Беларускі фатограф два гады ляжыць пасля кавіду і цяпер зусім страціў сон
Былы фатограф «Камсамольскай праўды» Павел Марцінчык трапіў у складаную сітуацыю, якую ён апісаў у сваім фэйсбуку.

У кастрычніку 2023 года Павел захварэў на кавід і стаў ляжачым. У маі мінулага года ён упершыню падзяліўся сваёй сітуацыяй.
Зараз стан не надта палепшаў.
«Сябры, вы, напэўна, чыталі мой пост пра посткавід і пра тое, што ўжо паўтара года я ў ляжачым стане, з якіх 9 месяцаў быў цалкам прыкаваны да ложка і амаль не мог варушыцца. Кавід пранік у мозг і выклікае запаленне ў ЦНС. Я спаў дзякуючы нейралептыкам — яны працавалі.
У сакавіку, як я пісаў, мне стала лепш, і я магу хоць неяк рухацца і крыху абслугоўваць сябе, але сіл вельмі мала. Але цяпер у мяне новая праблема. Вясёла жыць, аднак:) Нейралептыкі перасталі дзейнічаць, снатворнае трэба піць у велізарных дозах, каб я спаў, але я не хачу гэтага рабіць. Мы з псіхатэрапеўтам падабралі адну схему… яна працуе. Ну як працуе: я сплю недзе па 2,5—3,5 гадзіны на суткі. Гэта працягваецца ўжо 3 тыдні. Прэпаратаў, якія б сапраўды дапамаглі і далі мне паўнавартасны сон, няма. Увогуле. Зусім. Ніводнага», — піша Павел.
Ён зазначае, што кожны дзень пражывае ў пакутах не толькі ад бездапаможнасці, але і ад недахопу сну.
«Паляпшэнне ў сакавіку было як цуд, і я раптам паверыў, што змагу выбрацца. Але па пэўных прычынах мяне на месяц адкінула назад — з-за пяску ў нырках і каменьчыка, які вырашыў выйсці, я, відаць, атрымаў інтаксікацыю арганізма і «прыемны» бонус да свайго стану ў выглядзе нічым не здымных галаўных боляў на працягу месяца, поўнай агіды да ежы, абсалютнай немагчымасці глядзець у манітор ці нешта слухаць. І, вядома ж, я стаў спаць у сярэднім па 3 гадзіны (гэта адзін з сімптомаў кавіду — дрэнны сон). Праз месяц паступова ўсе сімптомы інтаксікацыі прайшлі. Стала лягчэй. Цяпер магу есці, патроху глядзець фільмы. Перастала балець галава. Але сон працягласцю ў 3 гадзіны зводзіць з розуму. Я быццам паддоследны трусік. У доследзе на тэму «Колькі чалавек можа вытрымаць здзек з сябе»», — дзеліцца бядой мужчына.
«Чаму пішу менавіта зараз? Накапілася. Стаміўся. Хочацца выказацца. І, відаць, гэтыя 3 тыдні — толькі пачатак маіх недасыпаў. Што будзе далей? Мне так хочацца назваць імёны дактароў, якія па-свінску паставіліся да мяне падчас хваробы. І яшчэ, у дактароў, парынамсі ў маім выпадку, калі ўсе аналізы ў норме, ёсць такая «фішка» — яны чамусьці адразу накіроўваюць у неўралогію. Я ім кажу: з-за доўгага ляжання я страціў мышачную масу — гэта нармальна (у сэнсе, так і павінна быць).
Мяне агледзела столькі неўролагаў з розных бальніц, што не палічыць! І ўсё роўна — новая камісія або новы доктар, калі нічога не знаходзіць, — накіроўвае да неўролагаў. Які ж гэта ідыятызм.
Але калі я раптам згадаў у размове, а можа ў мяне СХС (сіндром хранічнай стомленасці), то на мяне глядзяць вачыма іды… Ну вы зразумелі. Калі я пытаю: а можа, кавід, як пішуць у аўтарытэтных медыцынскіх выданнях, такіх як Lancet і інш., можа гадамі заставацца ў целе чалавека, ствараць інфекцыйнае поле і псаваць жыццё — на мяне пачынаюць ледзь не крычаць. Маўляў, хто ты такі? Які кавід?!
Вось так і працягваюцца мае пакуты. Дактары накіроўваюць мяне да неўролагаў, дыягназу СХУ / міалгічны энцэфаламіэліт у нашай краіне, як я зразумеў, няма. Вось і застаўся я адзін на адзін са сваёй хваробай. Ляжачы, які спіць па 3 гадзіны, і дапамогі чакаць няма адкуль. Толькі час».
«Стаміўся ўжо скардзіцца. Але, паверце, часам вельмі хочацца выказацца. Гэта здымае ўнутранае напружанне. І, вядома, я шукаю падтрымку. Для мяне гэта як глыток свежага паветра. Што будзе далей — паняцця не маю. Дзякуй, што дачыталі», — заключыў Павел.
Каментары
Миалги́ческий энцефаломиели́т, болезнь системной непереносимости нагрузок — это тяжёлое хроническое системное заболевание, при котором нарушается работа иммунной, сердечно-сосудистой, нервной, гормональной и других систем организма, сопровождающееся синдромом хронической усталости. Основной симптом болезни — это постоянная усталость, которая не проходит даже после долгого отдыха.
Относится к категории послевирусных синдромов.