«Далей будзе засуха». На Палессі перасыхаюць балоты, і гэта можа мець кепскія наступствы
На Палессі ўжо пачалі гарэць тарфянікі, але галоўная пагроза з-за перасыхання балот — не толькі пажары, але і падзенне сельскагаспадарчай вытворчасці. Пра наступствы перасыхання балот як праблемы для ўсяго Палесся, рэгіёнаў Беларусі і Украіны, расказаў украінскаму выданню Seeds заснавальнік Цэнтра «Міжрэчанская пушча» Андрэй Сагайдак. Выданне «Флагшток» прыводзіць галоўнае з гэтага інтэрв'ю, актуальнага і для Беларусі.

Сёлета ўзровень вады катастрафічна нізкі. Летась было сухое лета, асабліва яго другая палова. Восень — без дажджоў, а потым і зіма была амаль без ападкаў. Гэта вельмі не характэрная сітуацыя, адзначыў эксперт:
«Цяпер вясна, але істотных дажджоў дагэтуль не было, на балотах прыкметна знізіўся ўзровень вады. Дзякуючы некалькім дажджлівым дням і снегу, які ненадоўга выпаў, стала трохі лепш. Вада ў балотах ўсё ж ледзь паднялася, а глеба завільгатнела. Але пакуль гэтага недастаткова».
Зараз на балоце ўзровень вады характэрны для нармальнага лета, а не для ранняй вясны. А балоты, — гэта, па сутнасці, такія рэзервуары, з якіх сілкуюцца малыя рэкі. Балоты ўтрымліваюць узровень грунтавых водаў. Калі вада апусцілася на балоце, — варта чакаць, што далей будзе засуха.
Вада ў калодзежах можа зноў знікнуць. Такое ўжо было ў 2020 годзе, падобная сітуацыя была і ў 2015-м, нагадвае спецыяліст.

Разам з тым, раней у такіх маштабах зніжэння ўзроўню вады яшчэ не было. Зараз назіраецца адна з самых сухіх вёснаў. І такая сітуацыя не толькі на Чарнігаўшчыне, пра якую найперш гаворыць Андрэй Сагайдак, але і на поўначы Жытоміршчыны, якая мяжуе з Лельчыцкім, Ельскім і Мазырскім раёнамі Беларусі:
«Цяпер Палессе павінна быць пераўвільготненым рэгіёнам, менавіта адсюль вада сцякае далей, у прыватнасці, па Дняпры. Але цяпер на Палессі суха, і гэта ненармальна. Калісьці лічылася, што Палессе — гэта зона празмернага ўвільгатнення, тут працэсы забалочвання. Але гэтага ўжо даўно няма, плошча балот скарачаецца планамерна з кожным годам».

Таму, калі цяпер вялікіх дажджоў не будзе, лета будзе пагрозліва сухім, асабліва гэта паўплывае на аграрыяў.
Могуць узмацніцца і тарфяныя пажары. Эксперт патлумачыў, што паклады торфу — гэта велізарны запас вугляроду, які там назапасіўся за некалькі тысячагоддзяў. Калі торф высыхае, ён пачынае раскладацца, і вуглярод вызваляецца. А калі ў такое месца яшчэ і заходзіць пажар, — наступствы выкідаў вугляроду ў атмасферу вельмі і вельмі вялікія.
Прыпяць сёлета зусім не разлівалася ФОТАФАКТ
«Хутка ўсё з'ядуць». Рыбаловы скардзяцца, што ад гэтай птушкі няма паратунку
Чаму на Беларусі насамрэч няма 700-гадовых дубоў і як старажытная архітэктура дапамагае батанікам
Стала вядома, дзе зімуюць нашыя вяртлявыя чаротаўкі
Самыя халодныя і самыя ветраныя месцы Беларусі — праверце свой горад
Красавіцкі снег засыпаў клубнічныя плантацыі на Палессі. Ці паўплывае гэта на ўраджай?
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
Значыць, хутка будзе нагода праверыць анекдот пра дэфіцыт пяску ў Палескай пустэльні пры бязглуздым лукашызме, нажаль.