30 год таму дэпутаты апазіцыі галадоўкай спрабавалі спыніць аўтарытарызм Лукашэнкі
30 год таму, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, сілавікі Аляксандра Лукашэнкі збілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета ад апазіцыі БНФ проста ў зале паседжанняў. Напярэдадні дэпутаты абвясцілі галадоўку супраць ініцыятывы Лукашэнкі правесці рэферэндум аб змене сімволікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзідэнта распускаць парламент і эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. «Радыё Свабода» прыгадвае падзеі, якія перадвызначылі ход беларускай найноўшай гісторыі.

Лукашэнка абвяшчае рэферэндум
На пачатку 1995 года Аляксандр Лукашэнка, незадоўга да таго абраны прэзідэнтам Беларусі, агучыў ідэю рэферэндуму, вынікі якога паўплывалі на ўвесь далейшы ход беларускай гісторыі.
Відэааператар Сяргей Чырык зафіксаваў супрацьстаянне, якое імкліва нарастала паміж прэзідэнтам і ягонымі апанентамі. Кадры вясны 1995 года дэманструюць: пытанні, вынесеныя Лукашэнкам на рэферэндум, дэмакратычная супольнасць успрыняла як курс на адмову ад нацыянальных каштоўнасцяў і ўзурпацыю ўлады.
9 красавіка на прыступках будынка Вярхоўнага Савета, тагачаснага парламента, на вуліцы Карла Маркса, 38 у Мінску, куды потым пераехала адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты з Апазіцыі БНФ правялі сустрэчу з выбарцамі. Выступоўцы заявілі, што прэзідэнцкая ініцыятыва парушае Канстытуцыю і непазбежна прывядзе да расколу ў грамадстве. У наступныя дні людзі выходзілі на плошчу Незалежнасці, патрабуючы адмовіцца ад рэферэндуму.
Сваёй кульмінацыі напружанасць дасягнула 11 красавіка, калі Лукашэнка выступіў у Вярхоўным Савеце з прапановай плебісцыту па чатырох пытаннях:
- — Аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай
- — Аб замене герба «Пагоня» і бела-чырвона-белага сцяга новай сімволікай
- — Аб наданні прэзідэнту права распускаць парламент
- — Аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй
Нягледзячы на супраціў з боку апазіцыйных парламентароў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рэферэндум будзе праведзены ў любым выпадку — захочуць таго дэпутаты ці не.

Дэпутаты БНФ ідуць на галадоўку
У адказ на гэта блізу 19 апазіцыйных дэпутатаў (з больш чым 300 у Вярхоўным Савеце) абвясцілі галадоўку пратэсту.
«Выступіў Зянон Пазняк, сказаў, што вычарпаныя ўсе магчымасці змагання, таму мы абвяшчаем галадоўку тут і цяпер, — прыгадваў адзін з удзельнікаў галадоўкі Мікалай Крыжановскі. — Селі на прыступках каля трыбуны і праседзелі да канца паседжання. Не ведаю, што паўплывала на камуністычную большасць у Вярхоўным Савеце — ці захапленне ўчынкам, ці спачуванне, што мы рызыкуем. Але яны не падтрымалі ніводнага з прапанаваных Лукашэнкам пунктаў па рэферэндуме. Завалілі яму ўсю справу».
«Хаця канчатковае рашэнне пра пачатак галадоўкі было прынята ў апошнюю хвіліну, мы ставіліся да гэтай акцыі сур’ёзна і не збіраліся яе спыняць, пакуль не будуць выкананыя нашыя патрабаванні, — распавядаў у кнізе «Дзевяноста пяты» адзін з удзельнікаў тых падзей, а пасля журналіст Радыё Свабода Сяргей Навумчык. — Актывісты БНФ перадалі нам спальнікі, з буфета прынеслі некалькі пачкаў мінеральнай вады. Галадоўка пакуль асабліва не адчувалася, хаця стан быў нервовы — да нас паступала інфармацыя, што будзе ўжытая сіла. Пазняк папярэдзіў пра гэта старшыню Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба; спікер паабяцаў, што будзе трымаць сітуацыю пад кантролем».

Калі сесія скончылася, дэпутаты разышліся, засталіся толькі галадоўнікі. Увечары з’явіліся начальнік упраўлення прэзідэнцкай аховы Міхаіл Цесавец і начальнік службы аховы Вячаслаў Каралёў, якія заявілі: паступіў званок, што будынак замініраваны, усім тэрмінова пакінуць залу.
Дэпутаты адказалі, што застаюцца пад уласную адказнасць, гатовыя даць распіскі. Прыйшлі сапёры, нічога не знайшлі. Калі ідэя з замініраваннем не спрацавала, ахоўнікі зноў вярнуліся. Пачалі застрашваць, што ў непрацоўны час у Авальнай зале знаходзіцца нельга. Карэспандэнтку «Свабоды» Алену Радкевіч, якая адзіная з журналістаў апынулася ў дэпутацкай кампаніі, вывелі з залы і затрымалі. Слядам пачалі цягнуць дэпутата Барыса Гюнтэра, але калегі яго адбілі. Сілавікі нібыта супакоіліся і сышлі.
Сілавая спецаперацыя супраць дэпутатаў-галадоўшчыкаў
Аднак пасля поўначы пачуўся крык дэпутата Валянціна Голубева: «Пад’ём!», які паспеў папярэдзіць, што да іх рушаць вайскоўцы.
Вось як гэтыя падзеі апісваў удзельнік галадоўкі, дэпутат і галоўны рэдактар газеты «Свабода» Ігар Гермянчук:
«У залу ўвайшлі Цесавец, Каралёў і з імі невядомы чалавек у паўвайсковай форме (пазней я апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра «Альфы», потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі — С. Н.). «Вам даецца пяць хвілін, каб пакінуць памяшканне. Не губляйце часу», — заявіў Цесавец. Ад нас яны пачулі ранейшы адказ. Цесавец нахабна кінуў: «У вас засталося тры хвіліны». Пасля гэтага яны развярнуліся і пайшлі на выхад. Цесавец даў каманду, і ў момант расчыніліся ўсе дзверы — у залу ўварваліся прыкладна 200 чалавек: першымі да нас беглі грамілы ў чорных масках і цёмных камбінезонах, за імі — спецназаўцы ў шлемах, рэспіратарах і з дубінкамі, а па перыметры залы стаялі аўтамачнікі».
Дэпутаты селі ў прэзідыуме, сашчапіліся рукамі.

«Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы», — прыгадваў Ігар Гермянчук.
Сяргей Навумчык, які сядзеў за Пазняком, распавядаў пра збіццё лідэра БНФ з «асаблівай жорсткасцю»:
«Адзін «гарыла» ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазняка білі аб сцяну. Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджанняў рознай цяжкасці».
Унізе ўжо стаялі «варанкі». Закідалі па 5—6 чалавек на жалезную падлогу, сядзенняў не было. Міліцэйскі «бобік» спыніўся каля Палаца мастацтваў, дэпутатаў выкінулі проста на вуліцу. Была 3-я гадзіна ночы.
Раніцай пацярпелыя пайшлі з заявай на супрацьпраўныя дзеянні ў пракуратуру, адтуль — у паліклініку засведчыць пабоі. З 19 чалавек большая палова мела яўныя пашкоджанні: пухліны, сінякі, пісягі па ўсім целе. Найбольш дасталася Зянону Пазняку, якога білі нагамі ў твар і жывот, выціскалі вочы.
Спробы ідэнтыфікацыі нападнікаў
Ігар Гермянчук сарваў з аднаго нападніка маску. Той адразу закрыўся рукамі і ўпаў на падлогу, бо аператыўнікі ўсё здымалі на відэакамеры. Тое ж удалося і Зянону Пазняку.

Потым тыя запісы загадкавым чынам зніклі.
Пазней Генеральная пракуратура Беларусі выявіла ўдзел у сілавой аперацыі некалькіх сотняў узброеных людзей, але хто канкрэтна за гэтым стаяў, высветліць не здолела: служба аховы прэзідэнта ігнаравала афіцыйныя запыты і адмовілася прадставіць відэазапіс падзей.
«Краінай закіруе прэзідэнцкая хунта»
На наступны дзень, 12 красавіка, на хвалях Радыё Свабода прагучаў каментар народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава:
«Вельмі хацелася б памыліцца, згледзець усё як эпізод у няпростых калізіях палітычнага змагання на Беларусі, але, здаецца, памыліцца тут немагчыма. Тое, што адбылося ў апошнія дні, ёсць не што іншае, як прэлюдыя фашысцкага перавароту, калі група асоб учыняе крывавую лазню ў сценах парламента і захоплівае ўсю паўнату ўлады ў краіне. Але самае на ўвесь свет ганебнае ён [Аляксандр Лукашэнка] учыніў у парламенце, калі прымяніў сілу да жменькі непакорнай апазіцыі. Нават кішэнны, па сутнасці, паслухмяны і пракамуністычны Вярхоўны Савет стаў для яго перашкодай. Але перашкодай на шляху — куды? Вядома ж, для ўстанаўлення асабістай дыктатуры, каб «усур’ёз і надоўга». Сёння ён перамог рукамі «гарылаў» у чорных масках. Ужо пэўна, што ў Беларусі не будзе парламента, не будзе дэмакратычных выбараў, знікнуць рэшткі вольнай прэсы. Краінай закіруе прэзідэнцкая хунта, а як кіруе хунта — мы добра ведаем з нядаўняга вопыту. Беларусь падае яшчэ глыбей у прорву палітычна-эканамічнага крызісу, на выхад з якога страчваюцца апошнія спадзяванні».

Вынікам траўнёвага рэферэндуму стала не толькі паніжэнне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай ды адмова ад бела-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» як дзяржаўнай сімволікі. У 1996-м Аляксандр Лукашэнка правёў новы рэферэндум, распусціў Вярхоўны Савет і стварыў двухпалатны Нацыянальны сход, дзе ўжо не было апазіцыйных фракцый. Пасля 1995 года ў Беларусі не было выбараў, якія б міжнародная супольнасць прызнала вольнымі і дэмакратычнымі.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
«Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы», — прыгадваў Ігар Гермянчук.
Чытайце артыкул і глядзіце фота. Вось яны - сапраўдныя дэпутаты незалежнасьці.