Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа
У 2014 годзе факультэт журналістыкі БДУ святкаваў 70-годдзе. Да юбілею быў падрыхтаваны стэнд з фотаздымкамі выпускнікоў розных гадоў, якімі журфак асаблівага ганарыўся. Паглядзелі, як па-рознаму склаўся лёс найбольш вядомых з іх.

Дзмітрый Шэпелеў
Свой зорны шлях Дзмітрый пачаў даволі рана. Яшчэ будучы дзевяцікласнікам, ён стаў вядучым праграмы «5х5» на БТ. Досвед аказаўся настолькі паспяховым, што хлопец паступіў на журфак. Студэнтам пачаў працаваць вядучым на «Альфа радыё».
Ну а далей панеслася. Шэпелева клікалі быць вядучым у розных шоу не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і Украіне. Дарэчы, у 2012 годзе ён разам з Уладзімірам Зяленскім вёў шоу «Чырвонае ці чорнае» на канале «Інтэр».

Але найбольшую знакамітасць беларусу прынесла каханне з расійскай спявачкай Жаннай Фрыске, якая памерла ад анкалогіі. Сёлета Дзмітрый выпусціў кнігу «Жанна», прысвечаную каханай.
Дзмітрый ажаніўся ў трэці раз — яго абранніцай стала дызайнерка Кацярына Тулупава. На момант шлюбу яны абое мелі дзяцей, якія былі аднагодкамі. У 2021 годзе ў сям’і нарадзілася яшчэ адно дзіця — сын Ціхан.
Цяпер Шэпелеў актыўна займаецца прадзюсаваннем — у яго дзве кампаніі. Ён плануе развіваць дзіцячы кантэнт. Напрыклад, у мінулым месяцы стартаваў другі сезон яго праекта «Спатканне з прычэпам», у якім дзеці шукаюць новае каханне сваім самотным бацькам.
Дзіма Банчынча (Шашалевіч)
Дзмітрый паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ ў 2008 годзе. Але сваё жыццё ў выніку вырашыў звязаць не з працай у СМІ, а з танцамі, якімі займаўся з 15 гадоў.
У 2017 годзе Дзмітрый стаў удзельнікам папулярнага шоу «Танцы» на расійскім тэлеканале ТНТ. Ён таксама быў адным з заснавальнікам першага ў Расіі вог-дома Bonchinche.

Цяпер Дзіма выкарыстоўвае псеўданім Bonchinche. Ён жыве ў Расіі, працягвае займацца танцамі (пераважна кірункамі vogue і house dance), праводзіць майстар-класы па ўсім свеце. Таксама Дзіма выступае і як DJ.
Аляксандр Чарнуха
Вядомы па музычных аглядах на Ultra-music і рэпартажах з беларускай правінцыі на «Анлайнеры», журналіст Аляксандр Чарнуха пасля падзей 2020 года выехаў з Беларусі.

Ужо за мяжой Аляксандр выдаў свой дэбютны раман «Свінні». Ён казаў, што кніга — адказ яго арганізма на падзеі, што адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе, пачынаючы са жніўня.
Таксама Аляксандр вядзе адмысловы ютуб-канал «Міністэрства сепультуры», прысвечаны беларускай музыцы. А нядаўна пабачыла свет другая кніга Аляксандра, якая называецца «Гвалт».
Яўген Булка
Прафесійны лёс Яўгена Булкі быў паспяховым. Ён працаваў на тэлебачанні, здымаўся ў кіно, вёў мерапрыемствы рознага ўзроўню.

У 2020 годзе шоумен падтрымаў пратэстоўцаў, за што яго звольнілі з працы. Потым разам з сям’ёй пераехаў у Ізраіль. Там спрабаваў працаваць у самых розных сферах: быў рабочым на заводзе электронікі, санітарам у клініцы пластычнай хірургіі, памочнікам кухара, грузчыкам.
Пасля абвастрэння сітуацыі ў Ізраілі сям'я пераехала ў Дубай. Цяпер Яўген ізноў працуе вядучым і праводзіць мерапрыемствы па ўсім свеце. Летась, напрыклад, паказваў, як праводзіў інтэрнацыянальнае вяселле ў пустыні.
Святлана Ананіч (Ісаёнак)
Святлана Ісаёнак скончыла Інстытут журналістыкі ў 2013 годзе. Яна была старастай групы, актыўна ўдзельнічала ва ўсіх універсітэцкіх мерапрыемствах. Яна таксама ўзначальвала прэс-службу Студсаюза.
У 2016 годзе дзяўчына пабралася шлюбам з Андрэем Ананічам — сынам тагачаснай міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч. У 2020 годзе Святлана імкнулася паводзіць сябе ў сацыяльных сетках максімальна асцярожна. На шырокую аўдыторыю рабіла выключна нейтральныя пасты.

