Здаецца, дзяўчына знайшла самае інстаграмнае месца для адпачынку ў Беларусі. Але кошт глэмпінгу не для слабанервовых
Толькі не кажыце сваёй бабулі, што за адпачынак у лесе і выходныя ў стылі slow life трэба заплаціць больш за мінімальны заробак у Беларусі. Душа ў доміку няма, вайфай дрэнны, але людзі ўсё роўна ў захапленні.

Тыктокерка Ксенія Іваноўская паказала, які дзіўны домік пасярод Налібоцкай пушчы арандавала, каб пабыць сам-насам з сабой. Дзяўчына прызналася, што марыла трапіць сюды яшчэ ў студзені, але тады не было вольных месцаў. Кажа, што пашанцавала забраніраваць адпачынак яшчэ па старой цане і заплаціць 600 рублёў за дзве ночы (цяпер гэта каштуе ўжо 750 рублёў).
Рэтрыт-гатэль Dzen Forest знаходзіцца за 90 кіламетраў ад сталіцы. Здаецца, толькі тут у Беларусі прапаноўваюць адпачыць у глэмпінгу ў стылі хюге. На сайце настойліва рэкамендуюць прыязджаць самотна, каб атрымаць асалоду ад цішыні і спакою.
Займае хутар у Налібоцкай пушчы плошчу 6 гектараў. Там пабудавана шаснаццаць шале. Галоўная фішка — велізарныя вокны ад падлогі да столі. У некаторых шале іх нават па тры — каб чалавек, які прачынаецца на двухмятровым ложку, бачыў сосны з усіх бакоў.
Тыктокерка зрабіла агляд арандаванага шале. Амаль увесь першы паверх займае агромністы ложак. Яшчэ ёсць маленькая шафа і прыбіральня вельмі сціплых памераў — у ёй знаходзіцца біятуалет. Няма нават рукамыйніка, пра душ і гаворка не ідзе. Справа ў тым, што, каб зберагчы прыроду запаведніка, камунікацыі ў кожнае шале паасобку не падводзілі. Але гэта не значыць, што ўсе выходныя прыйдзецца правесці без магчымасці памыцца. У галоўным будынку ёсць усё неабходнае.
На другі паверх шале (хаця, можа, дакладней будзе сказаць — дах) вядзе вінтавая лесвіца. Там знаходзіцца ўбудаваны гамак, а зверху для ценю павесілі тэнт.
Кухні ў доміку таксама не прадугледжаны, бо харчаванне тры разы на дзень уваходзіць у кошт арэнды. Але ёсць важны нюанс: меню тут выключна вегетарыянскае ды веганскае. Хочаце мяса? Не атрымаецца — гэта прынцыповая пазіцыя рэтрыт-гатэля.
Але ж тыктокерка засталася ў захапленні ад ежы. Кажа, што вегетарыянская ежа тут лепей, чым шмат у якіх сталічных рэстаранах.
За два дні відэа набрала ў тыктоку больш за 2,6 мільёна праглядаў, а таксама каля 140 тысяч лайкаў. Каментарыяў таксама шмат, але далёка не ўсе яны пазітыўныя.
Самы папулярны набраў 21 тысячу лайкаў: «Душ, вада? Месца для прыёму ежы? Рукі дзе памыць? Ну такое…». А сем тысяч чалавек пагадзіліся з меркаваннем: «Будка нейкая. Ніякіх адэкватных выгод, акрамя ложку, няма. Гэта таго не варта».
Шмат хто таксама адзначыў, што панарамныя вокны пасярод лесу — гэта не самая добрая ідэя, бо чалавек не адчувае сябе ў бяспецы. Згадвалі розныя фільмы жахаў. Адна з каментатарак напісала: «Як чалавек, які працаваў на хуткай і ў рэанімацыі — дзяўчыны, ніколі не начуйце добраахвотна ў незнаёмым месцы ў глушы, нават з сабакам, нават са зброяй. Проста паверце».
А беларусы абурыліся коштам: «Адкуль такія цэны ў нас у Беларусі? Калі палічыць, дык лепш ужо ў Егіпет злятаць, а потым бясплатна схадзіць на рэчку».
Відавочна, што такі адпачынак пасуе не кожнаму. У Dzen Forest, напрыклад, настойліва не рэкамендуюць прывозіць дзяцей, бо ўся канцэпцыя разлічана на дарослых, якія шукаюць цішыню і спакой. Сабак, тэарэтычна, прывозіць можна (за дадатковую аплату), але пры ўмове, што тыя паводзяць сябе не вельмі гучна і не будуць раздражняць гучным брэхам іншых гасцей.
Вайфай вельмі слабы нават у галоўным корпусе — але гэта лічыцца часткай канцэпцыі.
У рэтрыт-гатэлі нельга ладзіць святкаванні. Затое можна паўдзельнічаць у майстар-класе па каліграфіі або чайнай цырымоніі, медытаваць на беразе возера ці займацца ёгай. Ёсць бібліятэка, а на выходных паказваюць фільмы.
Пры гэтым месца сапраўды карыстаецца папулярнасцю. Летам, напрыклад, тут можна забраніраваць мінімум тры ночы, але вольных дат не вельмі шмат.
Мяркуючы па тым, што на фота рэтрыт-гатэля трапляюцца надпісы на кітайскай мове, імаверна, наведвальнікаў з гэтай краіны ў Налібоцкай пушчы дастаткова.
Пяць люксавых гатэляў Беларусі, якія знаходзяцца ў невялікіх гарадах. Вы дакладна пра іх не ведалі
Дзяўчына арандавала на дзень народзінаў замак пад Мінскам — і ўзарвала тыкток
Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі
У сялянскай хаце або ў замку. Дзе ў Беларусі можна пажыць у гістарычным будынку і колькі гэта каштуе?
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары