Гісторыя22

Як з’явіліся канклавы. Кардыналаў замкнулі, разабралі ім дах, не кармілі — але ўсё вырашыла кровапраліцце

Канклавы ў тым выглядзе, які мы ведаем сёння, з'явіліся пасля аднаго выключнага выпадку выбрання Папы Рымскага ў XIII стагоддзі. Гісторыя самых доўгіх выбараў пантыфіка ў гісторыі, якая адбылася ў мястэчку Вітэрба, амаль хрэстаматыйная, але яе матывы часта перакручваюцца і спрашчаюцца, зводзячы ўсё да распушчанасці і празмернасці кардыналаў. На праўду ж з’яўленне канклава стала вынікам невырашальнага канфлікту еўрапейскіх валадароў.

Папскі палац у Вітэрба, дзе з 1268 па 1271 гады праходзілі самыя доўгія выбары Папы Рымскага, якія далі пачатак традыцыям канклаваў. Фота: Wikimedia Commons

Папы пад уладай імператара

Папская дзяржава з’явілася дзякуючы франкскім валадарам. Кароль Піпін Кароткі падарыў Папе Рымскаму тэрыторыю Равенскага экзархата, былой правінцыі Візантыйскай імперыі ў Італіі. Папы Рымскія, каб утрымацца ў барацьбе з унутранымі ворагамі, імкнуліся заручыцца заступніцтвам магутных манархаў. Пасля распаду дзяржавы Каралінгаў такімі былі толькі германскія каралі. У 962 годзе Папа каранаваў германскага караля як першага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, які быў прызнаны вярхоўным сеньёрам Папскай дзяржавы. 

Але рост уплыву Святога Прастола і падначаленае Германіі становішча з часам стала прычынай канфлікту паміж Папамі і імператарамі. 

Свяшчэнная Рымская імперыя ў XIII стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

Першапачаткова ў раннім сярэднявеччы ў выбарах пантыфіка ўдзельнічалі, акрамя духавенства, насельніцтва Рыма і рымская арыстакратыя, групоўкі якой імкнуліся прасунуць свайго стаўленіка. Парадак выбараў быў зменены ў 1059 годзе, калі Папаў сталі выбіраць толькі кардыналы. Але імператар працягваў умешвацца ў выбары. Напрыклад, члены Калегіі кардыналаў, якая выбірала Папу, маглі быць захоплены імператарам па дарозе ў Рым, каб не даць ім прагаласаваць.

Дзве партыі

Сутычка «гвельфаў» і «гібелінаў». Фота: Wikimedia Commons

На фоне барацьбы паміж папствам і імперыяй за панаванне ў Італіі адбывалася барацьба паміж партыямі «гвельфаў» і «гібелінаў». Першыя выступалі за абмежаванне ўлады імператара і ўмацаванне ўплыву Папы, другія — супраць іх. Італьянскія гарады, кіруючыся мясцовымі і часовымі інтарэсамі, пераходзілі часам з адной партыі ў іншую.

На момант смерці Клімента IV у лістападзе 1268 года ўжо два стагоддзі як новага Папу Рымскага выбіралі кардыналы, але колькасць іх была невялікая — часам усяго сямёра, а шлях часта занадта доўгі, каб яны паспелі даехаць да Рыма. Нешматлікім членам Калегіі кардыналаў, якія яшчэ і належалі да розных палітычных груповак, было больш складана дамовіцца ці займець галасы няўпэўненых — іх папросту не было, бо чым менш удзельнікаў выбараў, а значыць і асоб, якіх найбольш верагодна могуць выбраць Папам, тым большую палітычную вагу і большыя амбіцыі мае кожная з гэтых асоб.

Папа Клімент IV карануе Карла Анжуйскага. Фота: Wikimedia Commons

У 1268 годзе Калегія налічвала 20 кардыналаў, таксама падзеленых на дзве партыі: Pars Caroli (прафранцузскую і праанжуйскую, або «гвельфскую»), якая магла на гэтых выбарах разлічваць на 7 або 8 кардыналаў, і на Pars Imperii (пранямецкую, або «гібелінскую»), да якой адносілася каля дзесяці кардыналаў. Гэтага, аднак, было мала для перамогі на выбарах, бо ўжо тады дзейнічала правіла, што Папу выбіраюць ⅔ галасоў членаў Калегіі. 

