У Мінску прадаюць аднапакаёвую кватэру са смеццеправодам проста на кухні
Гэта дзевяціпавярховая панэлька на вуліцы Талбухіна, 16 — асаблівая. Яе ўзвялі ў 1965 годзе з жалезабетонных панэляў паводле палепшанага праекта двух савецкіх архітэктараў: Юрыя Шпіта і Яўгена Саманчука. Увогуле гэты бульвар стаў першым мінскім мікрараёнам з панэльнымі дзевяціпавярховікамі, піша Onliner.by.

Звычайная на першы погляд аднапакаёўка на 40 «квадратаў» размешчаная на сёмым паверсе. Жылой плошчы ў ёй — 21 м², але ўладальнік здолеў выдзеліць на гэтым кавалку месца асобную спальную нішу. Кухня крыху большая, чым у стандартнай панэльцы — амаль 9 м². З яе — выхад на незашклёны балкон.

Рамонт у кватэры застыў у савецкіх часах (за выключэннем санвузла — яго абнавілі), таму будучыя ўласнікі могуць аформіць інтэр’ер пад сябе.

Але галоўная фішка гэтага жылля — дзейсны смеццеправод, які. знаходзіцца проста ў кухоннай зоне.

Цяжка ўявіць, як гэтая савецкая канструкцыя дажыла да нашых дзён, але, мяркуючы па ўсім, цяперашнім уладальнікам асаблівых нязручнасцей яна не стварала. Дарэчы, смеццеправоды сустракаюцца і ў кватэрах наменклатурных дамоў у квартале паміж вуліцамі Захарава і Пуліхава.
За капітальны рамонт перажываць не давядзецца: ён ужо праведзены. Плюс — выдатнае месцазнаходжанне: пяць хвілін пешшу да станцыі метро «Парк Чалюскінцаў».
Кватэру можна купіць з мэбляй за 66 тысяч у эквіваленце.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары