У Беларусі з Fanta знік натуральны сок — цяпер толькі араматызатары і фарбавальнікі
Апельсінавая Fanta больш не змяшчае нават малой долі соку. Замест звыклай маркіроўкі «Fanta апельсін» (у складзе было 3% соку) на паліцах з’явілася «Fanta са смакам апельсіна» — без граму сапраўднага фрукта. Яго замянілі араматызатары і фарбавальнікі, піша Blizko.by.

Параўнаўшы склады, пакупнікі звярнулі ўвагу, што ў абноўленай версіі напою рэзка ўзрасла колькасць вугляводаў — з 8 да 13,4 грама на 100 мл.
Візуальна Fanta таксама змянілася: у напою стаў іншы колер. Пакуль у крамах можна знайсці абедзве версіі, але карыстальнікі сацсетак баяцца, што хутка натуральны варыянт канчаткова знікне, як гэта ўжо адбылося з апельсінавым сокам Rich.

Той быў заменены на нектар — прадукт з доляй соку ў 50% і ніжэй, фактычна разбаўлены вадой. Пры гэтым новая версія каштуе нават даражэй за ранейшы сок.
На заводзе «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», які выпускае як сокі Rich, так і напоі Fanta, тлумачылі тое, што адбываецца, пераглядам асартыменту «ў адпаведнасці са спажывецкімі трэндамі».
Каментары