Іспанскія ўлады арыштавалі на востраве Маёрка пару, якую падазраюць у кантрабандзе, развядзенні і продажы праз інтэрнэт экзатычных відаў катоў, а таксама іншых рэдкіх жывёл, у тым ліку белых тыграў, пум і дымчастых леапардаў, паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на МУС Іспаніі.

Падчас ператрусу супрацоўнікі Грамадзянскай гвардыі Іспаніі выявілі ў горадзе Манакор на Маёрцы 19 прадстаўнікоў сямейства катовых, у тым ліку каракала, двух сервалаў і яшчэ 16 асобін гібрыдных парод. У ходзе аперацыі канфіскавана вялікая колькасць дакументаў, якія цяпер вывучаюцца.
Рэйд быў часткай шырэйшай аперацыі пад назвай «Котач», якая пачалася ў сакавіку мінулага года. Адзін чалавек ужо знаходзіцца пад следствам за продаж розных ахоўных відаў жывёл у інтэрнэце. У МУС сцвярджаюць, што выяўленне жывёл на Маёрцы было толькі вяршыняй айсберга глабальнай злачыннай арганізацыі, у якую ўваходзілі заводчыкі, кантрабандысты і ветэрынары.
«Большасць жывёл, выстаўленых на продаж, прыбылі з такіх краін, як Расія, Беларусь і Украіна, і былі кантрабандай увезены ў Еўрасаюз, — заявілі ў ведамстве. — Жывёлы таксама былі ўвезены ў ЕС праз мяжу Польшчы з Беларуссю і адтуль распаўсюджваліся па падробленых дакументах».
Як паведамляецца, пара актыўна вяла сацыяльныя сеткі, дзе размяшчала аб’явы пра продаж жывёл. На гэтыя аб’явы адгукаліся людзі з розных краін.
«Затрыманыя размяшчалі ў сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках аб’явы пра продаж белых тыграў, дымчастых леапардаў, рысяў, гіен, пантэр і пум. Высветлілася, што дымчасты леапард быў ацэнены ў 60 тысяч еўра».
Каты часова змешчаныя ў заапарку на Маёрцы. Пазней іх перавядуць у спецыяльны цэнтр недалёка ад Алікантэ. Высокі попыт на экзатычных катоў падсілкоўваецца сацыяльнымі сеткамі, але МУС Іспаніі адзначае, што гэтым жывёлам патрабуецца асаблівы догляд.
«Спробы разводзіць і трымаць гэтых катоў у якасці хатніх жывёл шырока распаўсюджаныя ў Расіі і Украіне, і гэтую тэндэнцыю пачалі пераймаць у іншых краінах. Гэтым відам патрэбна шмат месца. Акрамя таго, гэтыя віды вельмі агрэсіўныя і могуць уяўляць небяспеку для людзей або іншых жывёл, таму многія людзі ў выніку пазбаўляюцца гэтых асобін», — дадалі ў міністэрстве.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары