Біржавыя індэксы ЗША і даляр знізіліся на фоне атакі Трампа на кіраўніка Цэнтрабанка
Акцыі на біржах ЗША і даляр у панядзелак зноў істотна страцілі ў кошце. Аналітыкі і прэса звязваюць гэта з тым, што прэзідэнт Дональд Трамп зноў напісаў пост пра кіраўніка Федэральнага рэзерву, назваўшы яго «поўным лузерам» за тое, што той не зніжае працэнтныя стаўкі, піша Бі-бі-сі.

Трамп у сваёй сацсетцы чарговы раз у грубай форме заклікаў кіраўніка Федэральнай рэзервовай сістэмы Джэрома Паўэла «папераджальна» знізіць стаўкі ФРС — то-бок, зрабіць крэдыты таннейшымі. Трамп перакананы, што гэта падштурхне эканоміку.
«Эканоміка можа запаволіцца, калі містэр Занадта Позна, поўны лузер, не знізіць працэнтныя стаўкі неадкладна», — напісаў Трамп, паўтарыўшы свой заклік да Паўэла, з якім ён выступаў ужо некалькі разоў.
Федэральная рэзервовая сістэма выконвае ў ЗША функцыі цэнтральнага банка, а незалежнасць цэнтральнага банка ад выканаўчай улады лічыцца адной з умоў стабільнасці фінансавай сістэмы краіны і прадказальнасці яе грашовай палітыкі.
Імпульсіўныя рашэнні Трампа адносна імпартных пошлін ужо прывялі да падзення на амерыканскіх біржах, і яго канфлікт з Джэромам Паўэлам толькі дадае рынку нервовасці.
Індэкс S&P 500, які разлічваецца на аснове цаны акцый 500 найбуйнейшых кампаній ЗША, у панядзелак знізіўся прыкладна на 2,4%. З пачатку года ён страціў ужо каля 12%.
Індэкс Dow Jones у панядзелак страціў 2,5%, а з пачатку года — каля 10%.
Індэкс акцый высокатэхналагічных кампаній ЗША, Nasdaq, у панядзелак знізіўся больш чым на 2,5%, а з пачатку года гэтыя кампаніі ў сярэднім страцілі ў кошце каля 18%. Даляр і дзяржаўныя аблігацыі ЗША ў моманты нестабільнасці на фінансавых рынках звычайна лічацца надзейным прыстанішчам для капіталу, але ў другую эпоху Трампа вера ў іх таксама аказалася некалькі падарванай.
Індэкс даляра ў панядзелак апусціўся да самага нізкага ўзроўню з 2022 года, а з пачатку года ён страціў каля 11%.
Індэкс даляра — гэта сярэднеўзважаны курс адносна кошыка з шасці іншых валют, перш за ўсё еўра (больш за палову «вагі» ў кошыку).
Павысіліся і стаўкі па аблігацыях ЗША: інвестары хочуць атрымаць больш за тое, што рызыкуюць крэдытаваць Злучаныя Штаты.
У такой сітуацыі традыцыйна расце ў кошце золата. У панядзелак яно паставіла новы рэкорд — 3400 даляраў за унцыю.
Трамп крытыкаваў ім жа прызначанага Паўэла яшчэ ў свой першы тэрмін: ён ужо тады, паводле некаторых звестак, падумаў, як бы звольніць кіраўніка Федэральнага рэзерву. Цяпер ён пастаянна, з моманту абрання прэзідэнтам, заклікае Паўэла знізіць стаўкі.
Пасля ўвядзення Трампам імпартных пошлін Паўэл выступіў з папярэджаннем, што гэта можа прывесці да росту цэн і запаволення росту эканомікі ЗША.
Трамп на мінулым тыдні публічна заявіў, што Паўэла трэба звольніць, напісаў у сваёй сацсетцы: «Вызваленне Паўэла ад абавязкаў не церпіць адкладу».
Спроба адміністрацыі звольніць Паўэла была б спрэчнай з юрыдычнага пункту гледжання і выклікала б супраціў, улічваючы традыцыйную незалежнасць Цэнтрабанка. Сам Паўэл летась сказаў журналістам, што, на яго погляд, у прэзідэнта няма паўнамоцтваў на тое, каб яго звольніць.
Тым не менш, калі эканамічнага дарадцу Трампа Кевіна Хасета ў пятніцу спыталі, ці магчыма звальненне Паўэла, ён адказаў, што адміністрацыя вывучыць гэтае пытанне.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
Чаму? Выдаткі на юрыстаў занадта вялікія?