Але пасля Святлана ездзіла на праўладныя аўтапрабегі, выступала ў школах разам з прапагандыстам Мукавозчыкам і працягвала рабіць кар'еру ў «Советской Белоруссии».
Мікіта Найдзёнаў
Мікіта Найдзёнаў — беларускі паэт і музыка, былы франтмен гурта Hurma, а таксама аўтар шэрагу песень розных артыстаў. У 2015 годзе атрымаў прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».
У 2023 годзе яго затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнавала Найдзёнава палітвязнем.

У выніку Мікіце прысудзілі тры гады «хатняй хіміі», але ён змог уцячы ў Польшчу. На новым месцы беларус працягвае займацца творчасцю — нават правёў свой паэтычны стэндап.
Святлана Ціханава
Святлана Ціханава каля дзесяці гадоў адпрацавала на АНТ. У 2020 годзе ўзначаліла дырэкцыю інтэрнэт-праектаў. У той час яна раздавала ідэалагічныя інтэрв’ю, але і прасіла зразумець знаёмых, як маральна складана працягваць працаваць на АНТ.
Яе праца скончылася выпадкова. Праз сайт знаёмстваў Святлана знайшла расейскамоўнага жаніха ў Аўстраліі і пераехала да яго. Кватэру ў Мінску таксама прадала.

Цяпер Святлана жыве ў Брысбене і працуе ў найбуйнейшай у свеце горназдабыўнай кампаніі BHP на пазіцыі project support. Яна робіць прэзентацыі і відэа для карпаратыўнага партала, піша тэксты.
Алеся Кузьмінава
Падчас вучобы ва ўніверсітэце Алеся Кузьмінава ездзіла па праграмах абмену ў Швецыю і любіла вандраваць. Знаёмыя лічылі яе даволі прагрэсіўнай дзяўчынай, якая паспела пажыць у Еўропе. Таму шмат каго здзівіла, што ў выніку маладая жанчына пачала распаўсюджваць наратывы беларускай прапаганды.

Цяпер Алеся Кузьмінава — загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання журфака БДУ. Вядомы выпадкі, калі ў 2020-м выкладчыца ціснула на студэнтаў, якія адкрыта выказвалі сваю пазіцыю аб тым, што адбываецца ў краіне, пагражала адлічэннем. У 2022-м Кузьмінава, кажуць, прымушала студэнтаў галасаваць на рэферэндуме.
А ў 2023-м знялася ў мастацкіх сцэнках прапагандыскага фільма АНТ пра «тэракт» на 9 Мая.
Даніла Гаркавы
Даніла Гаркавы скончыў журфак БДУ ў 2014 годзе. Падчас пандэміі каранавіруса ў Беларусі ён быў валанцёрам ініцыятывы ByCovid19.

У лістападзе 2020 года Данііл далучыўся да Офіса Святланы Ціханоўскай, дзе стаў кіраўніком аддзела замежных сувязяў. Там працаваў да нядаўняга часу — днямі ён аб’явіў, што пакідае каманду.
Ігар Тур
На журфак БДУ правінцыйны хлопец (Ігар рос у пасёлку Першамайскі, што за 10 кіламетраў ад Ліды) паступіў, каб стаць спартыўным журналістам. Але ж у выніку абраў шлях прапагандыста.

На АНТ Тур прыйшоў у 2014 годзе. У прэзідэнцкім пуле працуе з 2017-га. А зорны час яго надышоў пасля выбараў 2020 года.
Лукашэнка адданасць Тура цэніць — і нярэдка вылучае Ігара падчас сваіх паездак. За сваю працу на лукашэнкаўскую прапаганду Тур трапіў пад санкцыі ЕС, Канады і Швейцарыі.
Наталля Стэльмах
Наталля Стэльмах была адной з зорак лукашэнкаўскага пулу. На АНТ яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах наменклатуры.

Яна рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020, а таксама рэферэндуму. Але раптам кінула працу на АНТ і са сваім партнёрам перабралася ў Мексіку. Цяпер зарабляе там на арганізацыі рэтрытаў, падчас якіх пад кіраўніцтвам шамана людзі спажываюць наркатычныя грыбы.
Канстанцін Каверын
Некалі Канстанцін Каверын вёў забаўляльныя праекты на БТ, пасля — працаваў вядучым на радыё Unistar. Шмат хто яго ведаў і як голас барысаўскага стадыёна БАТЭ.

