«Адпусціце, калі ласка, сына!» Амерыканца з амнезіяй, які нелегальна прыехаў у Беларусь, не аддаюць маці
Беларускія ўлады не адпускаюць грамадзяніна ЗША і Чэхіі Антона Роса, які ў сакавіку 2025 года нелегальна прыехаў у Беларусь з Літвы ў грузавым чыгуначным вагоне. Імаверна, на яго завялі крымінальную справу. Пра гэта рэдакцыі Reform.news паведаміла маці маладога чалавека. Раней дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што пасля адміністратыўнага пакарання Рос будзе дэпартаваны ў Літву. Хлопец пакутуе на страту памяці.

Антона Роса затрымалі 31 сакавіка 2025 года пры праверцы грузавога саставу, які прыбыў з Літвы. Хлопца абвінавацілі ў незаконным перасячэнні мяжы і прызначылі адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу.
Маці Антона Ларыса Рос паведаміла рэдакцыі Reform.news, што аплаціла штраф і выдаткі на ўтрыманне сына ў беларускай установе, аднак дэпартацыя так і не адбылася.
Па словах жанчыны, 2 красавіка яна спрабавала патрапіць у Беларусь з боку Літвы, каб забраць сына, але памежнікі яе не прапусцілі.
«Я ехала туды 2 красавіка, але мяне вярнулі беларусы на мяжы», — расказала яна выданню.
14 красавіка да затрыманага замежніка не змог патрапіць наняты адвакат. У той жа дзень жанчыне стала вядома, што Антона «перавялі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі».
«Вось абяцалі дэпартаваць хлопца, і СМІ раструбілі. Я чакала-чакала, і мне сказалі, што перавялі сына ў цэнтральны апарат Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць захацелі крымінальную [справу] зварганіць, хворага чалавека не адпусціць, а дамучыць, зламаць. За што? Што хацеў у Беларусь. Хаця і нелегальна. Палюбіў, хацеў даехаць і пажыць, сказаў жа ў камеру, як палюбіў краіну… І што далей? Хлопец хворы, ёсць страта памяці, дэзарыентацыя. Нашто ім ён? Я хацела забраць кнігі, працягнуць абследаванні і лячэнне», — у роспачы распавяла маці хлопца.
Жанчына падкрэслівае, што Рос пакутуе стратай памяці і мае патрэбу ў лячэнні.
«За што? Было адміністрацыйнае пакаранне і рашэнне аб дэпартацыі, штраф я заплаціла. Чаму не дэпартавалі, каб я магла лячыць сына ў Празе, дзе ён жыве па медыцынскай страхоўцы?
Яна звярнулася з просьбай да беларускіх уладаў:
«Адпусціце, калі ласка, сына! Дома яму будзе лепей! Бо ўжо пакаралі адміністрацыйна, што, яшчэ і крымінальна за адно і тое ж дзеянне?» — сказала яна.
Каментары