Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года
У той жа дзень дакумент выдалі Аляксандру Васілеўскаму, які служыць у дзявятым упраўленні ГРУ — «самым закрытым падраздзяленні Беларусі».

Пасля выхаду расследавання «Нашай Нівы» пра Гарбачова-Макавеева Вольга Сямашка ў «афіцыйнай заяве ад сям'і» адхіліла ўсе выстаўленыя абвінавачанні.
У сваім публічным допісе ў фэйсбуку журналістка заявіла, што інфармацыя пра працу на спецслужбы яе мужа — гэта помста ёй. Сямашка лічыць, што гэтым расследаваннем ёй адпомсцілі за працу над журналісцкім этычным кодэксам, а таксама «гэта помста аднаго дэтэктыўнага агенцтва за маю прафесійную дзейнасць».
«Датычна самога дакумента: ні пра якія пашпарты прыкрыцця нам нічога не вядома. Не супрацоўнічалі, не састаялі, не злівалі. … Доказаў няма, адныя домыслы і інсінуацыі, рэпутацыя мая ўстойлівая да розных накідаў», — падсумавала Вольга Сямашка.
Тым часам, як стала вядома «Нашай Ніве», у прыватных размовах з сябрамі, калегамі яна ўсё ж прызнавала існаванне другога пашпарта. Але сфармулявала новую легенду: што пашпарт мог аформіць нейкі сваяк, які працаваў у МУС, каб атрымаць па ім крэдыт. Пры гэтым той сваяк, сцвярджала яна, памёр у 2019 годзе.
«Наша Ніва» запытала ў Сямашкі імя і прозвішча таго сваяка. «Без каментароў», — адказала яна.
Між тым нам, дзякуючы падказцы аднаго з нашых чытачоў-афіцэраў, удалося выйсці на цікавы след у працяг нашага матэрыялу.
Грунтуючыся на ўласным вопыце, а таксама разуменні сістэмы, афіцэр у адстаўцы выказаў меркаванне, што ў Беларусі рэдка выдаюцца пашпарты прыкрыцця для агентаў-адзіночак. Маўляў, адзін чалавек мала што можа, і звычайна дакументы прыкрыцця даюць адразу некалькім членам канкрэтнай аператыўнай групы або вайскоўцам канкрэтнага падраздзялення, якія працуюць над пэўнай задачай.
Яшчэ раз прагаворым: пашпарты прыкрыцця не выдаюцца проста так, у запас. Яны патрэбныя для нейкай задачы, а пасля яе вырашэння пашпарты адбіраюць у агентаў, далучаюць да матэрыялаў справы і здаюць разам з ёй у архіў.
«Наша Ніва» папрасіла «Белпол» паведаміць нам канкрэтную дату выдачы пашпарта прыкрыцця Фёдара Гарбачова. Дакумент быў выдадзены 13 лютага 2018 года.
Пасля гэтага мы папрасілі знайсці ўсіх беларусаў, якія атрымалі пашпарт у той самы дзень, выбраць сярод іх паўналетніх і потым праверыць іх праз параўнанне твараў на прадмет таго, ці не з’яўляецца выдадзены ім 13 лютага 2018 года дакумент пашпартам прыкрыцця.
Адразу падкрэслім, што гэта доўгая ручная работа, якая не можа быць зроблена хутка. І яна працягваецца. Але ёсць ужо першая ж пераканаўчая знаходка.
«Белпол» знайшоў як мінімум аднаго чалавека, які атрымаў пашпарт прыкрыцця адначасова з «Віктарам Макавеевым».
Сапраўднае імя гэтага чалавека — Аляксандр Уладзіміравіч Васілеўскі, ён нарадзіўся 25 сакавіка 1984 года. Пашпарт прыкрыцця яму выдалі на імя Аляксандра Уладзіміравіча Краўчыка, які нібыта таксама нарадзіўся 25 сакавіка 1984.
Што вядома пра Аляксандра Васілеўскага? Праект Digital Intelligence Team знайшоў інфармацыю пра гэтага чалавека. Пачынаючы з 2006 года, ён служыў як мінімум у трох вайсковых часцях — 97030, 02102 і 11709.
Апошняе месца працы — в/ч 11709 (да 2016 года мела назву в/ч 51886). Пра гэту часць падрабязна расказвалі ў расследаванні тады яшчэ адзінага «Байпола» ў 2021 годзе. «Гэта самае закрытае падраздзяленне — дзявятае ўпраўленне ГРУ, на базе якога ў 2014 годзе было створана дыверсійнае спецпадраздзяленне для працы за мяжой», — тлумачыў Алег Талерчык.
Па яго словах, кожны супрацоўнік дзявятага ўпраўлення ГРУ праходзіць навучанне на вайскова-дыпламатычным факультэце Вайсковай акадэміі альбо ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі КДБ Беларусі. Падчас навучання студэнты ў дасканаласці авалодваюць дзвюма замежнымі мовамі — англійскай, а таксама мовай адной з заходніх краін-суседак.
Нагадаем, што ў Фёдара Гарбачова аднекуль ёсць выдатнае валоданне латышскай мовай. А цяпер, па словах калег па «Варгеймінгу», ён вывучыў яшчэ і літоўскую мову.
Сямашка не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што яе муж валодае латышскай мовай: «Гэта наша хобі, — патлумачыла яна ў фэйсбуку. — У нас нават расклад ёсць: хто якую мову вывучае».

Чытайце: Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка
Як выкарыстоўваў свой пашпарт прыкрыцця Васілеўскі? Невядома.
Пра яго ўвогуле мала інфармацыі ў даступных базах. Ёсць толькі факт, што праз тры месяцы пасля атрымання пашпарту прыкрыцця Васілеўскі на 10 сутак выязджаў ва Украіну па сваім асноўным дакуменце. Больш зафіксаваных у базах паездак за мяжу, прынамсі па асноўным пашпарце, у яго не было.
Пашпарт прыкрыцця ў Васілеўскага-Краўчыка такі ж чысты, як у Гарбачова-Макавеева. На яго не аформленая маёмасць ці юрыдычныя асобы, не зарэгістраваны нумары тэлефонаў ці транспарт, ён не ўладкоўваўся па ім на работу ў Беларусі.
Васілеўскі, які атрымліваў пашпарт прыкрыцця разам з Гарбачовым, кадравы афіцэр ГРУ. Гэта можа значыць, што і мужу журналісткі Сямашкі дакумент выдавала тое самае ведамства.
Калі «Нашай Ніве» стане вядома, якія яшчэ людзі атрымлівалі пашпарты прыкрыцця ў адзін дзень з імі, мы паведамім пра гэта.
Калі вы маеце падказкі для нас па гэтай ці іншых тэмах, пішыце рэдактару ў тэлеграм @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.
Калі вы цэніце тую працу, якую робіць «Наша Ніва», дапамажыце нам, пералічыўшы грошы праз Патрэон або перадаўшы Рэдакцыі іх любым іншым зручным для вас спосабам. Дзякуючы гэтаму мы зможам больш.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары