«Беларусаў фактычна выцеснілі з экспазіцыі сучаснай ідэалогіяй»: на Буйніцкім полі будуюць Музей Славы Магілёўшчыны
Пад Магілёвам на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» будуюць Музей Славы Магілёўскай вобласці. Дах музея будзе ў форме ордэна Айчыннай вайны, аднак паводле канцэпцыі ўстанова будзе прысвечана не толькі падзеям Другой сусветнай, але і даваеннаму і пасляваеннаму жыццю рэгіёна, і сучасным яго дасягненням, піша reform.news.

Здымачная група ТРК «Магілёў» зрабіла сюжэт пра ход будоўлі. Сам будынак ужо стаіць, робіцца ўнутранае аздабленне.
Напрыклад, цяпер мастакі афармляюць залы «Магілёў даваенны», «Магілёў у акупацыі».
У фае плануецца роспіс, прысвечаны тром бітвам — каля вёскі Лясная, Султанаўка і на Воінскім полі. Цікавы ход — узнавіць у інтэр‘еры тагачасныя будынкі. Напрыклад, у першай зале (усяго плануецца 16) пакажуць даваенны Магілёў, а мультымедыйнае абсталяванне узмоцніць пагружэнне ў атмасферу 1930-х гадоў. Дзякуючы чаму наведвальнікі, да прыкладу, змогуць у віртуальнай рэальнасці прагуляцца па даваенным парку Горкага. Або, апынуўшыся ў Магілёве 1940-га года, купіць білет на сеанс у кінатэатр «Родина». Эфект апускання ў мінулае будзе дасягацца з дапамогай праекцый і відэасюжэтаў на сценах.
Для будынкаў шукаюць сапраўдныя фрагменты архітэктуры, нешта ўзнаўляюць па старых фотаздымках.
Будуць узноўлены фрагменты Парка Горкага, кінатэатра «Родина», пяхотнага вучылішча, міжкраёвай школы НКУС/НКДБ. То-бок, паводле афіцыйнай канцэпцыі, рамантычная постаць курсанта на лавачцы ў парку і будынак школы НКУС адэкватна перадае атмасферу перадваеннага Магілёва.
Школа была створана ў 1939, пасля пачатку вайны частка выкладчыкаў і курсантаў была ўключана ў склад груп, якія фарміраваліся НКДБ БССР для працы ў тыле праціўніка. У далейшым такія групы паслужылі ядром партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР, курсанты школы прымалі ўдзел і ў абароне Магілёва ў ліпені 1941 года. Ваявалі яны ў складзе батальёна НКУС.
У 1944 працу Магілёўскай міжкраявой школы НКДБ СССР узнавілі, бо з‘явілася востая патрэба ў кадрах для удзелў ў чэкісцка-вайсковых аперацыях супраць антысавецкага падполля, якое разгарнулася ў розных раёнах Беларусі.
Апынуцца наведвальнікі змогуць не толькі ў мірным даваенным Магілёве, але і на дарозе з бежанцамі ў пачатку вайны, і нават у эпіцэнтры бою на Буйніцкім полі.

Журналісты папрасілі аднаго з беларускіх гісторыкаў пракаментаваць сюжэт тэлеканала:
«Уражанні толькі сумныя. У першую чаргу — выбар ключавых бітваў, якія будуць рэпрэзентаваныя ў экспазіцыі. Відавочна, што гэта ідэалагічны выбар на карысць «славы» рускай зброі. Беларускі сегмент ваеннай гісторыі тут проста ігнаруецца — няма магілёўскага паўстання 1661 года, бітвы на Басі, шматлікіх іншых сутыкненняў войскаў ВКЛ і РП з Маскоўскай дзяржавай на тэрыторыі рэгіёна. Беларусаў фактычна выцеснілі з экспазіцыі сучаснай ідэалогіяй.
Са словаў супрацоўнікаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, якія курыруюць праект, зразумела, што будзе аднаўляцца атмасфера 1930-х гадоў, і з нейкай прычыны ў экспазіцыю ўбудуюць фрагменты фасадаў будынкаў, якія і так існуюць у жывым выглядзе.
Для аздаблення чамусьці прывезлі ліштву з Мінскага рэгіёна, хоць на Магілёўшчыне, здаецца, свая яшчэ не закончылася.
Што да атмасферы 1930-х гадоў у Магілёве, думаю, што было б справядліва адлюстраваць у экспазіцыі таксама і яму каля мясакамбіната, дзе НКУС здзяйсняў масавыя растрэлы гараджан».
Каментары