзе ў Туронка было лецішча. Ён меўся паўдзельнічаць у здымках, бо доўгі час сябраваў з гераіняй нашага фільма, ліставаўся з ёю. Вёска немалая, сувязі там тады чамусьці не было — дзе шукаць? Пры дарозе пасвіў кароў дзядзька з пугай-дратаванкай.

Даведаўшыся, каго мы шукаем, ён пакінуў статак і на ровары суправаджаў нас на другі канец вёскі, да самага лецішча. І ўсё паўтараў: «Пан прафесар Туронак — вельмі паважаны ў нас чалавек, ніц з тымі каровамі не станецца, я вас правяду». 

Гісторык Юры Туронак сапраўды варты нашай павагі і ўдзячнай памяці. Заслужана паважалі яго не толькі ў лясных Трыпуцях, але і ў Беластоку, і ў Вільні, і ў Мінску — па ўсім неабсяжным беларускім свеце.

Каментары1

  • Iva
    04.01.2024
    Цікавы чалавек. Цудоўны артыкул. Такіх людзей трэба ведаць.

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі дзве крымінальныя справы2

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі7

Аўтобус з беларусамі перакуліўся пад Варшавай1

Які прыгожы трэнд: людзі ператвараюць свае газоны ў някошаныя лугі10

Уначы па усёй тэрыторыі Беларусі былі замаразкі, апроч аднаго горада4

Сёння Радаўніца — дзень, калі наведваюць магілы продкаў2

У беларускага А1 рэкорд па чыстым прыбытку — 369 мільёнаў рублёў. Але дзяржава зарабіла на гэтым бізнэсе яшчэ больш1

У Іспаніі і Партугаліі аднаўляюць падачу электраэнергіі і шукаюць прычыну маштабнага блэкаўту

Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць