Маладая акцёрка Коласаўскага тэатра зачапіла людзей сваім выказваннем пра беларускую мову
Ксенія Камінская раней працавала ў службе пратакола Лукашэнкі.

Тыкток-канал Vitebsk Live завітаў у беларускамоўны Коласаўскі тэатр у Віцебску, адзін з найстарэйшых тэатраў Беларусі, каб паглядзець, чым жывуць акцёры. Гаворка зайшла пра тое, што ў тэатры ўсё па-беларуску.
«Калі дрэнна ведаеш беларускую мову, імправізаваць складана. Так, мы на ёй працуем, усё разумеем, што гаворым. Але знайсці слова-сінонім, калі сваё нейкае забыў, маладому пакаленню, якое горш ведае беларускую мову, на рускай было б прасцей», — адказала маладая артыстка тэатра Ксенія Камінская.
У размову з парадай умяшаўся вядучы рэдактар тэатра Аляксандр Замкоўскі, які раней кіраваў літаратурна-драматычнай часткай:
«Таму кожны раз раю артыстам пачынаць размаўляць на беларускай мове за паўгадзіны да выхаду на сцэну. Мозг пераключаецца, і ты проста сам пераключаешся. Нехта робіць, нехта не робіць. Старым артыстам прасцей, маладым складаней», — адзначыў Замкоўскі.
«Бывала такое, што з майстрам увесь час гаворыш на беларускай мове, і ты, калі [пасля] гаворыш на рускай, [думаеш] — «як гэтае слова па-руску?» Тое ж самае бывае і тут, у тэатры. Калі ты стабільна месяц працуеш над спектаклем, то пачынаеш і ў жыцці аўтаматычна размаўляць па-беларуску. Зусім не спецыяльна, не каб выпендрывацца, што я магу размаўляць па-беларуску, а проста машынальна», — далучыўся да дыскусіі 21-гадовы Дзмітрый Філімоненкаў, які працуе ў тэатры з 2021 года.

Каментатараў пад відэа ў тыктоку абурыла, што акцёры беларускага тэатра не валодаюць мовай свайго народа і не карыстаюцца ёй у жыцці.
«Дык больш чытайце па-беларуску, больш размаўляйце. У чым праблема?»
«На маю думку, калі ты працуеш у беларускім тэатры, п'есы ставяцца на беларускай мове, і размаўляць павінен на беларускай як роднай мове, толькі ў гонар таго, што ты служыш у тэатры».
«Крыху страшна за тое, што такія размовы ў прынцыпе ўзнікаюць».
«Не разумею, чаму ўсім так руская мова салодкая, што сваёй цураюцца», — дадала праўладная блогерка Зоя Серада.
Хто гэтая акцёрка?
Дзяўчына ў відэа — 24-гадовая актрыса Ксенія Камінская, якая працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа з 2021 года. Камінская нарадзілася ў Вілейцы, вучылася ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, пасля працягнула вучобу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Камінская вядомая ў Віцебску блогерка, у яе акаўнце ў інстаграме больш за 180 тысяч падпісчыкаў, 100 тысяч з якіх, паводле яе слоў, яна зрабіла за два месяцы. У канцы мінулага года Камінская нават паўдзельнічала ў беларускім рэаліці-шоу «Фабрыка блогераў».
У шапцы профілю пазначана, што яна акцёрка тэатра, але нідзе не ўдакладняецца якога. Якія-небудзь допісы, зробленыя па-беларуску, у актрысы Коласаўскага тэатра мы адшукаць не змаглі.

Самая прыкметная дэталь біяграфіі Ксеніі Камінскай — праца ў службе пратакола адміністрацыі Лукашэнкі. 18-гадовая дзяўчына, апранутая ў народны строй, вітала высокіх гасцей хлебам-соллю, а таксама суправаджала афіцыйных асоб на мерапрыемствах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары