«Трэба быць актывістам, каб да цябе прыйшлі». Чаму беларусы вяртаюцца з эміграцыі
Пасля 2020 года з Беларусі, паводле розных ацэнак, маглі выехаць да паўмільёна чалавек. Але, нягледзячы на рэпрэсіі, якія працягваюцца ў краіне, некаторыя беларусы праз пэўны час вяртаюцца дадому. Дзве падобныя гісторыі расказала Deutsche Welle.

«Жыць у страху — кепскае рашэнне»
IT-спецыяліст Андрэй (імя зменена) пражыў у Польшчы дзевяць месяцаў. Па словах суразмоўцы, і ён, і сям'я, даволі хутка асвоіліся ў новай краіне, але пасля таго, як мужчына страціў працу, вырашылі вярнуцца ў Беларусь.
«Рашэнне было складанае, таму што ўладкаваліся, злавілі кірунак і дастаткова сацыялізаваліся. Паваротным момантам стала звальненне», — расказвае Андрэй.
Мужчына адзначае, што ў іх быў выбар: заставацца дзеля «чагосьці» і выдаткаваць усе ашчаджэнні за час, пакуль ён будзе шукаць новую працу, або вярнуцца назад, захаваць заробленыя сродкі і ўкласці іх у куплю кватэры ў Беларусі.
«У цэлым, перспектывы працаўладкавання былі прывідныя, таму што я і мае калегі і без таго з вялікай цяжкасцю знайшлі працу, а на чужым рынку канкураваць складаней», — кажа мужчына.
Таксама, з ягоных слоў, новы польскі ўрад абяцаў расследаваць атрыманне беларусамі віз, ускладніць магчымасці для легалізацыі і атрымання іпатэкі.
«Ні Польшча, ні ЕС нас моцна не ўразілі. Вярнуліся з сям'ёй — родныя ўзрадаваліся, — адзначае Андрэй. — Жывецца лепш, чым у Польшчы. Беларусь мяне цалкам задавальняе ва ўсіх аспектах, акрамя палітычнага. На гэты момант не бачу сэнсу эміграваць куды-небудзь».
Мужчына кажа, што не баіцца за сваю свабоду, «як будзе — так будзе», а жыць у страху, па яго словах, «кепскае рашэнне».
«Думаў, што вайна можа перанесціся на нас»
Інжынер Ігар (імя зменена) выехаў у Польшчу вясной 2022 года. Да таго моманту там ужо знаходзілася яго дзяўчына, мужчына даўно планаваў паездку да яе, але з-за пачатку вайны ва Украіне пераезд прыйшлося паскорыць.
«Думаў, што вайна можа перанесціся на нас», — прызнаецца суразмоўца.
Беларус жыў і працаваў у Польшчы. У бытавым плане, паводле яго слоў, усё было добра, «хутка прывык, камфортна сябе адчуваў», таму што «менталітэт вельмі блізкі». А вось з працай было «нашмат складаней».
«У Беларусі я працаваў інжынерам, груба кажучы, насіў гальштук, а прыехаўшы туды, пайшоў на завод (рабочым. — Рэд.). Пад'ём а 4-й раніцы, кладзешся а 8-й вечара, каб неяк выспацца, яшчэ казалі працаваць па выхадных», — расказвае беларус.
Нейкі час Ігар працаваў на вытворчасці яхтаў, дзе даводзілася па 12 гадзін праводзіць у процівагазе і касцюме хімабароны.
Пасля беларус уладкаваўся дальнабойшчыкам, ездзіў, у асноўным, па Германіі. Спачатку праца яму падабалася: былі і нядрэнны заробак, і магчымасць падарожнічаць. Але пасля васьмі месяцаў маршруты пачалі паўтарацца, стала цяжка ўвесь час праводзіць у машыне.
«Я разумеў, што калі я звольнюся, то паехаць у Польшчу і пайсці на завод, на склад — так сабе рашэнне, мяне не моцна прыцягвалі такія ўмовы працы», — расказвае мужчына.
«Трэба быць актывістам, каб да цябе прыйшлі»
Ігар вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Суразмоўца прызнаецца, што пры перасячэнні мяжы «быў страх, што возьмуць тэлефон — і там нешта будзе», але ў выніку да яго не было ніякіх пытанняў.
На радзіме беларус даволі хутка знайшоў працу ў замежнай IT-кампаніі. У Польшчы ці Германіі ў гэтай сферы ён уладкавацца не мог з-за высокай канкурэнцыі і недастатковага вопыту, таксама не хапала ведаў польскай ці англійскай.
У Беларусі, са слоў Ігара, заробак у IT-спецыялістаў значна ніжэйшы, чым у Еўропе, але жыць на яго можна даволі камфортна: няма выдаткаў на арэнду жылля, прадукты таннейшыя.
Мужчына кажа, што за час ягонай эміграцыі ў Беларусі «мала што памянялася» і ён «нічога дрэннага тут не ўбачыў». Што тычыцца рэпрэсій у дачыненні да апанентаў улады, то, на думку Ігара, «трэба быць актывістам, каб да цябе прыйшлі».
«Затрымалі кагосьці, усе спачатку ў шоку. Але па выніку, калі пачынаюць разбірацца: ён рабіў фатаграфіі, выкладваў нешта ў інстаграм. Я не кажу, што ён гэта не можа рабіць. Проста ён вёў нейкую актыўную дзейнасць супраць улады, — разважае суразмоўца. — У мяне няма нідзе фатаграфій, я нідзе не пакідаў каментароў. Таму я разумеў, што ў цэлым я чысты, хоць я і хадзіў на мітынгі, і бацькі мае хадзілі».
Ігар кажа, што цяпер галоўны настрой у беларускім грамадстве — «абы не было вайны». Гэта адзінае, чаго баяцца людзі.
Мужчына прызнаецца, што хацеў бы павандраваць па свеце, але яшчэ раз наважыцца на эміграцыю, толькі калі пачнецца вайна:
«Калі я хацеў бы стварыць сям'ю, выхоўваць дзяцей, хацелася б, каб яны бачылі дзядуляў-бабуль. Вядома, калі пачнецца вайна, я буду рабіць спробы, каб з'ехаць, бо ваяваць не хочацца».
«Засталося адчуванне чужога горада». Беларусы-эмігранты расказалі, як рызыкнулі з'ездзіць на радзіму
«Яна забрала дзяцей і вярнулася ў Мінск»: гісторыя беларуса, які эміграваў у Барселону з сям'ёй, а застаўся адзін
«Настолькі яму было важнае святло ў родным акне». Як дзяўчына кранальна дапамагае беларусам-эмігрантам «вярнуцца» дадому
Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары