Кіраўнік Латвійскай федэрацыі футбола: мы не можам арганізаваць турнір з удзелам Беларусі
Зборная Беларусі па футзале ўпершыню за 16 гадоў прабілася на чэмпіянат Еўропы, які павінен ўзімку прайсці ў Каўнасе і Рызе, але наша каманда можа не трапіць з-за наступстваў вайны ва Украіне.

У Літве мясцовае Мінспорту рэкамендуе адмаўляцца ад гульняў з прадстаўнікамі Беларусі і Расіі, як агрэсарамі, а таксама не дазваляць ім удзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі краіны. У Латвіі ж такія меры замацаваныя ў выглядзе дакладнай забароны на заканадаўчым узроўні.
Кіраўнік Латвійскай федэрацыі футбола Вадзім Лашэнка заявіў, што ЛФФ не можа арганізаваць турнір з удзелам Беларусі, піша Спорт Беларусі.
«Да канца гэтага тыдня або пачатку наступнага ў нас будзе дакладнае разуменне таго, як гэта будзе адбывацца. На дадзены момант шмат чаго невядома, бо відавочна: мы не можам арганізаваць мерапрыемства з удзелам Беларусі ў Латвіі — ні з пункту гледжання заканадаўства, ні з этычнага пункту», — заявіў Вадзім Лашэнка мясцовым СМІ.
«Пакуль працягваецца камунікацыя [з УЕФА, Літоўскай федэрацыяй футбола, паслом Украіны ў Латвіі і кіраўніком УАФ Андрэем Шаўчэнкам], і як толькі ў нас будзе выразная пазіцыя УЕФА, мы абавязкова праінфармуем грамадскасць», — сказаў футбольны чыноўнік.
Чэмпіянат Еўропы па футзале павінен прайсці з 20 студзеня па 6 лютага 2026 год ў Каўнасе і Рызе. У кастрычніку 2025 года пройдзе лёсаванне групаў.
Каментары