Мова77

«Таго, што я зафіксаваў, ужо немагчыма знайсці. Было і не стала». Круглянскі настаўнік больш за 40 гадоў збірае асаблівасці мясцовай гаворкі

У Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да друку грунтоўная праца круглянскага настаўніка Алега Галаўкова з райцэнтра Круглае на Магілёўшчыне, куды ўвойдуць словы, фразеалагізмы, прыпеўкі і трапныя выразы Круглянскага краю. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Алег Галаўкоў падзяліўся сваімі разважаннямі, планамі і сакрэтамі.

Алег Галаўкоў

Алег Галаўкоў — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст. Ён выкладае ў Круглянскай сярэдняй школе № 1 рускую мову і літаратуру і асобна рыхтуе моцную каманду з вучняў для выступлення на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах.

Але паралельна сур'ёзна даследуе асаблівасці гаворак Круглянскага краю, якіх лепей за яго ніхто не ведае.

Паміж Смагілаўкай і Загаранамі

Два населеныя пункты ў Круглянскім раёне — і цалкам два розныя светы. Алег Галаўкоў можа прывесці шмат доказаў, бо менавіта з гэтых населеных пунктаў і пачалося яго даследаванне краю.

Смагілаўка — гэта яго радзіма, вёска, якая на поўдні Круглянскага раёна мяжуе з Бялыніцкім. Яе, ды яшчэ найбліжэйшыя да малой радзімы Шапялевічы і Боўсевічы, ён характарызуе як Запарожскую сеч, вольніцу з бойкамі, дзе жывуць людзі шырокія, разбітныя. Быццам прыгоннага права на іх не было. З дзецьмі там не сюсюкалі, бацькі працавалі, і дзеці таксама.

А вось Загараны, да якіх усяго 30 кіламетраў на поўнач раёна, больш інтэлігентныя. Там у людзей іншыя манеры, паводзіны.

«Гэтыя назіранні, напэўна, і сталі першым штуршком да маіх даследаванняў, — прызнаецца суразмоўца. — Калі я ў 1978 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам у загаранскую школу, вельмі адчуў гэты кантраст з маёй малой радзімай.

Хоць цікавасць да навакольнага свету цеплілася з дзяцінства, падабалася чытаць кнігі, жыць традыцыямі бацькоў, унікаць ва ўсё народнае. А як прыехаў працаваць, усё зварухнулася з месца.

Мне трапіў у рукі «Краёвы слоўнік Магілёўшчыны» Івана Бялькевіча, і ад яго павеяла даўніной, духам Беларусі, што звязана са светам бацькоў. Гэта сёння адзіны падобны слоўнік на Магілёўшчыне. Я пачаў супастаўляць Горацкі і Касцюковіцкі паўднёва-ўсходнія раёны з нашымі паўночнымі Бялыніцкім і Круглянскім і зразумеў, што яны абдзеленыя ўвагай даследчыкаў.

Паступова пачаў рабіць свае першыя запісы. Пасля так уцягнуўся, што стаў актыўна працаваць у гэтым кірунку.

Носьбітаў вылучаў па гаворцы. Пачуў нестандартнае слова — і адразу ж бліжэй да гэтага чалавека, распытваю яго, запісваю. Так пакрысе і матэрыял назапасіўся.

Ездзіў па вёсках, прыслухоўваўся, хто што гаворыць. Убачу старога, падсяду да яго на прызбе і толькі паспяваю занатоўваць.

Напрыклад, у Смагілаўцы кажуць «бічук» і ўсе разумеюць. У Загаранах толькі плячыма паціскаюць. А гэта парастак сасны, такая смаката — словамі не перадаць. І такіх слоўцаў у нас шмат.

Чым мы больш захаваем нашага спрадвечнага, тым багацейшыя будзем. І замежныя словы не спатрэбяцца.

Прага да пазнання краю прымушала зрывацца ў вольны час і ехаць па вёсках. Засталося шмат успамінаў пра тыя вандроўкі.

У Любішчах, напрыклад, жылі стараверы. Чвэрць стагоддзя таму там быў яшчэ цалкам іншы свет. Мужчыны з бародамі, жыхары на рускай размаўляюць. Потым разбурылася вёска, і гэты асаблівы свет знік. А Эсьмоны раней лічыліся яўрэйскай вёскай. Дыхтоўныя домікі, прыгожыя вуліцы, брукаванка. Куды ўсё падзявалася?»

Жыццё цячэ і змывае цэлыя пласты народнай спадчыны, так хочацца выхапіць з гэтай плыні самае дарагое сэрцу і галоўнае. Разам з лексічным багаццем Алег Галаўкоў збіраў і ўнікальныя народныя рэчы, зробленыя рукамі жыхароў. І знаходзіў, што і тут таксама шмат адрозненняў.

У лясной Смагілаўцы, напрыклад, кашы былі квадратныя, плеценыя з сасны, а ў Загаранах — круглыя. У першай вёсцы прыпасы на зіму захоўвалі ў стопках у лесе, у другой — у скляпах. А грыбы, якія мы ведаем пад назвай зялёнкі, у Смагілаўцы называлі «славянкі».

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі на Кругляншчыну хлынулі перасяленцы з пацярпелых раёнаў, Алег Галаўкоў заўважыў, што практычна на яго вачах свет быццам бы перамяніўся. Амаль зніклі носьбіты той мовы, якая была, і пачаўся новы перыяд.

«Мовы маіх бацькоў ужо няма, яна знікла на разломе эпох, — разважае настаўнік. — Тое, што я зафіксаваў, ужо немагчыма знайсці. Было і не стала.

Калі б мы гэта да дзяцей даносілі, мы б не страчвалі традыцый. Чым больш ад папярэдніх пакаленняў возьмем, тым багацейшыя будзем. Калі я запісваў словы, я вяртаўся ў дзяцінства, адчуваў радасць, той дух, энергетыку. Праўду кажуць, што праз слова можна ажывіць былое».

Рукапісы не гараць

Першыя свае матэрыялы даследчык адправіў на так званую атэстацыю ў Акадэмію навук. На той час вучоным сакратаром там быў Павел Міхайлаў. Ён і натхніў маладога настаўніка працаваць далей у абраным кірунку.

А потым Галаўкова падтрымаў пісьменнік, фалькларыст, этнограф Фёдар Янкоўскі. Малады настаўнік пабываў у яго ў гасцях і канчаткова пераканаўся, што займаецца патрэбнай справай, бо ўжо не сумняваўся, што ад жывога народнага слова ўсё і пайшло.

У 1992 годзе частка рэдкіх слоў, якія запісаў Алег Галаўкоў, была надрукавана ў зборніку разам з іншымі падборкамі з усёй Беларусі.

Калі чалавек займаецца добрай справай, яму Бог дапамагае. Аднойчы ў доме Галаўковых успыхнуў пажар ад кароткага замыкання, пагарэла шмат кніг, але карткі з даследчымі запісамі засталіся. Пры ліквідацыі пажару іх струменем вады вынесла ўбок. На картках былі тыя словы, прыклады, фразеалагізмы, што ўвойдуць у кнігу, якая рыхтуецца да друку. Хто пасля гэтага скажа, што рукапісы гараць?

Зямля крывічоў

Алег Галаўкоў кажа, што Круглянскі раён разам з Бялыніцкім і Крупскім, што на мяжы з Мінскай вобласцю, нездарма называюць малым Палессем.

Круглянскі раён мяжуе яшчэ і з Віцебскай вобласцю, ад яго да Друцка, цэнтра былога Друцкага княства, рукой падаць. Усё гэта прарадзіма крывічоў, тут шмат іх курганоў. Тут жа праходзіў шлях «З варагаў у грэкі».

Настаўнік застаў цікавую традыцыю, якой, па яго меркаванні, некалькі тысяч гадоў. Свята называлася «На Івана».

«Яно нам ад крывічоў дасталася, — кажа ён. — Нечым нагадвае Радаўніцу, калі людзі на могілках радавымі кланамі садзяцца. А гэта была трызна крывічоў, ачышчэнне. Адзначалася заўсёды 7 ліпеня, пасля Купалля. І месцам для гэтых сустрэч было знакамітае возера Хотамле.

Пасля поўдня з усіх бакоў Круглянскага, Бялыніцкага, Крупскага раёнаў пешшу або на калёсах ішлі і ехалі маладыя і старыя, апранутыя ў святочнае адзенне. У 1970-я гады гэта была звычайная з’ява.

Тысяча азёр у Беларусі называюцца святымі, але гэта па-сапраўднаму святое. Вакол яго курганы крывічоў. Людзі палілі вогнішча, сядзелі радамі, спявалі народныя песні, паміналі продкаў. Вада з возера захоўвалася год. Бацька казаў, што да вайны там была кладка і стаяла капліца. А ў XVII стагоддзі магнаты з Польшчы ездзілі сюды лячыцца.

У 80-я гады мінулага стагоддзя традыцыя стала знікаць. Сёння пра яе памятаюць толькі некаторыя старажылы… Было б цудоўна гэта свята аднавіць, такога няма ва ўсёй Беларусі. Гэта ўнікальна.

І месца для яго правядзення прыгожае. Да возера з усіх бакоў вядуць дарогі, як прамяні сонца. У Боўсевічах раней была яшчэ і святая крыніца. І каля яе маліліся, каб потым ісці на возера.

Свята можа стаць усебеларускім. Кругляншчына, лічы, цэнтр Друцкага княства. Ад нас Друцк за 8 кіламетраў.

Каментары7

  • Улад
    11.12.2023
    У любым выпадку: гэты настаўнік - сапраўдны вучоны і патрыёт. І зрабіў ён вялікую і карысную справу для Беларусі. Алегу Галаўкову - мая павага. 
  • Бобр
    11.12.2023
    Улад, беларуская мова будзе жыць, пакуль ёсьць такія рупліўцы слова!!! Калі сабраць словы з кожнага раёна Беларусі і беларускіх земляў, то зразумеем, на колькі яна багатая, не горш, за іншых распаўсюджаных моў. Адзін прадмет, можа мець мноства сінонімаў, то ёсць багацьце мовы
  • Беларус
    11.12.2023
    Дзякуй, шаноўны спадар Алег, за Вашу працу

Цяпер чытаюць

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый2

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый

Усе навіны →
Усе навіны

Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў11

Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, Аляксандр Чарнуха4

«Жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці». У Аўстраліі з верталёта расстралялі да 700 каал2

У мінскай кавярні працуе робат-афіцыянт ВІДЭА

Беларуса ў Нідэрландах асудзілі на 12 гадоў турмы за забойства

Пяскоў назваў умову, пры выкананні якой вайна імгненна завяршылася б1

Былую жонку палітвязня, якая спявае песні Ганны Сялук, ушанавалі на «Песні года»4

Экспертка падзялілася лайфхакам, як атрымаць шэнген хутчэй і на больш працяглы тэрмін2

«Мы не губляем надзеі, хоць мы і не наіўныя». Радаслаў Сікорскі пра перспектывы свабоднай Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый2

33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць