Аўто22

Кітайскі аўтапрам заваёўвае свет. Не без дапамогі Захаду

Пад канец 2023 года доля кітайскіх марак сярод новых легкавых аўтамабіляў, прадаваных у Беларусі, перавысіла 84%. Але рост попыту на аўто кітайскіх брэндаў назіраецца ва ўсім свеце, хоць і не такімі імклівымі тэмпамі, як у нас. «Наша Ніва» разбіралася, што спрыяе кітайскай аўтамабільнай экспансіі.

Фота: «Наша Ніва»

Сусветныя рэкорды продажаў

У 2023 годзе Кітай прадаў рэкордную колькасць аўтамабіляў на экспарт, апярэдзіўшы па гэтым паказчыку Японію. За мінулы год экспарт аўтамабіляў з Кітая вырас на 62%, да каля 4 млн штук. Паралельна з гэтым, краіна з'яўляецца сусветным лідарам па вытворчасці электрамабіляў. На долю Кітая прыходзіцца ўжо 65% сусветных продажаў аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі.

Але нягледзячы на імклівы рост попыту на электрамабілі і гібрыды, Кітаю ўдаецца мець добрыя паказчыкі прыросту і ў сегменце аўто з рухавікамі на традыцыйным паліве.

Прычым тут Расія?

Асноўнымі рынкамі збыту машын з традыцыйнымі рухавікамі з'яўляюцца такія краіны, як Расія і Мексіка. Прычым доля РФ амаль у два разы большая. У структуры кітайскага экспарту аўтамабілей у фізічным выражэнні РФ займае першае месца і складае каля 25% ад агульнага аб'ёму.

Адметна, што яшчэ некалькі гадоў таму цікавасць да аўто кітайскіх брэндаў у расіян была невялікай. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну на долю кітайскіх аўто на расійскім рынку прыходзілася толькі 9%. Да канцу 2022 года — 37%, а па стане на снежань 2023 года — ужо 61%. І гэта без уліку шэрага імпарту фізічнымі асобамі.

Адным з асноўных чыннікаў, чаму так адбываецца, можна назваць санкцыі і сыход з РФ аўтавытворцаў сусветных брэндаў. У нейкім сэнсе яны зрабілі шчодры падарунак сваім кітайскім калегам-канкурэнтам, добраахвотна пакінуўшы ім хоць і не самы багаты, але ўсё ж вялікі рынак са 140-мільённым насельніцтвам.

А што з кітайскімі аўто ў Беларусі?

Сыход з Расіі сусветных аўтавытворцаў паўплываў на прырост продажаў аўто Made in China ў Беларусі і Казахстане.

Па выніках лістапада 2023 года, доля кітайскіх марак сярод новых легкавых аўтамабіляў, прадаваных у Беларусі, перавысіла 84% (да вайны каля 80% аўто, якія прадавалі нашы дылеры, вырабляліся ў Расіі). Пры гэтым, каля 70% дылерскіх продажаў прыйшлося на беларуска-кітайскія Geely. 

Фота: geely.by

Казахстан паўтарае за партнёрамі па ЕАЭС

Разам з Расіяй і Беларуссю прыкметны рост продажаў аўто кітайскіх вытворцаў назіраецца ў Казахстане, які знаходзіцца ў адзінай з намі мытнай прасторы. Прычыны, па якіх там пачалі больш купляць аўто кітайскіх брэндаў, тыя самыя, што ў Беларусі. Да вайны значная частка новых машын, прадаваных у Казахстане, выраблялася на заводах у Расіі.

На канец 2023 года доля кітайскіх аўто ў агульнай структуры продажаў Казахстана складала каля 30-32%. Пры тым, што ў першыя месяцы года іх доля вагалася ў межах 10-15%, а ў даваенным 2021 годзе — 3,5%.

Аўстралія

Рост продажаў аўто родам з КНР летась назіраўся не толькі ў Расіі, Беларусі і Казахстане. Выглядае, што тэндэнцыя на кітаізацыю мае сусветны маштаб. Значны рост попыту, хоць і не такі, як у некаторых краінах ЕАЭС, назіраецца, напрыклад, у Аўстраліі.

Калі ў 2022 годзе на аўстралійскім кантыненце прадалі 122 845 аўто, зробленых у Кітаі, то летась ужо 193 433 штук. Кітай стаў трэцяй па велічыні крыніцай новых аўтамабіляў у Аўстраліі. Пры гэтым, яшчэ ў 2018-м сярод краін-імпарцёраў новых аўто Кітай займаў 11 радок з 10,5 тысячы аўто.

Захад дапамагае Кітаю?

Кітайскі аўтапрам апынуўся ў выгадным становішчы з шэрагу прычын. З аднаго боку, ёсць сусветныя аўтавытворцы, якія аддаюць ім рынак РФ у камплекце з Казахстанам, Беларуссю і іншымі краінамі ЕАЭС. З іншага — развітыя краіны стымулююць пераход на электрамабілі, з вытворчасцю якіх Кітай мае відавочныя поспехі.

З 2020 года экспарт кітайскіх электракараў вырас з нуля да 50% у структуры міжнародных продажаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Кітай з'яўляецца абсалютным лідарам у вытворчасці акумулятараў для электракараў. Акрамя вытворчасці саміх батарэй, ён кантралюе значную частку асноўных рэсурсаў для вырабу іх кампанентаў. Так, на долю краіны прыпадае 85% вытворчых магутнасцяў у анодах і 70% у катодах для батарэй. Кітай апрацоўвае больш за 50% графіту, кобальту і літыю, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці, а таксама валодае 80% сусветных запасаў графіту.

Чытайце таксама: 

На заводзе «БелДжы» Лукашэнку паказалі начынку Geely. Колькі беларускага ў аўто?

МУС распрадае свае старыя Geely. Паглядзіце, як выглядаюць 10-гадовыя аўто беларуска-кітайскай вытворчасці

Lancia вяртаецца. Без дызеля і з вялікімі амбіцыямі

Каментары2

  • Трамп
    30.01.2024
    Вырошчваюць чарговага монстра
  • Кастусь
    30.01.2024
    Трамп, вот станешь президентом - все пофиксишь

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў13

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прапанаваў пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў3

Лукашэнка заклікаў не зважаць на псіхіку дзяцей тады, калі трэба праводзіць прапаганду22

Пад Лепелем адбылася страшная аварыя са смяротным вынікам

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

Кіроўцы былі цвярозыя. Што вядома пра аварыю аўтобуса пад Варшавай, у якой пацярпеў беларус

Азаронак так стараўся хутчэй расхваліць Лукашэнку, што спехам запосціў крамолу13

Трамп дапусціў, што можа перайсці на бок Украіны10

У беларускіх гарадах выстройваюцца гіганцкія чэргі на канцэрты расійскага артыста Лазарава19

«Раcтрушчэнне галавы». Сталі вядомыя прычыны смерці беларусаў, якія ваявалі за Расію8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў13

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць