У Магілёве высекуць ахоўную частку Пячэрскага лесапарку, каб пабудаваць царкву
Аўтары праекта ўпэўненыя, што царква прыцягне ў горад патокі турыстаў.

На грамадскае абмеркаванне вынесена архітэктурна-планіровачная канцэпцыя храма Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы па вуліцы Якубоўскага ў Магілёве.
Храмавы комплекс, які праектуецца мясцовай фірмай «Кансалтынг-буд», плануюць размясціць на рагу вуліцы і безыменнага праезда.
Комплекс будзе ўключаць храм Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы, дом кліру, гаспадарчы блок, ратонду і дзіцячую пляцоўку. Храм размешчаны з улікам арыентацыі алтара на ўсход і патрэбы праводзіць хросны ход у час царкоўных святаў. Побач, за агароджай комплексу, прадугледжана паркоўка для вернікаў.


На думку аўтараў праекта, комплекс прыцягне патокі вернікаў і турыстаў. Але мяркуючы па прапрацаванасці самой царквы на стадыі канцэпцыі — на фасадах нават прастаўлены маркеры вышыняў з дакладнасцю да міліметраў, — гэта паўтор ужо нейкага рэалізаванага праекта, а турыстычная прыцягальнасць тыпавой царквы сумніўная.


Самае галоўнае, што царкву плануюць пабудаваць на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку са зносам дрэваў на вялікай плошчы, якую займае храмавы комплекс. Пра гэта ў грамадскім абмеркаванні ўвогуле няма ні слова. Адзначаецца толькі, што азеляненне комплексу будзе складаць не менш за 15% яго плошчы, як таго патрабуюць будаўнічыя нормы.
Пячэрскі лесапарк — буйны прыродны комплекс у паўночна-заходняй частцы горада, падзелены вуліцай Якубоўскага напалам. Праз адсутнасць у горадзе якіх-небудзь добраўпарадкаваных паркаў Пячэрскі лесапарк служыў адзіным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў Магілёва аж да з'яўлення ў нядаўнім часе парку Падміколле. Сёння яго рэкрэацыйная роля не меншая.
У верасні 2021 года Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне стварыць на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку плошчай у 256,3 га заказнік «Пячэрскі», чаго доўгі час дабіваліся мясцовыя экаактывісты.

Астатняя частка лесапарку, у тым ліку і там, дзе хочуць пабудаваць царкву, ўвайшла ў ахоўную зону заказніка. У ахоўнай зоне не забаронена будаўніцтва, але забаронена высечка дрэваў — дуба чарэшчатага, бука, клёна вастралістага, вяза (ільма, бераста), ясеня звычайнага, ліпы, дугласіі (псеўдатсугі).
Праўда, у 2023 годзе межы заказніка ўжо змянялі, каб высекчы частку лесапарку пад будаўніцтва новага корпуса бальніцы, але ў месцы, дзе можа паўстаць царква, межы ахоўнай зоны засталіся ранейшымі.
У канцэпцыі ж, вынесенай на абмеркаванне, няма ніякага таксанамічнага плана, які б пацвярджаў, што ніводнае з пералічаных дрэваў не будзе знішчана пры будаўніцтве царквы.


Відаць, заказчыкі і мясцовыя ўлады хочуць, каб такая адчувальная інфармацыя не была заўважана гараджанамі, а пасля, калі грамадскае абмеркаванне будзе паспяхова завершана, і праект будзе зацверджаны без істотных заўваг, змяніць граніцы ахоўнай зоны пад патрэбы прыхода.
Згодна з вынікамі рэспубліканскага сацыялагічнага апытання, праведзенага ў ліпені 2024 года, толькі 55,6% беларусаў вераць у Бога. Апошні перапіс насельніцтва таксама паказаў, што Магілёў стаў адзіным сярод абласных цэнтраў, дзе за апошняе дзесяцігоддзе скарацілася колькасць жыхароў. Тым не менш у Магілёве, як і ў іншых гарадах краіны, масава ўзводзяцца праваслаўныя храмы — прычым нярэдка на найбольш прывабных участках, у тым ліку за кошт паркаў і сквераў, месцаў адпачынку гараджан незалежна ад веравызнання.
Грамадскае абмеркаванне праходзіць з 25 красавіка па 9 мая 2025 г. Удзельнікі грамадскага абмеркавання маюць права накіроўваць арганізатару пісьмовыя ці электронныя заўвагі і прапановы (адрас: 212030 г. Магілёў, вул. Першамайская, 28а, каб. 315; е-mail: [email protected]).
Каментары
рабіць-праводзіць (спраўляць ?)
совершать
1) (делать) рабіць чыніць, учыняць (о чём-либо дурном) тварыць, вытвараць
(проводить) праводзіць
(осуществлять) здзяйсняць, ажыццяўляць
(исполнять) выконваць
(вершить) вяршыць
2) (условие, сделку ) учыняць, заключаць афармляць
3) (об обряде) спраўляць рабіць (о богослужении) адпраўляць