«Мельнікава пазычала грошы актывістам у Варшаве і не прасіла вярнуць»
Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава нідзе не працавала ў Польшчы, але вяла даволі заможны лад жыцца, піша польскае выданне «Rzeczpospolita».

Анжаліка Мельнікава, хоць і не працавала ў Польшчы і не атрымлівала заробку (нават як кіраўнік фонду Belarus Liberty Foundation), у калег стварала ўражанне, што яна — заможны чалавек, піша выданне.
Як спікерка Каардынацыйнай рады яна нават стварыла ўласны прыз у 10 тысяч еўра для людзей, якія маюць новыя ідэі і хочуць рэалізаваць розныя праекты.
Яна адмовілася нават ад заробку, таму што ў арганізацыі крызісная сітуацыя і няма сродкаў, распавёў выданню намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Павал Латушка.
Паводле яго слоў, Мельнікава нават пазычала грошы некаторым беларускім апазіцыянерам у Варшаве і «не патрабавала вяртання».
— Пасля таго, як амерыканцы спынілі фінансавую падтрымку, яна ў студзені за свае грошы прафінансавала пасяджэнне Каардынацыйнай рады, прысвечанае злачынствам рэжыму Лукашэнкі, змагалася за прызнанне Каардынацыйнай рады іншымі краінамі і, выступаючы ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, патрабавала не прызнаваць Лукашэнку прэзідэнтам і прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам, — кажа Латушка.
Ён сцвярджае, што дзейнасць жанчыны «не выклікала ніякіх падазрэнняў».
Адкуль яна ўзяла грошы ў Польшчы? Мельнікава нібыта тлумачыла сваім сябрам, што гэта таму, што яе муж — праграміст, працаваў у Польшчы, добра зарабляў. Між тым, як распавядала Мельнікава, з мужам яна была ў разводзе.
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.
10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома.
14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.
Мельнікава рыхтавала сваё знікненне і маніпулявала атачэннем. Пакуль няясна, ці дзейнічала яна па камандзе з Мінска
Лявончык: Мельнікава вылецела ў Лондан і, не затрымліваючыся, вылецела з Лондана — гэта 100-працэнтна
Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу
Мельнікава прасіла, каб яе апошняе інтэрв'ю выйшла на некалькі дзён раней, чым планавалася
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
Сітуацыя там няпростая, як раней пісалі незалежныя СМІ: https://dm83h6yjc9rj7.cloudfront.net/364407