Таямнічае гняздо знайшлі ў лесе пад Старымі Дарогамі. Што гэта можа быць?
У маладым бары ў Старадарожскім раёне знайшлі гняздо — быццам бы занадта вялікае для птушкі, занадта акуратнае для жывёлы і занадта дзіўнае для чалавека, піша Onliner.by.

Былі розныя версіі, што гэта можа быць. Найбольш папулярная версія — вялікі мурашнік.
Адзін з чытачоў «Анлайнера», які прадставіўся былым інжынерам-лясным тэхнікам і лесніком па адукацыі, мяркуе:
— Гэтае «гняздо» размешчана ў лясных культурах (лесапасадка). Проста пад ім праходзіць баразна, у якой расце шэраг бярозы, злева ідуць шэрагі сасны. Культурам гэтым гадоў пяць-шэсць, меркаваць можна па кальчаках на сасне.
То-бок калі гэта мурашнік, то яму не больш за пяць-шэсць гадоў, і гэта сапраўды вялікі мурашнік для такога ўзросту.
Магчыма, мурашы пачалі яго будаваць вакол нейкіх галінак з іголкамі, і тыя з цягам часу праваліліся, у выніку чаго цэнтр выглядае як ямка.
У тэматычных чатах выказваліся здагадкі, што гэта кабан раскопваў, але кабаны так акуратна і глыбока не капаюць — там было б значна больш усяго разварочана. І што вельмі не падобна да мурашніка — гэта месца, дзе «гняздо» заканчваецца і пераходзіць у лясную падсцілку. У мурашніка пераход вельмі пакаты.

Таксама цалкам магчыма, што гэта месца, дзе падчас пасадкі лесу часова захоўвалі пасадачны матэрыял і прыкрывалі яго ігліцай ад падсыхання (прыкопка). Звычайна гэта выглядае інакш, але выдумшчыкаў хапае. Для ўдакладнення журналісты таксама звярнуліся да Вольгі Харытановіч, спецыялісткі па экатурызме і гіда Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».
— Гэта не гняздо нейкай наземнай гняздоўнай птушкі. Журавель — дакладна выключаецца, бо лес сасновы. Філін у нас можа гняздзіцца, але сам гнёздаў не будуе, таму малаімаверна, што ён нешта сабе такое стварыў. Балотная сава — не варыянт. Ды і ўвогуле, птушынае гняздо было б занята ці хаця б там можна было б убачыць рэшткі якой-небудзь ежы.
Калі шчыра, гэта больш падобна да таго, што нехта згубіў капу саломы — з вазка або трактара, напрыклад, звалілася. А потым яе ўжо выкарыстала нейкая жывёла як ляжанку, з-за чаго ў цэнтры і ўтварылася такая ямка. Падобныя гнёзды будуюць кабаны.
Яны, праўда, звычайна не настолькі акуратныя, больш раскіданыя, але бывае па-рознаму: радзільныя гнёзды могуць рабіць з галінак, складаць іх падобным колам і нават будаваць нешта накшталт даху, як у шалаша.
Што да здагадкі пра мурашнік — па фота цяжка сказаць, што гэта ён. У мурашніку наўрад ці могуць быць такія доўгія сцяблы, мурашы ўсё ж цягаюць палачкі карацей. З чыстай саломы яны сабе нічога не будуюць. А тут ні травы, ні якіх-небудзь іншых будаўнічых матэрыялаў — проста грубая капа спрасаванай саломы.
Увогуле, без вывучэння самога месца, дзе была зроблена знаходка, адназначныя высновы рабіць цяжка. Мяркую, што нейкая жывёла ў гэтай саломе ўсё ж ляжала. А хто канкрэтна — кабан, казуля ці, можа, мядзведзь — можна будзе зразумець толькі на месцы.
Ці ёсць нейкія сляды, наколькі гэта глухі ўчастак лесу, як блізка населеныя пункты, ці абламаныя побач сасонкі (тыя ж мядзведзі часта так робяць), у рэшце рэшт, чые экскрэменты вакол валяюцца: усе гэтыя дэталі маюць значэнне.
Такім чынам, канчаткова таямніца з'яўлення гнязда ўсё яшчэ не раскрыта.
Вольга Харытановіч напрыканцы выказала здагадку, што гэта можа быць і банальная паляўнічая ляжанка: у ёй было б даволі зручна чакаць здабычу, накрыўшыся ахоўнай тканінай.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары