Лаўроў: Прыпынення баявых дзеянняў ва Украіне па лініі сутыкнення не будзе — «у нас ёсць Канстытуцыя»
Перамір'я па лініі баявых дзеянняў, як і міжнародных міратворцаў, ва Украіне не будзе, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Катар.

Расійскі бок не разглядае ніякіх варыянтаў з размяшчэннем еўрапейскіх міратворцаў ва Украіне. Маскву пра гэта ніхто не пытаўся, а заявы прадстаўнікоў Захаду на гэты конт накіраваны на разаграванне канфлікту, заявіў Лаўроў.
«Мы ніякіх варыянтаў не можам разглядаць. Я не ведаю, што там [прэзідэнт Францыі Эманюэль] Макрон казаў [пра разгортванне еўрапейскіх міратворцаў ва Украіне], ён сваю ролю граў не вельмі пераканаўча ў Вашынгтоне, але прэзідэнт Трамп, як я чытаў, сказаў, што рашэнне аб разгортванні міратворчых сіл магчыма толькі са згоды абодвух бакоў, мабыць маючы на ўвазе нас і Украіну. Нас ніхто пра гэта не пытаецца», — сказаў Лаўроў.
Акрамя таго, Лаўроў заявіў, што прыпынення баявых дзеянняў ва Украіне па лініі судакранання не будзе — «у нас ёсць Канстытуцыя», падкрэсліў Лаўроў.
Па Канстытуцыі РФ, украінскія Запарожская, Херсонская, Данецкая і Луганская вобласці разам з абласнымі цэнтрамі былі абвешчаныя тэрыторыяй РФ.
Лаўроў такім чынам заяўляе, што РФ хоча забраць сабе гэтыя вобласці і не плануе спыняць вайну, пакуль не дасягне гэтай мэты.
«Тое, што застанецца ад Украіны, павінна быць вызвалена ад расісцкіх законаў. Там таксама людзі застаюцца, якім зручней нават размаўляць на рускай, якія хочуць захаваць традыцыі сваіх продкаў, выхаваных у рускай культуры», — сказаў ён.
Каментары
Так подотри зад своей конституцией! Как твой пахан неоднократно делал.