Каранацыя Карла Анжуйскага ў Рыме. Фота: Wikimedia Commons

Палітычная сітуацыя ў Італіі была напружанай. Адзін з папярэдніх Папаў не даў Канрадзіну, каралю Ерусаліма і каралю Сіцыліі, апошняму прадстаўніку нямецкай дынастыі Гогенштаўфенаў, выбрацца яшчэ і каралём Германіі. Сам Клімент IV фактычна аддаў на заваяванне брату французскага караля Карлу I Анжуйскаму Сіцылійскае каралеўства, якім кіраваў Канрадзін. Апошні, натуральна, выступіў з паходам у Італію, але быў адлучаны Папам, страціў большасць сваіх нямецкіх прыхільнікаў і быў разбіты французскімі рыцарамі Карла Анжуйскага. Канрадзін быў захоплены ў палон і, як лічылася, з дазволу Папы, быў абезгалоўлены як здраднік на рынку ў Неапалі. 

Пакаранне адбылося ў верасні 1268 года, за месяц да смерці Клімента IV. У такой сітуацыі кардыналам, якія належалі да «анжуйскай» і «нямецкай» фракцый, трэба было выбраць са свайго ліку новага Папу, пры гэтым не пазабіваўшы ў працэсе адзін аднаго. Справа амаль безнадзейная.

Вітэрба

Выбары праходзілі ў папскім палацы ў Вітэрба пад Рымам. У гэты гарадок рымская курыя была перанесена ў 1257 годзе, праз тое, што Рым перайшоў у рукі «гібелінаў», варожа настроеных супраць Папы. Палац у Вітэрба быў завершаны ў 1266 годзе, так што выбары новага пантыфіка мусілі праходзіць з камфортам для кардыналаў.

Сабор у Вітэрба, дзе спачатку збіраліся кожны дзень, каб выбраць новага Папу. Фота: Wikimedia Commons

Адзін з кардыналаў так і не з'явіўся на выбары, суправаджаючы французскага караля ў Тунісе, дзе і памёр. Астатнія 19 кардыналаў сабраліся ў 1269 годзе выбіраць Папу. Кожны дзень яны збіраліся ў кафедральным саборы у Вітэрба, дзе памёр папярэдні пантыфік і таму, як тое казала рабіць тагачасная традыцыя, мусілі адбываецца новыя выбары, але за год так і не змаглі дамовіцца.

У адчаі яны пачалі шукаць асобу па-за межамі калегіі. Яны звярнулі ўвагу на Філіпа Беніцы, пабожнага генеральнага прыёра ордэна сервітаў, якому яшчэ пры жыцці прыпісвалі святасць. Даведаўшыся пра намер кардыналаў выбраць яго Папам, Беніцы збег у пячору на гары Аміята, што паміж Рымам і Фларэнцыяй.

Папскі палац у Вітэрба, завершаны незадоўга да смерці Клімента IV. Фота: Wikimedia Commons

Адхіліў прапанову і Банавентура, генерал францысканскага ордэна, які з'яўляўся ў Вітэрба, каб пропаведзямі падштурхнуць кардыналаў да найскарэйшага выбрання Папы з ліку саміх кардыналаў. Зрэшты гэтыя гісторыі не маюць дакументальнага пацвярджэння, іх маглі прыдумаць аўтары пазнейшых біяграфій гэтых кіраўнікоў манаскіх ордэнаў, пазней прызнаных святымі, каб узвялічыць значэнне іхніх асоб. 

Можа, кардыналам было б лягчэй дамовіцца, калі б у Вітэрба не знаходзіўся ўвесь час Карл Анжуйскі, які быццам бы хацеў трымаць паводзіны кардыналаў пад кантролем, а фактычна ціснуў сваёй прысутнасцю на калегію. 

У кастрычніку 1269 года адзін з італьянскіх кардыналаў памёр — на наступны год у Калегіі заставалася 18 членаў.

Пад замком і без даху

У папулярных публікацыях па тэме гэтых вядомых выбараў Папы можна прачытаць, што гараджане Вітэрба, якія былі абураныя тым, што кардыналы так доўга шыкуюць за іхні кошт, бавячы час у балях, замест таго, каб выбраць нарэшце Папу, пайшлі на крайнія меры. Відаць, у гэтай версіі няма нічога праўдзівага. 

Жыхары Вітэрба сапраўды былі абураныя працягласцю выбараў, але яшчэ больш тым, што ў іх беспардонна ўмешваліся манархі і арыстакратычныя сем’і, замінаючы кардыналам зрабіць свой выбар.

У гэтай сітуацыі рашуча дзейнічаць вырашылі мэр Вітэрба Альберта дзі Мантэбуона і вельмі энергічны Раньера Гаці, капітан народа, які прадстаўляў інтарэсы цэхаў, гараджан, а таксама камандаваў гарадскім войскам, або міліцыяй. 

Тут трэба патлумачыць, што мэр і капітан народа — гэта дзве пасады, якія мусілі ўраўнаважваць адна адну. Мэр (пасада называлася «падэста») прадстаўляў інтарэсы знатных гарадскіх сем’яў, а капітан народа, які прадстаўляў інтарэсы простых людзей, мусіў яго кантраляваць, каб арыстакратыя цалкам не ўзурпавала ўладу. Зрэшты ў другой палове XIII стагоддзя сістэма паламалася — знаць змагла ўплываць на выбары капітанаў, атрымаўшы поўны кантроль над сваімі гарадамі.

Мэр і народны капітан Вітэрба палічылі, што неабходна пазбавіць кардыналаў-выбаршчыкаў усялякага знешняга ціску. 1 чэрвеня 1270 года яны загадалі зачыніць гарадскія вароты і, заспеўшы кардыналаў знянацку, прымусам завялі іх у вялікую залу Папскага палаца. Кардыналам яны заявілі, што не дазволяць ім пакінуць гэтыя сцены, пакуль яны не выберуць новага пантыфіка.

Ідэя насамрэч не новая. Паўстагоддзя таму, калі калегія ніяк не магла выбраць папу, бо была падзелена на дзве варожыя партыі, яе замкнулі ў адным з пакояў Латэранскага палаца.

Зала папскага палаца ў Вітэрба, дзе праходзілі выбары Папы Рымскага. Фота: Wikimedia Commons

Праз некалькі дзён, каб узмацніць ціск на калегію кардыналаў, Раньера Гаці загадаў скараціць пастаўкі ежы і разабраць значную частку даху залы, дзе былі замкнутыя кардыналы

Гэтую ідэю яму падказаў рэктар Калегіі, англійскі кардынал Джон Таледскі, які звярнуўся да сваіх калег са словамі: «Давайце адкрыем пакой, інакш Святы Дух да нас ніколі не дабярэцца».

Больш за тое, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, у зале кардыналы былі замкнутыя не больш за тры тыдні. 21 чэрвеня таго ж 1270 года магістраты Вітэрба дазволілі кардыналам заняць іншыя пакоі палаца для пражывання, але з самога палаца выходзіць ім было забаронена.

Калі не лічыць таго, што ў гэтай няволі 9 ліпеня памёр яшчэ адзін кардынал з Венгрыі, дзеянні гарадскіх уладаў не аказалі чаканага эфекту на кардыналаў — яны працягвалі моцна разыходзіцца ў сваіх меркаваннях. 

Крывавае вырашэнне

За сценамі палаца ў гэты час разварочваецца крывавая гісторыя. 11 сакавіка 1271 года ў Вітэрба прыбыла каралеўская працэсія з Карлам Анжуйскім і ягоным пляменнікам, маладым французскім каралём Філіпам III, які праз Італію вяртаўся ў Францыю, везучы парэшткі свайго бацькі караля Людовіка IX, які памёр падчас восьмага крыжовага паходу. 

