Двое палонных кітайскіх грамадзян, Ван Гуанцзюнь і Чжан Рэнбо, на зладжанай з іх удзелам прэс-канферэнцыі ў Кіеве запэўнівалі, што не чакалі апынуцца ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне, піша «Украінская праўда».

Ван Гуанцзюнь з дапамогай перакладчыка расказаў, што меў працу ў Кітаі, але «страціў яе падчас пандэміі каранавіруса і шукаў новы варыянт». Спярша ён нібыта дамаўляўся з расійскім рэкруцёрам пра працу рэабілітолага для параненых вайскоўцаў, а потым, як сам запэўнівае, «трапіў у войска і ў яго не было выбару».
Ван прыбыў у Маскву 5 лютага 2025 года, пасля чаго меў пяцідзённае навучанне, а затым у Растове-на-Доне чакаў сваю адпраўку на фронт. Трапіў на лінію баявога судакранання 1 красавіка, а 4-га — у баявыя дзеянні.
«У кітайскіх сацсетках, у прыватнасці ў тыктоку, можна ўбачыць ролікі, на якіх ёсць людзі ў форме. У Кітаі прэстыжна быць вайскоўцам, але не кожны можа быць вайскоўцам. Таму людзі спрабуюць узяць удзел у баявых дзеяннях у іншым месцы».
У сваю чаргу, Чжан Рэнбо расказаў, што меў у Кітаі дастаткова забяспечаную сям'ю і працу пажарнікам-ратавальнікам. У Расію паехаў нібыта падарожнічаць, а потым вырашыў «зарабіць трохі грошай».
Расіяне спачатку, па словах Чжана, прапаноўвалі яму працу на будоўлі, а потым «пачалося іншае, і тут ужо вы нічога не можаце зрабіць».
20 снежня 2024 года Чжан прыехаў у Маскву, адтуль у Растоў-на-Доне, пасля ў акупаваны Данецк, а пасля нібыта «каля месяца перамяшчаўся ад бліндажа да бліндажа і камунікаваў з вайскоўцамі пад пастаяннымі абстрэламі». 5 красавіка ён трапіў у палон.
«У Кітаі прапагандуецца сяброўскае стаўленне да Расіі. Магчыма, менавіта такія рэкламныя кампаніі [у кітайскіх сацсетках] падахвочваюць удзельнічаць у вайне супраць Украіны […] Да таго, як прыехаць ва Украіну, любая інфармацыя [пра Украіну, якую я атрымліваў] была пра перамогі Расіі — Расія захапіла тое, тое».
Пра ўзяцце ў палон двух кітайскіх грамадзян прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў 8 красавіка. Праз некалькі дзён ён адзначыў, што такіх вайскоўцаў сярод расіян куды больш, як мінімум 155.
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
Вы сур'ёзна?