Але ж у 2020 годзе ён не збаяўся праявіць пазіцыю: асуджаў гвалт сілавікоў, абураўся катаваннямі на Акрэсціна, захапляўся стойкасцю беларускіх жанчын. Праз палітычную пазіцыю Каверын страціў працу на радыё і ў БАТЭ.
У 2022 годзе Канстанцін Каверын пераехаў у Варшаву, дзе цяпер вядзе разам з Марынай Ментусавай ютуб-шоу «Звычайная раніца» і «Звычайны вечар».
Дзмітрый Сіняўскі
Калісьці Дзмітрый Сіняўскі працаваў у віцебскай абласной газеце «Народнае слова» намеснікам адказнага сакратара, быў начальнікам аддзела камп'ютарнай вёрсткі. Пасля — у Выдавецкім цэнтры БДУ, дарос там да намесніка кіраўніка. Потым стаў старшым выкладчыкам кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі на журфаку БДУ.

Але запомніўся ён найперш дзікімі вокладкамі прапагандысцкай газеты «Мінская праўда» (Сіняўскі займаецца вёрсткай у газеце). Адна з самых рэзанансных — карыкатура на каталіцкіх святароў са свастыкай, якая выйшла ў верасні 2021-га.
Сваім дызайнам Дзмітрый ганарыцца і кожную вокладку публікуе ў фэйсбуку. Там жа завочна спрачаецца з тымі, хто супраць Лукашэнкі, і пагражае Еўропе.
Мікіта Мелказёраў
За дзесяць гадоў Мікіта Мелказёраў прайшоў вялікі шлях ад журналіста «Анлайнера» да аднаго з самых вядомых беларускіх інтэрв'юераў. Да таго ж, перайшоў на беларускую мову.

А вось што Мікіта сам распавядаў пра сябе на адным са сваіх YouTube-каналаў: «Я з тых, каго называюць неймавернымі ці неафітамі. І так, да 2020-га мне было даволі роўна, што там адбываецца з краінай. Цяпер я адкрываю ў сябе здольнасці ганарыцца беларускай мовай і кайфаваць ад яе ўжывання і гучання. А таксама, адчуваць нейкую моц ад новых ведаў па гісторыі сваёй краіны».
Цяпер на самы вядомы праект Мікіты — YouTube-канал «Жыццё-маліна» — падпісана больш за 100 тысяч чалавек.
Воля Чайкоўская
Воля Чайкоўская ў 2014 годзе дэбютавала як рэжысёр, зняўшы кароткаметражку Common Language. У 2018-м пераехала ў Эстонію. Яна прадзюсавала такія стужкі, як «Ёгі» Максіма Галамідава, «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, «Мая бабуля з Марса» Аляксандра Міхалковіча і іншыя.

У 2024-м годзе Чайкоўская анансавала свой першы поўнаметражны фільм пад працоўнай назвай «Жонка вось такога», паралельна яна займаецца прадзюсаваннем карціны 72 Hours рэжысёркі Ганны Саўчанкі.
Воля таксама з’яўляецца дырэктаркай кінафестывалю «Паўночнае ззянне».
Павел Якубовіч
Павел Якубовіч узначальваў газету «Советская Белоруссия» 23 гады. У 2018-м Лукашэнка нарэшце змяніў кіраўніка прапагандысцкага холдынгу. Якубовіч тады казаў, што сам прасіў аб адстаўцы, бо здароўе ўжо не дазваляе шмат працаваць.

У 2020 годзе Павел Якубовіч крытычна выказаўся пра тое, што адбывалася ў краіне. Ён лічыў памылкай прызначэнне Качанавай на вялікі пост, прызнаваў, што на вуліцы Мінска супраць вынікаў выбараў выходзіла 200 тысяч незадаволеных.
Крытыкаваў Якубовіч і дзяржаўныя СМІ: «Зладзействам я лічу арганізацыю карцінкі для Лукашэнкі, паказушніцтва, што ўсё выдатна, толькі наперад! Тое на ўзлёце, гэтае на пад’ёме! Аляксандра Рыгоравіча гэта ўкалыхала, крывое люстэрка стала здавацца рэальнасцю. СМІ перасталі выконваць нават прапагандысцкую ролю, а сталі працаваць на шкоду дзяржаве. Моладзь адвярнулася, а сталыя людзі зняверваюцца ў тым, у што яны яшчэ верылі».
Беларускае тэлебачанне 90-х: узгадваем яркія праекты і папулярных вядучых
Выкладчыца журфака БДУ: Многія маладыя людзі пераходзяць на беларускую мову, калі няма чаго сказаць арыгінальнага
«Не ведаю, колькі я яшчэ вытрымаю пісаць пра намалоты і механізатараў». Як цяпер вучацца на журфаку БДУ
А вы ведалі, што ў Ігара Тура ў дыпломе стаіць чатыры па дзесяцібальнай па паліталогіі?
Каментары