Туды ж прыбыў сын англійскага прынца і адначасова германскага караля (было ў гісторыі і такое) Генрых Алеманскі, які хацеў прымірыцца з сынамі Сімона дэ Манфора, лідара бунта англійскіх баронаў супраць караля Генрыха III, пасля паражэння якога з яго цела ўчынілі ганебны здзек — «галава графа Лестэрскага была аддзелена ад цела, а яечкі адрэзаныя і падвешаныя па абодва бакі носа», яго рукі і ногі былі таксама адсечаны і разасланыя па розных гарадах.

Расчляненне цела Сімона дэ Манфора пасля бітвы пры Іўшэме. Мініяцюра з рукапісу «Flores Historiarum» канца XIII стагоддзя. Брытанская бібліятэка. Фота: Wikimedia Commons

У час Вялікага посту, 13 сакавіка 1271 года, у час імшы ў мясцовай царкве Сан-Сільвестра сыны дэ Манфора, Гі і Сімон, напалі на прынца Генрыха Алеманскага, свайго кузэна, і зарэзалі яго нажом. Генрых маліў пра літасць, але Гі дэ Манфор кінуў яму, што ягонага бацьку яны не пашкадавалі. Пасля здзейсненага дэ Манфоры былі вымушаны бегчы, але гэтая падзея мела наступствы для гісторыі папства. Абураны забойствам Філіп III таксама хутка з'ехаў з Вітэрба.

Забойства Генрыха Алеманскага ў Вітэрба. Мініяцюра з рукапісу XIV стагоддзя. Ватыканская бібліятэка. Фота: Wikimedia Commons

Справа ў тым, што забойца, Гі дэ Манфор, быў на службе ў Карла I Анжуйскага. Звесткі пра ганебнае забойства ў царкве ў час Вялікага посту, здзейсненае чалавекам Карла, натуральна, даляцелі і да кардыналаў у папскім палацы, і цалкам маргіналізавалі праажуйскую партыю на выбарах. Карл быў вымушаны пакінуць Вітэрба, хоць быў перакананы, што без яго прысутнасці Папу ніколі не выберуць. 

Царква Сан-Сільвестра ў Вітэрба, дзе быў забіты Генрых Алеманскі. Фота: Wikimedia Commons

Доўгачаканы Папа

У новых абставінах кардыналы 1 верасня 1271 года сфарміравалі камісію з шасці чалавек, якой даручылі выбраць новага Папу на працягу двух дзён. У камісію ўвайшлі тры прадстаўнікі пранямецкай (гібелінскай) парты, і ніводнага прадстаўніка праанжуйскай. Камісія выбрала новага Папу ўсяго за некалькі гадзін. 

Шасцёра кардыналаў не змаглі дамовіцца пра абранне Папы з ліку аднаго з кардыналаў, таму вырашылі шукаць яго па-за межамі сваіх шэрагаў. Новым Папам быў выбраны італьянскі архідыякан Тэдальда Вісконці, які доўгі час не быў у Італіі, а таму не быў уцягнуты ў яе міжусобныя канфлікты. 

Папа Грыгорый X на гравюры Джавані Батысты дэ Кавальеры. Фота: Wikimedia Commons

Абранне Вісконці пасля 2 гадоў і 9 месяцаў спрэчак стала для яго поўнай нечаканасцю. У гэты час ён знаходзіўся разам з каралём Англіі Эдуардам I у Акры, куды іх прывёў дзявяты крыжовы паход. Пачуўшы пра сваё абранне, ён першай справай разаслаў усім заклік дапамагчы крыжакам.

1 студзеня 1272 года Вісконці высадзіўся ў партовым Брындызі і ў пачатку лютага дабраўся да Вітэрба. Тут ён завяршыў сваё абранне і прыняў папскую мантыю, але па-ранейшаму асцярожна называў сябе біскупам-электам. 13 сакавіка разам з усёй курыяй ён увайшоў у Рым, дзе яго пасвяцілі ў святары — бо сан дыякана не з’яўляўся святарскім, — а пасля ў біскупы, і каранавалі ў саборы Святога Пятра пад імем Грыгорыя X.

Папа Грыгорый X атрымлівае ліст ад Кубілай-хана. XIV стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Францыі. Фота: Wikimedia Commons

Са згасаннем роду Гогенштаўфенаў пасля стогадовай барацьбы «гвельфаў» і «гібелінаў» пераможцамі часова выйшлі прыхільнікі Папы. У часы пантыфікату Грыгорыя X канфлікт пачаў згасаць, і ў 1274 годзе імператар афіцыйна прызнаў незалежнасць папскай дзяржавы. Канчаткова партыі італьянскіх гарадоў перасталі існаваць праз два стагоддзі, калі там ўсталяваліся тыранія і дэспатызм.

Канклаў

Праз два гады пасля свайго абрання, падчас Другога Ліёнскага сабору, які сам Грыгорый X і склікаў, ён, памятаючы аб цяжкасцях і затрымках, якія ўзніклі ў Вітэрба падчас яго абрання, выдаў булу Ubi periculum («Дзе небяспека»), якая вызначыла методыку абрання Папы Рымскага.

Коратка пераказваючы яе змест: Грыгорый X узяў за ўзор усе тыя захады, якія зрабілі жыхары Вітэрба. Кардыналы-выбаршчыкі мусілі быць замкнёныя разам без усялякага кантакту са знешнім светам, а калі ім патрабавалася занадта шмат часу для абмеркавання, іхнія запасы харчу і пітва паступова абмяжоўвалі, каб паскорыць дасягненне кансэнсусу. Тых, хто парушыў бы гэтыя правілы, маглі адлучыць ад Царквы і пазбавіць іхніх пасад. 

Сіксцінская капэла, частка Апостальскага палаца, дзе адбываюцца выбары Папы Рымскага. Фота: Wikimedia Commons

У гэтай жа буле было ўпершыню ўжыта слова канклаў — conclave, якое літаратаральна азначае «замкнёны пакой» (ад лацінскага cum clave — пад ключом). 

Такія жорсткія правілы не вельмі падабаліся кардыналам, і Папа Ян XXI нават адмяніў іх. Цікава, што гэты папа загінуў вельмі незвычайнай смерцю — на яго абрынулася столь папскага палаца ў Вітэрба. Вельмі сімвалічна. Наступныя папы аднавілі дзеянне булы. 

Разабраць дах над членамі Калегіі кардыналаў, калі яны зацягнуць са сваім рашэннем, ужо не атрымаецца. Фота: Wikimedia Commons

З невялікімі зменамі і карэкціроўкамі гэтыя нормы ўсё яшчэ рэгулююць правядзенне канклава. Сёння канклаў праводзіцца ў частцы ватыканскага Апостальскага палаца, ізаляванай ад іншых. Адзіныя дзверы замыкаюцца звонку і знутры. Пасля таго, як дзверы замкнёныя, яны адчыняюцца толькі ў выключных выпадках і для абвяшчэння вынікаў выбараў. 

Непасрэдна галасаванне адбывацца ў Сіксцінскай капэле, дзе ўжо нельга пакінуць кардыналаў без даху над галавой — зала перакрытая скляпеннямі, распісанымі Мікеланджэла.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • глядзі у́ Вікіпэдыі
    22.04.2025
    ,,папесса,, Ян VIII , 855-858 , радзіла калі ехала на кані
  • Мдэ
    22.04.2025
    Як добра, што мы жывём у наш "дрэнны" час, а не ў тыя "традыцыйныя" часіны.

Цяпер чытаюць

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый4

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый

Усе навіны →
Усе навіны

У Кіеве з-пад руінаў дома ўсё яшчэ чутныя званкі тэлефонаў3

Святар Сяргей Трысцень знаходзіцца дома

Актрыса з Мінска пырнула ў Пецярбургу п'янага каханка. Ён просіць яе не караць, а з Беларусі на дапамогу едзе муж18

Трамп: Мы маем дамову з Расіяй, зараз патрэбная згода Зяленскага9

«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі13

Памёр ваенны карэспандэнт расійскага тэлеканала «Звезда»1

Расія нанесла масіраваны ўдар па гарадах Украіны, у Кіеве — дзевяць загінулых, 63 параненыя2

Белы дом пра апошнюю заяву Трампа: у прэзідэнта «заканчваецца цярпенне»13

Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый4

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць